ПРАТАКОЛ ПАМІЖ УРАДАМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І КАБІНЕТАМ
МІНІСТРАЎ УКРАІНЫ АБ УНЯСЕННІ ЗМЯНЕННЯЎ У ПАГАДНЕННЕ
ПАМІЖ УРАДАМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І УРАДАМ УКРАІНЫ АБ
ВОЛЬНЫМ ГАНДЛІ АД 17 СНЕЖНЯ 1992 ГОДА*
__________________________
*Прынят Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 лістапада 2006 г. №
180-З “Аб прыняццi Пратакола памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i
Кабiнетам Мiнiстраў Украiны аб унясеннi змяненняў у Пагадненне памiж
Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Украiны аб вольным гандлi ад 17
снежня 1992 года ” (Национальный реестр правовых актов Республики
Беларусь, 2006 г., № 187, 2/1277).
Урад Рэспублікі Беларусь і Кабінет Міністраў Украіны,
надалей - Бакі,
дамовіліся ўнесці ў Пагадненне між Урадам Рэспублікі Беларусь
і Урадам Украіны аб вольным гандлі ад 17 снежня 1992 года наступныя
змяненні:
1. Абзац 6 прэамбулы выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«пацвярджаючы неабходнасць развіваць двухбаковыя адносіны ў
галіне гандлёва-эканамічных сувязей у адпаведнасці з прынцыпамі
Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА),».
2. Артыкул 1 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«1. Бакі не будуць прымяняць мытныя пошліны, падаткі і зборы,
якія маюць эквівалентнае мытным пошлінам дзеянне, на экспарт і/або
імпарт тавараў, што паходзяць з дзяржавы аднаго з Бакоў і
прызначаюцца для дзяржавы другога Боку. У выпадку неабходнасці Бакі
могуць прадугледзець выключэнні з дадзенага гандлёвага рэжыму па
ўзгодненай наменклатуры тавараў, якія будуць афармляцца адпаведнымі
пратаколамі, што з'яўляюцца неад'емнай часткай гэтага Пагаднення.
2. Для мэтаў гэтага Пагаднення і на перыяд яго дзеяння пад
таварамі, што паходзяць з дзяржаў Бакоў, разумеюцца тавары ў
адпаведнасці з Правіламі вызначэння краіны паходжання тавараў, якія
зацверджаны Рашэннем Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных
Дзяржаў ад 30 лістапада 2000 г.».
3. Артыкул 3 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«Бакі ва ўзаемным гандлі будуць устрымлівацца ад прымянення
мер, якія абмяжоўваюць экспарт і/або імпарт тавараў у рамках
дадзенага Пагаднення. Бакі могуць устанаўліваць меры, якія
абмяжоўваюць экспарт і/або імпарт тавараў у аднабаковым парадку, але
толькі на строга вызначаны тэрмін. Дадзеныя меры могуць быць
уведзены ў форме колькасных абмежаванняў на экспарт і/або імпарт або
ў форме спецыяльных пошлін, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных пошлін.
Названыя меры павінны мець выключны характар і могуць прымяняцца
толькі ў выпадках:
вострага дэфіцыту дадзенага тавару на ўнутраным рынку (да
стабілізацыі становішча на рынку);
вострага дэфіцыту плацежнага балансу (да стабілізацыі
становішча з плацежным балансам);
імпарту тавараў на тэрыторыю дзяржавы аднаго з Бакоў у такіх
узрослых колькасцях або на такіх умовах, што гэта наносіць або
пагражае нанесці ўрон айчынным вытворцам падобных тавараў або
тавараў, якія непасрэдна канкурыруюць;
ажыццяўлення мер, якія прадугледжаны артыкулам 5 гэтага
Пагаднення.
Бок, які прымяняе якія-небудзь абмежаванні ў адпаведнасці з
гэтым артыкулам, абавязаны па запыце другога Боку ў найкарацейшы
тэрмін даць неабходную інфармацыю аб прычынах, формах і тэрмінах
увядзення вышэйназваных абмежаванняў. Пры выбары мер у адпаведнасці
з гэтым артыкулам Бакі будуць аддаваць прыярытэт тым з іх, якія
аказваюць найменшы негатыўны ўплыў на дасягненне мэтаў гэтага
Пагаднення.».
4. Артыкул 4 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«Усе разлікі і плацяжы па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве
паміж суб'ектамі гаспадарчай дзейнасці дзяржаў Бакоў будуць
ажыццяўляцца на падставе адпаведных міжбанкаўскіх пагадненняў.».
5. Артыкул 9 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«Пры ажыццяўленні мер тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання
двухбаковых эканамічных адносін, для абмену статыстычнай
інфармацыяй, правядзення мытных працэдур Бакі пагадзіліся
выкарыстоўваць Гарманізаваную сістэму апісання і кадзіравання
тавараў Сусветнай мытнай арганізацыі.».
6. Артыкул 12 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«У мэтах ажыццяўлення ўзгодненай палітыкі экспартнага кантролю
ў адносінах да трэціх краін Бакі будуць праводзіць рэгулярныя
кансультацыі і прымаць узгодненыя меры для стварэння эфектыўнай
сістэмы экспартнага кантролю.».
7. Артыкулы 13, 17, 18 выключыць. Артыкулы 14, 15, 16, 19
лічыць адпаведна артыкуламі 13, 14, 15, 16.
8. Артыкул 13 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«Нішто ў гэтым Пагадненні не перашкаджае любому з Бакоў
устанаўліваць адносіны з трэцімі краінамі і выконваць узятыя на сябе
абавязацельствы ў адпаведнасці з якім-небудзь іншым міжнародным
пагадненнем, удзельнікам якога гэты Бок з'яўляецца або можа стаць,
пры ўмове, што гэтыя адносіны і абавязацельствы не супярэчаць
палажэнням і мэтам гэтага Пагаднення.».
9. Артыкул 14 дапоўніць абзацам 2 наступнага зместу:
«Змяненні і дапаўненні ў гэтае Пагадненне ўносяцца па ўзаемнай
згодзе Бакоў і афармляюцца пратаколамі, якія з'яўляюцца неад'емнай
часткай гэтага Пагаднення.».
10. Артыкул 15 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«Рэалізацыя мэтаў гэтага Пагаднення і выпрацоўка рэкамендацый
адносна ўдасканалення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж
дзвюма краінамі ўскладаецца Бакамі на міжурадавую беларуска-
украінскую змешаную Камісію па пытаннях гандлёва-эканамічнага
супрацоўніцтва.».
11. Артыкул 16 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«Гэтае Пагадненне ўступае ў сілу з даты атрымання апошняга
пісьмовага паведамлення аб выкананні Бакамі ўнутрыдзяржаўных
працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сілу.
Гэтае Пагадненне страчвае сілу па сканчэнні шасці месяцаў з
даты пісьмовага паведамлення аднаго з Бакоў аб сваім намеры спыніць
яго дзеянне. Палажэнні гэтага Пагаднення пасля спынення яго дзеяння
будуць прымяняцца да кантрактаў паміж суб'ектамі гаспадарчай
дзейнасці дзяржаў Бакоў, якія заключаны, але не выкананы ў перыяд
яго дзеяння.».
Гэты Пратакол уступае ў сілу з даты атрымання апошняга
пісьмовага паведамлення аб выкананні Бакамі ўнутрыдзяржаўных
працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сілу.
Здзейснена ў г. Мінску 18 кастрычніка 2005 г. у двух
сапраўдных экзэмплярах, кожны на беларускай і ўкраінскай мовах,
прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу.
За Урад За Кабінет
Рэспублікі Беларусь Міністраў Украіны
Подпіс Подпіс
|