ПРАВО - Законодательство Республики Беларусь
 
Реклама в Интернет
"Все Кулички"
Поиск документов

Реклама
Рассылка сайта
Content.Mail.Ru
Реклама


 

 

Правовые новости


Новые документы


Авто новости


Юмор




по состоянию на 25 января 2005 года

<<< Главная страница | < Назад


Зацверджана
                                         загадам Мiнiстра адукацыi
                                         Рэспублiкi Беларусь
                                         ад 28 чэрвеня 1993 г. N 203
					Дзяржаўная рэгiстрацыя.
№ 80/12 ад 03.11.1993 г.




                        ПРЫКЛАДНАЕ ПАЛАЖЭННЕ
                    АБ АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЙ ШКОЛЕ

     Агульнаадукацыйная       школа       Беларусi        з`яўляецца
навучальна-выхаваўчай  установай,  якая  ажыццяўляе сваю дзейнасць у
адпаведнасцi з Законам "Аб адукацыi ў Рэспублiцы  Беларусь",  iншымi
актамi заканадаўства i гэтым Палажэннем.
     Вядучымi прынцыпамi  яе   дзейнасцi   з`яўляюцца   даступнасць,
навуковасць, адзiнства нацыянальнага i агульначалавечага ў навучаннi
i выхаваннi,  дэмакратычнасць,  гуманнасць, варыятыўнасць вiдаў школ
па  зместу  адукацыi  i  арганiзацыi навучальна-выхаваўчага працэсу,
фiнансавая i юрыдычная самастойнасць.
     Агульнаадукацыйная школа  -  асноўнае  звяно сiстэмы непарыўнай
адукацыi.

                          I. ЗАДАЧЫ ШКОЛЫ

     1. Задачай агульнаадукацыйнай школы Беларусi - фармiраванне  на
аснове  раскрыцця i рэалiзацыi магчымасцей вучня адукаванай,  высока
маральнай,  усебакова развiтой асобы,  гатовай актыўна дзейнiчаць як
раўнапраўны  i  роўнаадказны член грамадства,  аднаўленне i развiццё
iнтэлектуальнага  i   духоўнага   патэнцыялу   беларускага   народа,
адраджэнне    яго    нацыянальнай    самасвядомасцi,    прагрэсiўных
культурна-гiстарычных традыцый.

     2. Агульнаадукацыйная школа  рэалiзуе  ствараемыя  дзяржавай  i
грамадствам магчымасцi для атрымання кожнай асобай агульнай сярэдняй
адукацыi,   фармiравання    навуковага    светапогляду,    засваення
нацыянальных     i    агульначалавечых    каштоўнасцей,    выхавання
грамадзянскай  пазiцыi,  фiзiчнага   i   маральнага   ўдасканалення,
бесперапыннай адукацыi.
     Змест i  формы  арганiзацыi  навучальна-выхаваўчага  працэсу  ў
кожнай   агульнаадукацыйнай   школе  павiнны  спрыяць  задавальненню
нацыянальна-культурных запытаў вучняў,  развiццю  iх  здольнасцей  i
iнтарэсаў,  фармiраванню  гатоўнасцi  да самастойнага жыцця i працы,
свядомай адказнасцi за свае ўчынкi i паводзiны.

     3. Школа i  сям`я  будуюць  свае  ўзаемаадносiны  на  прынцыпах
супрацоўнiцтва,  адкрытасцi  i  нясуць адказнасць перад дзяржавай за
навучанне i выхаванне дзяцей.
     У правядзеннi   навучальна-выхаваўчай   работы,  ахове  здароўя
дзяцей,   развiццi   iх   талентаў   i    здольнасцей,    умацаваннi
матэрыяльна-тэхнiчнай  базы  школа  ўзаемадзейнiчае  з пазашкольнымi
ўстановамi,  працоўнымi  калектывамi  прадпрыемстваў,   арганiзацый,
кааператыўных  i  акцыянерных  аб`яднанняў,  а  таксама з установамi
аховы  здароўя,  культуры,  спорту,   добраахвотнымi   таварыствамi,
творчымi саюзамi i сродкамi масавай iнфармацыi.

     4. На   аснове   гэтага   Палажэння   агульнаадукацыйная  школа
распрацоўвае свой статут,  у якiм вызначаюцца нормы i правiлы  жыцця
калектыву  з улiкам яго асаблiвасцей i перспектыў развiцця,  правы i
абавязкi   членаў   школьнага   калектыву.   Статут    зацвярджаецца
канферэнцыяй  школьнага  калектыва i рэгiструецца аддзелам адукацыi.
Гэты    статут    не     можа    абмяжоўваць    правы    ўдзельнiкаў
навучальна-выхаваўчага працэсу.

                     II. ВIДЫ I СТРУКТУРА ШКОЛЫ

     5. У  залежнасцi  ад адукацыйных запатрабаванняў насельнiцтва i
рэгiянальных  асаблiвасцей   могуць   стварацца   агульнаадукацыйныя
школы розных ступеняў i вiдаў.
     Для дзяцей з недахопамi разумовага i фiзiчнага развiцця  могуць
адкрывацца   спецыяльныя   школы   (школы-iнтэрнаты)   цi   класы  з
арганiзацыяй карэкцыйна-рэабiлiтацыйных заняткаў.
     Для дзяцей  з  неспрыяльнымi  ўмовамi  выхавання ў сям`i могуць
стварацца  агульнаадукацыйныя  школы-iнтэрнаты,   для   аздараўлення
хворых дзяцей - санаторныя школы-iнтэрнаты.
     З мэтай  далейшага  паляпшення  грамадскага  выхавання  дзяцей,
узмацнення  дапамогi  сям`i  ў  iх  навучаннi i выхаваннi па жаданню
вучняў i iх бацькоў пры наяўнасцi адпаведных умоў рашэннямi мясцовых
Саветаў   народных   дэпутатаў  могуць  адкрывацца  школы  цi  групы
прадоўжанага дня i прышкольныя iнтэрнаты.
     Для задавальнення iндывiдуальных патрэбнасцей вучняў,  развiцця
iх  здольнасцей  i  iнтарэсаў  могуць  стварацца  школы  (класы)   з
паглыбленым  вывучэннем  асобных прадметаў,  школы з ухiламi i iншыя
навучальныя   ўстановы,   якiя   працуюць   па   вучэбных    планах,
зацвярждаемых Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.
     У асобных выпадках дазваляецца  атрыманне  адукацыi  ў  парадку
экстэрната,   умовы   якого   вызначаюцца   Мiнiстэрствам   адукацыi
Рэспублiкi Беларусь.
     Агульнаадукацыйныя школы  ўсiх  ступеняў  i  вiдаў адкрываюцца,
рэарганiзуюцца i лiквiдуюцца рашэннямi выканкамаў  мясцовых  Саветаў
народных дэпутатаў, якiя ствараюць умовы для дзейнасцi школ.

     6. Структура школы адпавядае тром  узроставым  этапам  развiцця
дзiцяцi: дзяцiнства - I-я ступень (падрыхтоўчы, 1 - 3(4*)-я класы);
         малалецтва - II-я ступень (4(5*) - 9-я класы);
         юнацтва    - III-я ступень (10 - 11(12*)-я класы).
     Агульнаадукацыйныя школы  функцыянiруюць у складзе  адной або ў
спалучэннi дзвюх цi трох ступеняў - пачатковая школа (падрыхтоўчы, 1
- 3(4*)-я  класы);  базавая  школа  (падрыхтоўчы,  1  -  9-я класы);
сярэдняя школа (падрыхтоўчы, 1 - 11(12*)-я класы). 

     7. Школа  першай  ступенi  забяспечвае  развiццё  асобы  вучня,
фармiраванне  яго  першапачатковых  поглядаў  на прыроду,  чалавека,
грамадства ў асноўным на  матэрыяле  культурна-гiстарычнай  спадчыны
роднага краю.
     У пачатковай школе вучнi набываюць неабходныя  ўменнi  вучэбнай
дзейнасцi,  вучацца чытанню,  пiсьму,  лiку,  авалодваюць элементамi
тэарэтычнага  мыслення,  мастацка-эстэтычнай  практычнай  дзейнасцi,
культуры,  мовы  i паводзiн,  асновамi асабiстай гiгiены,  здаровага
ладу жыцця.
     Вучэбны працэс на гэтай ступенi можа будавацца на прадметнай цi
беспрадметнай аснове або насiць характар iнтэграваных курсаў.

     8. Школа другой ступенi працуе ў напрамку далейшага станаўлення
асобы  вучня,  выяўляе  i  развiвае  яго  здольнасцi  i  схiльнасцi,
забяспечвае  засваенне  асноў  навук   i   фармiраванне   навуковага
светапогляду,   авалодванне   асноўнымi  сацыяльнымi  i  культурнымi
правiламi  i  маральнымi  нормамi,  падрыхтоўвае  да   ўключэння   ў
працоўную   дзейнасць.   На  гэтай  ступенi  працягваецца  засваенне
культурна-гiстарычнай спадчыны свайго народа i ўсяго чалавецтва.

     9. Выпускнiкi базавай школы маюць права працягваць навучанне  ў
школах  3  ступенi,  прафесiйных  i сярэднiх спецыяльных навучальных
установах рознага тыпу цi пачынаць працоўную дзейнасць.

     10. Школа трэцяй ступенi  завяршае  сярэднюю  адукацыю  вучняў,
забяспечвае    iх    гатоўнасць    да    авалодання    прафесiяй   у
прафтэхвучылiшчах,  сярэднiх спецыяльных  або  вышэйшых  навучальных
установах,  iншых  формах  прафесiйнага навучання або да свядомага i
актыўнага ўключэння ў вытворчую дзейнасць.
     Навучальна-выхаваўчы працэс на гэтай ступенi будуецца на аснове
дыферэнцыяцыi,  якая ўлiчвае здольнасцi, схiльнасцi, жаданнi вучняў,
iх  бацькоў  i  забяспечвае рэалiзацыю адукацыйных запытаў вучня.  З
гэтай мэтай па рашэнню савета (педагагiчнага,  метадычнага) школы  ў
ёй  могуць  уводзiцца адзiн цi некалькi профiляў навучання або адзiн
цi  некалькi  прадметаў  паглыбленага  вывучэння  цi   iншыя   формы
дыферэнцыяцыi.
     Па жаданню вучняў i iх бацькоў i пры наяўнасцi адпаведных  умоў
у школе можа ажыццяўляцца прафесiйнае навучанне.

     11.  Па  прадстаўленнi  савета  школы,  узгодненым  з  аддзелам
адукацыi, рашэннем выканкама мясцовага Савета дэпутатаў падрыхтоўчыя
класы  як правiла  адкрываюцца  ў  дзiцячых дашкольных  установах. У
асобных выпадках  у дзiцячых дашкольных  установах могуць адкрывацца
1-я   класы.  Навучальны   працэс  у   гэтых  класах   ажыццяўляецца
настаўнiкамi школы.
     Падрыхтоўчыя класы   адкрываюцца   ў   школах   пры   наяўнасцi
адпаведных умоў  для  арганiзацыi  вучэбных  заняткаў,  адпачынку  i
харчавання дзяцей. 

                  III. НАВУЧАЛЬНА-ВЫХАВАЎЧЫ ПРАЦЭС

     12. Галоўным у дзейнасцi школы з`яўляецца  навучальна-выхаваўчы
працэс, якi будуецца ў адпаведнасцi з вучэбным планам i праграмамi i
рэалiзуецца  ў  асноўным у форме ўрока,  а таксама ў  пазакласнай  i
пазашкольнай рабоце. У цэнтры навучальна-выхаваўчага працэсу павiнна
знаходзiцца асоба вучня.

     13. Змест адукацыi вызначаецца Мiнiстэрствам адукацыi  ў  межах
абавязковай  часткi  вучэбнага  плана,  а  таксама  школай  у  межах
школьнага кампаненту,  зыходзячы з жаданняў  вучняў  i  iх  бацькоў,
магчымасцей школы, рэгiянальных i мясцовых асаблiвасцей.
     Кожны вучань мае права  на  дзяржаўную  падтрымку  ў  засваеннi
абавязковага зместу адукацыi на ўсiх ступенях навучання.

     14. Змест  i  сiстэма  выхаваўчай  работы  ў  школе будуюцца на
гуманных  адносiнах  да  асобы  вучня  з  улiкам  яго   здольнасцей,
iнтарэсаў,  здароўя.  У  выхаваўчай  рабоце  з вучнямi ўдзельнiчаюць
педагогi школы,  выхаваўчых устаноў,  бацькi, прадстаўнiкi працоўных
калектываў, грамадскiх i дабрачынных арганiзацый.
     Выхаваўчы працэс   мае   адкрыты   характар,   накiраваны    на
падрыхтоўку  будучага  грамадзянiна,  засваенне вучнямi каштоўнасцей
нацыянальнай i сусветнай культуры,  неабходных для жыцця  ўменняў  i
навыкаў.

     15. Школа  мае права на правядзенне эксперыментальнай работы па
ўсiх напрамках яе дзейнасцi,  за выключэннем абавязковага кампаненту
зместу   адукацыi,   пры   наяўнасцi   адпаведнага  матэрыяльнага  i
фiнансавага забяспячэння.

     16. Падрыхтоўка дзяцей да школы ажыццяўляецца,  як  правiла,  у
дашкольных  установах.  Для  дзяцей,  якiя  iх не наведваюць,  такая
падрыхтоўка праводзiцца школай на спецыяльна арганiзаваных  занятках
або бацькамi з кансультатыўнай дапамогай педагогаў.

     17.  У падрыхтоўчы  клас прымаюцца  дзецi з  6 гадоў  або больш
позняга ўзросту  з улiкам медыцынскiх паказанняў  i жадання бацькоў.
Залiчэнне дзяцей  у школу афармляецца  загадам па школе  на падставе
заявы бацькоў i медыцынскай даведкi. Прыём дзяцей у падрыхтоўчы клас
навучальных  устаноў,  якiя  даюць  сярэднюю  адукацыю  на павышаным
узроўнi,  ажыццяўляецца  ў  адпаведнасцi   з  палажэннямi  аб  гэтых
навучальных установах. 

     18. Пачатак   i   заканчэнне   навучальнага   года  вызначаюцца
Мiнiстэрствам адукацыi.
     Парадак арганiзацыi навучальнага года (па чвэрцях,  паўгоддзях,
цi трыместрах) вызначае канферэнцыя школы.  Працягласць навучальнага
тыдня вызначаецца саветам (педагагiчным,  метадычным) школы з улiкам
яе вiду, вучэбнага плана, умоў працы, санiтарна-гiгiенiчных правiлаў
i нормаў.
     Штодзённа колькасць i працягласць вучэбных заняткаў вызначаюцца
школьным  раскладам  урокаў,  якi  зацвярджаецца  дырэктарам  школы.
Працягласць перапынкаў памiж заняткамi вызначаецца  статутам  школы,
зыходзячы  з  канкрэтных  умоў  яе працы,  неабходнасцi забеспячэння
арганiзацыi гарачага харчавання вучняў i iх актыўнага адпачынку.
    Працягласць урока ў  падрыхтоўчых (1*)-х класах - 35  хвiлiн,  у
1** - 11(12*)-х класах - 45 хвiлiн. 

     19. Колькасць  вучняў у падрыхтоўчых  класах, якiя працуюць  на
базе дзiцячых дашкольных устаноў,  не павiнна перавышаць 20 чалавек,
а ў агульнаадукацыйных школах - 25 чалавек.
     Колькасць вучняў у 1 - 3(4*)-х класах не павiнна перавышаць 25,
а ў 4(5*) - 11(12*)-х - 30 чалавек.
     Напаўняльнасць класаў школы, якая працуе ў сельскай мясцовасцi,
пры  адсутнасцi  на  дадзенай тэрыторыi дастатковай колькасцi вучняў
вызначаецца  аддзелам  адукацыi  сумесна  з   выканкамам   раённага,
сельскага (пасялковага) Савета дэпутатаў. 

     20. Вучэбныя заняткi дапаўняюцца самастойнай  вучэбнай  работай
вучняў.   Дамашнiя   заданнi   даюцца   дыферэнцыравана,   з  улiкам
педагагiчных   патрабаванняў,   псiхалагiчных    i    iндывiдуальных
асаблiвасцей  кожнага  вучня.  У  першым  класе  дамашнiя заданнi не
задаюцца.

     21. На працягу вучэбнага года ўстанаўлiваюцца канiкулы агульнай
працягласцю  30  дзён.  Летнiя  канiкулы павiнны мець працягласць не
менш за восем тыдняў.
     Савет школы   па  ўзгадненнi  з  аддзелам адукацыi можа скласцi
ўласны графiк канiкул,  якiя  праводзяцца  на  працягу  навучальнага
года, i  вызначыць  iх тэрмiны.  Для вучняў падрыхтоўчых i 1(1-2*)-х
класаў  устанаўлiваюцца  на   працягу   года   дадатковыя   тыднёвыя
канiкулы. 22.  У падрыхтоўчым  класе i  ў першым  паўгоддзi першага класа
(1-м класе  i ў першым  паўгоддзi другога класа  *) выкарыстоўваецца
якасная ацэнка  вынiкаў засваення навучальнай  праграмы. У наступных
класах  веды  ацэньваюцца  адзнакамi:  5  (выдатна),  4  (добра),  3
(здавальняюча), 2 (нездавальняюча).
     Па рашэнню   савета    (педагагiчнага,    матадычнага)    школы
прамежкавая адзнака выстаўляецца настаўнiкам па тэмах або за чвэрцi,
паўгоддзi  цi  трыместры.  У  канцы  навучальнага  года   з   улiкам
прамежкавых  адзнак,  а  ў  9-м  i  11-х(12-х)  класах  -  экзаменаў
выстаўляюцца вынiковыя адзнакi.
     У выпадку  нязгоды  вучня  цi  яго  бацькоў  з гадавой адзнакай
даецца магчымасць здаць экзамен  па  адпаведнаму  прадмету  камiсii,
ствараемай  саветам  (педагагiчным,  матадычным)  школы або аддзелам
адукацыi

     23. Для вучняў,  якiя па  стану  здароўя  не  могуць  наведваць
школу,   рашэннем  выканкама  мясцовага  Савета  народных  дэпутатаў
арганiзуюцца заняткi дома.
     Для вучняў,   якiя   працяглы  час  знаходзяцца  на  лячэннi  ў
бальнiцах,  аддзелы  адукацыi  сумесна  з  органамi  аховы   здароўя
арганiзуюць навучанне ў лячэбных установах.

     24. Парадак  пераводу  i выпуску вучняў,  правядзенне выпускных
экзаменаў,  класы,  атэстацыя  экстэрнаў  вызначаюцца  Мiнiстэрствам
адукацыi.
     Савет (педагагiчны,  метадычны) школы можа прыняць  рашэнне  аб
устанаўленнi  пераводных  экзаменаў  па асобных прадметах для вучняў
невыпускных класаў школ 2 i 3 ступеняў  i  распрацаваць  правiлы  iх
правядзення.

     25. Выпускнiкi   базавай   школы  атрымлiваюць  пасведчанне  аб
базавай адукацыi,  а выпускнiкi сярэдняй школы - атэстат аб сярэдняй
адукацыi.  Выпускнiкi  базавай  школы  за выдатныя веды атрымлiваюць
пасведчанне с адзнакай,  сярэдняй школы - атэстат  асобага  ўзору  i
ўзнагароджваюцца залатым або сярэбраным медалём.
     Выпускнiкi сярэдняй школы,  якiя прадэманстравалi выдатныя веды
па   асобных   прадметах,   узнагароджваюцца   пахвальнымi   лiстамi
Мiнiстэрства адукацыi.

     26. Савет школы мае права ў  межах  сваёй  кампетэнцыi  прымаць
рашэннi  аб  стымуляваннi вучняў,  а таксама iх бацькоў за поспехi ў
навучаннi i выхаваннi, актыўны ўдзел у жыццi школы.

     27.  У кожнай  агульнаадукацыйнай школе  ў 2(3*)-х  - 11(12*)-х
класах  вядзецца  дзённiк  вучня.  У  дзённiку  запiсваюцца бягучыя,
падагульняючыя  адзнакi  паспяховасцi  вучняў,  заўвагi настаўнiкаў.
Дзённiк штотыднёва падпiсваецца класным кiраўнiком i бацькамi вучня.
Вядзенне  дзённiка   адзiн  раз  у   чвэрць  (трыместр)  правяраецца
дырэктарам школы або яго намеснiкамi. Дзённiк захоўваецца ў вучня на
працягу навучальнага года.
     У агульнаадукацыйных школах рэспублiкi выкарыстоўваецца дзённiк
адзiнага ўзору, зацверджаны Мiнiстэрствам адукацыi.
         Ва ўсiх класах агульнаадукацыйнай школы вучням выстаўляюцца
прамежкавыя (за чвэрць, паўгоддзе або трыместр) i гадавыя адзнакi па
паводзiнах (здавальняюча, нездавальняюча).
     Вучням 2-х-8-х   класаў,   якiя  сiстэматычна  груба  парушаюць
дысцыплiну,  выстаўляецца  за   год   нездавальняючая   адзнака   па
паводзiнах.  Да  iх могуць прымяняцца меры педагагiчнага ўздзеяння i
дысцыплiнарнага спагнання,  вызначаныя саветам школы i адзначаныя  ў
яе статуце.
     Вучнi, дасягнуўшыя 14 гадоў,  за грубае парушэнне статута школы
ў  крайнiм выпадку рашэннем савета школы па ўзгадненню з камiсiяй па
справах непаўналетнiх могуць быць выключаны са школы. 

                       IV. УПРАЎЛЕННЕ ШКОЛАЙ

     28. Дзяржаўна-грамадскае  ўпраўленне  школай  ажыццяўляецца  на
аснове цеснага  ўзаемадзеяння   педагагiчнага   калектыву,   вучняў,
бацькоў цi асоб, якiя iх замяняюць, i грамадскасцi.

     29. Вышэйшым органам ўпраўлення школай з`яўляецца  канферэнцыя,
якая праводзiцца не радзей аднаго разу ў год.
     Дэлегаты з правам рашаючага голасу  на  канферэнцыi  выбiраюцца
сходамi  калектываў  вучняў 2 i 3 ступеняў,  педагагiчных работнiкаў
школы i бацькоў.
     Канферэнцыя:
     - выбiрае адкрытым або тайным  галасаваннем  савет  школы,  яго
старшыню i намеснiкаў, вызначае тэрмiны iх паўнамоцтваў;
     - прымае статут школы i ўносiць у яго  неабходныя  змяненнi;
     - зацвярджае  асноўныя  напрамкi  развiцця школы,  размяркоўвае
бюджэтныя i дадатковыя фiнансавыя сродкi на  ўмацаванне  i  развiццё
матэрыяльна-тэхнiчнай базы.

     30. У    перыяд    памiж    канферэнцыямi    вышэйшым   органам
самаўпраўлення выступае савет школы,  якi  будуе  сваю  дзейнасць  у
адпаведнасцi з Палажэннем аб савеце школы.

     31. Непасрэднае  кiраўнiцтва  навучальна-выхаваўчым  працэсам i
бягучай дзейнасцю школы ажыццяўляюць дырэктар школы i яго  намеснiкi
па  навучальна-выхаваўчай  рабоце.  Яны арганiзуюць выкананне Закона
"Аб адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь",  iншых  актаў  заканадаўства  ў
сферы адукацыi, рашэнняў канферэнцыi i савета школы.
     Дырэктар школы i яго намеснiкi па навучальна-выхаваўчай  рабоце
назначаюцца  гарадскiм (раённым) аддзелам адукацыi.  Савет школы мае
права  ставiць  пытанне  перад  аддзелам  адукацыi   аб   вызваленнi
дырэктара   ад  пасады  цi  рэкамендаваць  на  яе  таго  або  iншага
педагагiчнага  работнiка.  Дырэктар  школы  ўносiць   прапановы   аб
назначэннi на пасаду або вызваленнi з яе сваiх намеснiкаў.

     32. У  пачатковых школах могуць,  а ў базавых i сярэднiх школах
ствараюцца педагагiчныя цi  метадычныя  саветы,  асноўнымi  задачамi
якiх  з`яўляецца  вызначэнне  шляхоў  рэалiзацыi  выбранага   зместу
адукацыi  (навучальных  планаў,  праграм,  падручнiкаў  i  г.д.)   i
павышэнне    навукова-педагагiчнага   ўзроўню   настаўнiкаў.   Савет
арганiзуе    работу     па     вывучэнню     педагогамi     сучасных
навучальна-выхаваўчых  тэхналогiй,  развiццю  iх  творчых iнiцыятыў,
распаўсюджванню  педагагiчнага   вопыту,   уносiць   прапановы   пры
атэстацыi   аб  прысваеннi  настаўнiкам  квалiфiкацыйных  катэгорый,
рэкамендуе iх на курсы павышэння  квалiфiкацыi,  стажыроўку,  прымае
рашэннi па iншых пытаннях прафесiйнай дзейнасцi работнiкаў,  стварае
прадметныя секцыi, аб`яднаннi i г.д.
     Парадак работы  педагагiчнага цi метадычнага савета вызначаецца
статутам школы.

     33. У  школе  могуць  стварацца   настаўнiцкiя   i   вучнёўскiя
арганiзацыi  i  аб`яднаннi.  Яны  працуюць  у адпаведнасцi са сваiмi
статутамi  i  палажэннямi,  якiя  не  павiнны  супярэчыць   дзеючаму
заканадаўству i статуту школы.

     34. Медыцынскае  абслугоўванне  вучняў ажыццяўляецца штатным цi
спецыяльна замацаваным за школай медыцынскiм персаналам, якi разам з
адмiнiстрацыяй  школы нясе адказнасць за здароўе i фiзiчнае развiццё
дзяцей, правядзенне лячэбна-прафiлактычных мерапрыемстваў, захаванне
санiтарна-гiгiенiчных   нормаў,   рэжым   i  харчаванне  школьнiкаў,
дазiроўку iх фiзiчных i разумовых нагрузак.
     У агульнаадукацыйных   школах   можа   стварацца  псiхалагiчная
служба,  якая працуе ў адпаведнасцi з  Палажэннем  аб  псiхалагiчнай
службе  ва  ўстановах  адукацыi  Рэспублiкi  Беларусь,  зацверджаным
Мiнiстэрствам адукацыi.

     35. Адносiны  памiж  школай  i  гарадскiм  (раённым)   аддзелам
адукацыi  будуюцца  на  прынцыпах  галоснасцi  i дэмакратыi.  Органы
ўпраўлення забяспечваюць школу фiнансавымi i матэрыяльнымi сродкамi,
педагагiчнымi  кадрамi,    падручнiкамi  i  дапаможнiкамi,  згодна з
заяўкамi,  садзейнiчаюць удасканаленню вучэбнай i выхаваўчай работы,
умацаванню i развiццю матэрыяльнай базы,  ствараюць неабходныя ўмовы
для павышэння квалiфiкацыi кадраў.  Яны  забяспечваюць  кантроль  за
рэалiзацыяй дзяржаўнай палiтыкi ў галiне адукацыi.

                        V. ПРАВАВЫЯ АДНОСIНЫ

     36. Агульнаадукацыйная  школа  Рэспублiкi  Беларусь  з`яўляецца
юрыдычнай асобай,  мае пячатку з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублiкi
Беларусь  i са сваiм найменнем,  разлiковы i iншыя рахункi ў банках,
якiя адкрываюцца ва ўстаноўленым парадку,  а таксама штамп з  назвай
школы.

     37. Дакументацыя   школы  вядзецца  ў  адпаведнасцi  з  тыпавой
iнструкцыяй, зацверджанай Мiнiстэрствам адукацыi.
     Пiсьмовая справаздачнасць     школы     вышэйстаячым    органам
прадстаўляецца ў адпаведнасцi з  патрабаваннямi  органаў  дзяржаўнай
статыстыкi Рэспублiкi Беларусь.

     38. Персанальную  адказнасць  за  якасць  i эфектыўнасць работы
школы,  забеспячэнне аховы жыцця i здароўя дзяцей i падлеткаў,  умоў
працы ўсiх работнiкаў школы нясе дырэктар.

     39. Дырэктар мае права:
     - ажыццяўляць     кантроль     за     ходам     i      вынiкамi
навучальна-выхаваўчага   працэсу,  праводзiць  тэматычныя  залiкi  i
вынiковыя зрэзы ведаў вучняў;
     - вызначаць  школьны  штатны  расклад  у  межах  створанага  ва
ўстаноўленым парадку фонду заработнай платы,  устанаўлiваць надбаўкi
i ажыццяўляць прэмiраванне за творчыя дасягненнi ў працы;
     - прымаць i  звальняць  ва  ўстаноўленым  парадку  педагагiчных
работнiкаў i абслугоўваючы персанал школы;
     - вызначаць па ўзгадненню з прафсаюзным камiтэтам  педагагiчную
нагрузку;
     - набываць, арэндаваць, заказваць неабходнае школе абсталяванне
i  iншыя матэрыяльныя рэсурсы ў любых прадпрыемствах,  арганiзацыях,
кааператывах у рознiчнай сетцы i камiсiйных магазiнах цi ў  асоб  па
безнаяўным або наяўным разлiку;
     - заключаць  дагаворы  з   арганiзацыямi,   прадпрыемствамi   i
асобамi,  у  тым  лiку  з  вучнямi школы,  на выкананне розных вiдаў
будаўнiча-мантажных работ па бягучаму рамонту  школы,  афармленню  i
гаспадарчаму ўтрыманню яе памяшканняў, збудаванняў i iнш.;
     - заключаць дагаворы  на  аказанне  школай  паслуг  вучняў,  iх
бацькам, iншым грамадзянам, а таксама прадпрыемствам, арганiзацыям i
ўстановам;
     - заключаць дагаворы аб стварэннi аб`яднанняў з iншымi школамi,
навучальна-выхаваўчымi,  навуковымi   i   пазакласнымi   ўстановамi,
прадпрыемствамi,  арганiзацыямi,  кааператывамi,  аб`ядноўваючы  ўсе
сродкi або iх частку для стварэння  мiжшкольных  кабiнетаў,  курсаў,
навучальна-вытворчых i гаспадарчых аб`яднанняў,  правядзення асобных
мерапрыемстваў i г.д.;
     - на матэрыяльнае i маральнае заахвочванне за паспяховыя вынiкi
 дзейнасцi;
     - адмяняць рашэннi савета школы ў выпадку,  калi яны супярэчаць
дзеючаму заканадаўству,  гэтаму Палажэнню  i  статуту  школы.  Iншыя
спрэчныя  пытаннi,  якiя ўзнiкаюць памiж саветам школы i дырэктарам,
вырашаюцца  на  канферэнцыi  школьнага   калектыву   або   гарадскiм
(раённым) аддзелам адукацыi;
     - выбiраць i быць  абраным у грамадскiя органы ўпраўлення.

     40. Дырэктар абавязаны:
     - арганiзоўваць  дзейнасць  школы  i яе калектыву на дасягненне
вылучаных мэт i задач;
     - ствараць  умовы  для  творчай дзейнасцi вучняў i педагагiчных
работнкаў,  прымянення iмi перадавых  форм  i  метадаў  навучання  i
выхавання, правядзення педагагiчных эксперыментаў;
     - аказваць  падтрымку  ў  рабоце  настаўнiцкiм   i   вучнёўскiм
грамадскiм арганiзацыям;
     - выносiць  найбольш  важныя   пытаннi   школьнага   жыцця   на
абмеркаванне    школьнай    канферэнцыi,   савета    (педагагiчнага,
метадычнага) школы;
     - клапацiцца   аб  маральнай  i  сацыяльнай  абароне  вучняў  i
настаўнiкаў;
     - выконваць  рашэннi,  прынятыя  канферэнцыяй,  саветам  школы,
загады i распараджэннi вышэйстаячых органаў.

     41. Намеснiк  дырэктара  па  навучальна-выхаваўчай  рабоце  мае
права:
     - ажыццяўляць  кантроль  за  ўзроўнем  навучання  i   выхавання
вучняў,   праводзiць   псiхолага-педагагiчныя   зрэзы   iх  ведаў  i
аналiзаваць вынiкi;
     - аналiзаваць прафесiйную дзейнасць настаўнiкаў;
     - уносiць прапановы па арганiзацыi метадычнай работы  ў  школе,
удасканаленню  навучальна-выхаваўчага  працэсу,  формах  i  тэрмiнах
павышэння квалiфiкацыi настаўнiкаў;
     - на  матэрыяльнае  i  маральнае  заахвочванне  за  арганiзацыю
навучальна-выхаваўчай i метадычнай дзейнасцi;
     - выбiраць, быць абраным  у грамадскiя органы ўпраўлення.

     42. Намеснiк дырэктара школы  па  навучальна-выхаваўчай  рабоце
абавязаны:
     - арганiзоўваць   навучальна-выхаваўчы   працэс   у   школе   ў
адпаведнасцi з выбранымi навучальнымi планамi i праграмамi;
     - састаўляць  расклад  вучэбных заняткаў i справаздачы аб стане
навучальна-выхаваўчага працэсу;
     - ажыццяўляць      кантроль     за     ходам     i     вынiкамi
навучальна-выхаваўчага працэсу;
     - клапацiцца   аб  маральнай  i  сацыяльнай  абароне  вучняў  i
настаўнiкаў;
     -  рэгуляваць  вучэбную  нагрузку  вучняў;
     - арганiзоўваць   метадычную   работу    з    настаўнiкамi    i
выхавальнiкамi;
     - праводзiць  работу  па  забеспячэнню   навучальна-выхаваўчага
працэсу неабходнымi сродкамi навучання.

     43. Намеснiк  дырэктара па  выхаваўчай рабоце  мае права:
     - выбiраць i быць абраным у грамадскiя органы ўпраўлення;
     - уносiць  прапановы  ў  вышэйстаячыя  органы  па  маральнай  i
сацыяльнай  абароне  дзяцей,  стварэнню  неабходных  умоў   для   iх
усебаковага развiцця;
     - далучацца да правядзення  выхаваўчай  работы  ўсiх  педагогаў
школы;
     - на  матэрыяльнае  i  маральнае  заахвочванне  за  арганiзацыю
выхаваўчай дзейнасцi.

     44. Намеснiк  дырэктара  па  выхаваўчай рабоце  абавязаны:
     - сумесна  з  педагагiчным   калектывам,   вучнямi,   бацькамi,
органамi   самакiравання,   прадстаўнiкамi   грамадскасцi  з  улiкам
iндывiдуальных асаблiвасцей,  мясцовых умоў ствараць i  рэалiзоўваць
праграмы выхаваўчай дзейнасцi;
     - зыходзячы з iнтарэсаў i запатрабаванняў  вучняў  планаваць  i
арганiзоўваць  пазаўрочную  работу  з  улiкам  дзейнасцi  выхаваўчых
устаноў канкрэтнага рэгiёну;
     - арганiзоўваць  i  ажыццяўляць  кантроль за дзейнасцю гурткоў,
секцый,  калектываў мастацкай  самадзейнасцi  i  г.д.,  працуючых  у
школе;
     - арганiзоўваць  метадычную  работу  з  настаўнiкамi,  класнымi
кiраўнiкамi,  выхавальнiкамi  груп  прадоўжанага  дня,  псiхолагамi,
сацыяльнымi педагогамi,  кiраўнiкамi гурткоў i секцый  па  праблемах
выхавання вучняў у школе, сям`i, грамадстве;
     - клапацiцца аб маральнай i сацыяльнай абароне дзяцей.

     45. Вядучая роля ў  дасягненнi  мэт  дзейнасцi  школы  належыць
настаўнiку.  Ён  нясе персанальную адказнасць за вынiкi сваёй працы,
захаванне здароўя дзяцей i падлеткаў.

     46. Настаўнiк мае права:
     - мець устаноўленую нарматывамi поўную педагагiчную нагрузку;
     - атрымлiваць гарантаваны дзяржавай узровень заработнай платы ў
адпаведнасцi   са  сваёй  адукацыяй,  квалiфiкацыяй  i  педагагiчнай
нагрузкай;
     - на   выбар   падручнiкаў   i  дапаможнiкаў,  форм  i  метадаў
арганiзацыi навучання i выхавання вучняў;
     - праводзiць ва ўстаноўленым парадку эксперыменты па прымяненню
новых методык,  праграм,  падручнiкаў i iншых  сродкаў  навучання  i
выхавання;
     - на атэстацыю ў адпаведнасцi з iснуючым палажэннем;
     - на  дапамогу  з  боку  кiраўнiцтва школы i ўстаноў адукацыi ў
павышэннi свайго навукова-педагагiчнага ўзроўню;
     - на   выбар  форм,  тэрмiнаў  i  месца  праходжання  павышэння
квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi;
     - выбiраць  i  быць  абраным  у  састаў  савета школы i ў iншыя
органы школьнага самакiравання;
     - на павагу сваёй годнасцi;
     - на  матэрыяльнае  i  маральнае  заахвочванне  за  поспехi   ў
педагагiчнай дзейнасцi i выхаваннi падрастаючага пакалення.

     47.  Настаўнiк  абавязаны:
     - павышаць свой навукова-педагагiчны  ўзровень  i  педагагiчнае
майстэрства;
     - якасна i ў  поўным  аб`ёме  выконваць  патрабаваннi  вучэбных
планаў i праграм;
     - выбiраць найбольш аптымальныя тэхналогii i формы  арганiзацыi
навучальна-выхаваўчага  працэсу,  увелiчваючы псiхолага-педагагiчныя
асаблiвасцi вучняў;
     - фармiраваць  у  вучняў навыкi аналiзу i арыентацыi ў сучасных
сацыяльна-эканамiчных працэсах;
     - аказваць   ўплыў   на   фармiраванне  грамадзянскiх  якасцей,
культуры паводзiн вучняў;
     - развiваць   пазнавальныя   iнтарэсы   i   здольнасцi  вучняў,
праводзiць навучанне i  выхаванне  ў  адпаведнасцi  з  нацыянальнымi
традыцыямi беларускага народа, выхоўваць павагу да iншых народаў;
     - паважаць гонар калег,  вучняў i  бацькоў  цi  асоб,  якiя  iх
замяняюць;
     - прапагандаваць педагагiчныя веды;
     - выконваць  рашэннi,  прынятыя  канферэнцыяй,  саветам  школы,
загады i ўказаннi адмiнiстрацыi;
     - валодаць высокiмi маральнымi якасцямi.

     48. Дзейнасць   вучняў   школы   павiнна   быць  накiравана  на
авалоданне  ведамi,  самаразвiццё  асобы,  максiмальную   рэалiзацыю
асабiстага патэнцыялу,  падрыхтоўку да самастойнага жыцця,  развiццё
грамадзянскай сталасцi.

     49. Вучань мае права:
     - на   адукацыю   ў  адпаведнасцi  з  Законам  "Аб  адукацыi  ў
Рэспублiцы Беларусь";
     - на  прававую  i  сацыяльную  абароненасць  у  адпаведнасцi  з
дзеючым заканадаўствам;
     - на  выбар  профiлю  навучання  i яго зместу ў межах школьнага
кампаненту;
     - на павагу сваей годнасцi;
     - на дапамогу настаўнiкаў у авалоданнi ведамi;
     - на   бясплатнае   карыстанне   падручнiкамi   i  навучальнымi
дапаможнiкамi;
     - на заахвочванне i ўзнагароджанне за  поспехi ў вучобе;
     - на ахову працы i здароўя ў працэсе навучання;
     - прадстаўляць   школу   ў   конкурсах,   алiмпiядах,  аглядах,
спаборнiцтвах  i  iншых  мерапрыемствах  у  адпаведнасцi  са  сваiмi
магчымасцямi;
     - выбiраць i быць  абранымi  на  канферэнцыю,  у  савет  школы,
органы вучнёўскага самакiравання;
     - прымаць удзел у размеркаваннi заробленых школай сродкаў;
     - выказваць   сваю   думку   пры   атэстацыi  i  ўзнагароджаннi
настаўнiкаў у форме, вызначаемай статутам школы;
     - на  атрыманне грамадскага прызнання i ацэнкi сваёй вучэбнай i
грамадскай дзейнасцi;
     - на  адкрытую ацэнку сваiх ведаў,  своечасовае паведамленне аб
тэрмiнах кантрольных работ, зрэзаў ведаў, экзаменаў.

     50. Вучань  абавязаны:
     - старанна  вучыцца,  авалодваць трывалымi ведамi i практычнымi
навыкамi,  быць дысцыплiнаваным,  клапацiцца пра гонар класа, школы,
падтрымлiваць яе традыцыi;
     - не  прынiжаць  годнасцi  людзей,  паважаць   iх   погляды   i
перакананнi;
     - дастойна паводзiць сябе ў школе i  за  яе  межамi,  праяўляць
павагу да старэйшых i равеснiкаў, мiласэрднасць, чалавечнасць;
     - беражлiва i з павагай адносiцца да  нацыянальнай  гiсторыi  i
культуры свайго i iншых народаў;
     - берагчы родную  прыроду  i  навакольны  свет,  iх  багацце  i
хараство;
     - падпарадкоўвацца   рашэнням   канферэнцыi,   савета    школы,
указанням  i  загадам  дырэктара  i  яго  намеснiкаў,  патрабаванням
настаўнiкаў i iншых супрацоўнiкаў школы, выконваць статут школы.

       VI. МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНIЧНАЯ БАЗА I ФIНАНСАВА-ГАСПАДАРЧАЯ
                          ДЗЕЙНАСЦЬ ШКОЛЫ

     51. Мясцовыя   Саветы   народных   дэпутатаў  выдзяляюць  школе
неабходныя  ёй збудаваннi i  памяшканнi,  iнжынерныя  камунiкацыi  i
забяспечваюць  яе  фiнансаванне ва ўстаноўленым парадку,  праводзяць
своечасовы  капiтальны  i  бягучы   рамонт   школьных   будынкаў   i
збудаванняў,  даюць  школе неабходнае вучэбнае i iншае абсталяванне,
iнвентар.
     Памяшканнi школы  абсталёўваюцца i эксплуатуюцца ў адпаведнасцi
з  правiламi  тэхнiкi  бяспекi  i  санiтарна-гiгiенiчнымi   нормамi.
Умацаванне  i  развiццё матэрыяльнай базы школы ажыцяўляецца за кошт
бюджэтных i дадатковых сродкаў, а таксама за кошт фiнансавых сродкаў
школы, дабрачынных асiгнаванняў прадпрыемстваў, арганiзацый, устаноў
i прыватных асоб.

     52. Школьныя работнiкi,  вучнi  i  бацькi  цi  асобы,  якiя  iх
замяняюць,  у  адпаведнасцi  з  заканадаўствам  нясуць адказнасць за
пашкоджанне   школьных   памяшканняў   i   збудаванняў,    вучэбнага
абсталявання, iнвентару i iншай школьнай маёмасцi.

     53. Школьная   бiблiятэка  з`яўляецца  абавязковым  структурным
падраздзяленнем  школы,   якое   прызначана   садзейнiчаць   працэсу
навучання  i  выхавання  вучняў,  павышэнню  квалiфiкацыi работнiкаў
школы.  Задачы,  змест i арганiзацыя работы  бiблiятэкi  вызначаюцца
Палажэнням аб школьнай бiблiятэцы,  якое зацвярджаецца Мiнiстэрствам
адукацыi Рэспублiкi Беларусь.
     Колькасць адзiнак     школьнай    бiблiятэкi    ўстанаўлiваецца
дырэктарам   школы,   зыходзячы   з    неабходнасцi    бiблiятэчнага
абслугоўвання.

     54. Фiнансава-гаспадарчая    дзейнасць    школы    будуецца   ў
адпаведнасцi  з  асноўнымi  палажэннямi  гаспадарчага  механiзму   ў
сiстэме адукацыi Рэспублiкi Беларусь.
     Аплата працы работнiкаў школы i  iх  матэрыяльнае  стымуляванне
ажыцяўляюцца ў межах адзiнага фонду аплаты працы.
     Школе прадстаўляюцца шырокiя  правы  ў  размеркаваннi  адзiнага
фонду  аплаты  працы  ў  адпаведнасцi  з  працоўным  укладам кожнага
работнiка.
     Службовыя аклады  i  тарыфныя  стаўкi  павiнны  разглядацца  як
гарантаваны мiнiмум заработнай платы для адпаведных  квалiфiкацыйных
груп педагагiчных i iншых работнiкаў.

                      VII. МIЖНАРОДНЫЯ СУВЯЗI

     55. Школы  могуць  удзельнiчаць у мiжнародным супрацоўнiцтве па
праблемах адукацыi ва ўстаноўленым парадку.
     Школа, выкарыстоўваючы  наяўныя  мiжнародныя сувязi,  мае права
заключаць пагадненнi з замежнымi агульнаадукацыйнымi  ўстановамi  аб
абмене  выкладчыкамi i вучнямi,  стварэннi сумесных (асацыiраванных)
устаноў,  правядзеннi сумесных мерапрыемстваў  (канферэнцыi,  лагеры
школьнiкаў i  г.д.), а таксама ўступаць  у мiжнародныя арганiзацыi ў
адпаведнасцi з iснуючым заканадаўствам.

     56. Правядзенне мерапрыемстваў па  мiжнароднай  дзейнасцi  можа
ажыцяўляцца за кошт розных крынiц фiнансавання.


 Заўвага: * (лiчба) - нумар класа адзiнаццацiгадовай школы;
          ** маюцца на ўвазе першыя класы, у якiя прыйдуць вучнi з
          падрыхтоўчых класаў. 






 

<<< Главная страница | < Назад



Новости партнеров
pravo.kulichki.ru ::: pravo.kulichki.com ::: pravo.kulichki.net
2004-2015 Республика Беларусь
Rambler's Top100
Разное


Разное
Спецпроект "Тюрьма"

 

Право России