ДЭКЛАРАЦЫЯ
АБ УЗАЕМАРАЗУМЕННI I ДРУЖАЛЮБНЫМ СУПРАЦОЎНIЦТВЕ
ПАМIЖ РЭСПУБЛIКАЙ БЕЛАРУСЬ I РУМЫНIЯЙ *)
_____________________________
*) Уступiла ў сiлу 12 лiпеня 1992 г.
Рэспублiка Беларусь i Румынiя,
кiруючыся мэтамi i прынцыпамi Статута Арганiзацыi Аб'яднаных
Нацый,
грунтуючыся на палажэннях Заключнага акта Нарады па бяспецы i
супрацоўнiцтву ў Еўропе, Парыжскай хартыi для новай Еўропы i
далейшых дакументаў гэтай Нарады,
зыходзячы з прынцыпа прымата права ў мiжнародных адносiнах,
бяручы пад увагу значэнне беларуска-румынскiх адносiн для
ўмацавання даверу i супрацоўнiцтва ў рэгiёне i на кантыненце ў
цэлым,
усведамляючы сваю адказнасць за ўмацаванне мiру i бяспекi i
развiццё супрацоўнiцтва ў Еўропе на аснове агульначалавечых
каштоўнасцей свабоды, дэмакратыi i павагi да правоў чалавека,
выказваючы рашучасць абедзвюх дзяржаў унесцi свой уклад у
развiццё працэсу Нарады па бяспецы i супрацоўнiцтву ў Еўропе, у
стварэнне адзiнай еўрапейскай эканамiчнай, палiтычнай, гуманiтарнай,
экалагiчнай i прававой прасторы,
iмкнучыся да ўмацавання i пашырэння дружалюбных адносiн i
супрацоўнiцтва памiж Рэспублiкай Беларусь i Румынiяй, а таксама да
развiцця ўзаемаразумення памiж беларускiм i румынскiм народамi,
заяўляюць аб наступным:
1. Узаемаадносiны Рэспублiкi Беларусь i Румынii грунтуюцца на
прынцыпах раўнапраўя, павагi да суверэнiтэту i тэрытарыяльнай
цэласнасцi дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы, права народаў на
самавызначэнне, узаемаразумення i ўзаемавыгаднага супрацоўнiцтва, а
таксама добрасумленнага выканання абавязацельстваў па мiжнароднаму
праву.
2. Рэспублiка Беларусь i Румынiя будуць садзейнiчаць умацаванню
еўрапейскiх механiзмаў забеспячэння бяспекi, стабiльнасцi i
супрацоўнiцтва на аснове Заключнага акта Нарады па бяспецы i
супрацоўнiцтву ў Еўропе, Парыжскай хартыi для новай Еўропы, iншых
дакументаў Нарады па бяспецы i супрацоўнiцтву ў Еўропе, а таксама
Дагавора аб звычайных узброеных сiлах у Еўропе.
3. Абедзве дзяржавы будуць садзейнiчаць працягу працэсу
раззбраення ў галiне ядзерных, хiмiчных i iншых вiдаў зброi масавага
знiшчэння i звычайных узбраенняў. Яны будуць спрыяць далейшаму
скарачэнню ўзброеных сiл i ўзбраенняў у Еўропе да ўзроўню абароннай
дастатковасцi i ажыццяўляць меры па ўмацаванню даверу i бяспекi ў
ваеннай галiне.
4. Рэспублiка Беларусь i Румынiя пацвярджаюць недапушчальнасць
выкарыстоўвання сiлы або пагрозы сiлай у мiжнародных адносiнах i
адхiляюць любыя дзеяннi, накiраваныя супраць тэрытарыяльнай
цэласнасцi i палiтычнай незалежнасцi любой дзяржавы, супраць
ажыццяўлення права народаў распараджацца сваiм лёсам, а таксама
якiм-небудзь iншым чынам несумяшчальныя з мэтамi i прынцыпамi
Статута Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i Заключным актам Нарады па
бяспецы i супрацоўнiцтву ў Еўропе.
5. Абедзве дзяржавы прызнаюць неабходнасць мiрнага ўрэгулявання
спрэчак згодна са Статутам Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i будуць
актыўна падтрымлiваць адпаведныя механiзмы Арганiзацыi Аб'яднаных
Нацый i Нарады па бяспецы i супрацоўнiцтву ў Еўропе па прадухiленню
i спыненню канфлiктаў.
6. Рэспублiка Беларусь i Румынiя будуць заахвочваць развiццё i
дыверсiфiкацыю двухбаковых эканамiчных адносiн, заснаваных на
прынцыпах роўнасцi, партнёрства i ўзаемнай выгады.
Яны будуць, у прыватнасцi, ствараць спрыяльныя ўмовы для
развiцця сучасных форм гандлёвага абмену, прамысловага i
навукова-тэхнiчнага супрацоўнiцтва, а таксама для ажыццяўлення
непасрэдных сувязей памiж прадпрыемствамi i iншымi эканамiчнымi
суб'ектамi.
Абедзве дзяржавы будуць развiваць i ўдасканальваць прававую
аснову двухбаковага эканамiчнага супрацоўнiцтва, уключаючы
забеспячэнне ўзаемнай абароны iнвестыцый i недапушчальнасць двайнога
падаткаабкладання.
Яны будуць заахвочваць сумесна з iншымi зацiкаўленымi
дзяржавамi ажыццяўленне праектаў рэгiянальнага i субрэгiянальнага
супрацоўнiцтва, у першую чаргу ў галiне транспарту, энергетыкi i
аховы навакольнага асяроддзя.
7. Рэспублiка Беларусь i Румынiя будуць цесна супрацоўнiчаць
памiж сабой у галiне аховы навакольнага асяроддзя i рацыянальнага
выкарыстання прыродных рэсурсаў, а таксама актыўна ўдзельнiчаць у
вырашэннi глабальных i ў асаблiвасцi еўрапейскiх экалагiчных
праблем.
Яны маюць агульны погляд на масштабы катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС i лiчаць, што для мiнiмiзацыi яе вынiкаў неабходны
намаганнi ўсяго мiжнароднага супольнiцтва, у тым лiку адпаведныя
захады з боку Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.
8. Рэспублiка Беладусь i Румынiя будуць развiваць
супрацоўнiцтва ў сферы культуры, навукi, адукацыi i iнфармацыi, а
таксама абмены ў гэтых галiнах. 3 гэтай мэтай яны будуць заахвочваць
пашырэнне непасрэдных сувязей памiж дзяржаўнымi органамi,
культурнымi i навуковымi ўстановамi, грамадскiмi арганiзацыямi,
творчымi i прафесiйнымi саюзамi.
Абедзве дзяржавы будуць супрацоўнiчаць у вырашэннi гуманiтарных
праблем i спрыяць узаемным кантактам памiж iх грамадзянамi.
Рэспублiка Беларусь i Румынiя прызнаюць неабходнасць
распрацоўкi прававых асноў для шырокага культурнага i гуманiтарнага
супрацоўнiцтва, а таксама супрацоўнiцтва ў галiне консульскiх
адносiн.
9. Рэспублiка Беларусь i Румынiя будуць праводзiць кансультацыi
на ўсiх узроўнях па пытаннях развiцця двухбаковых адносiн. Яны
будуць спрыяць развiццю кантактаў памiж парламентамi i
парламентарыямi двух дзяржаў.
Рэспублiка Беларусь i Румынiя будуць супрацоўнiчаць на
мiжнароднай арэне i кансультавацца па мiжнародных пытаннях, якiя
прадстаўляюць iнтарэс для абедзвюх старон, у прыватнасцi, па
пытаннях бяспекi i супрацоўнiцтва ў Еуропе.
10. Палажэннi гэтай Дэкларацыi будуць развiты i замацаваны ў
дагаворы памiж Рэспублiкай Беларусь i Румынiяй аб дружбе i
супрацоўнiцтве.
Аформлена ў Мiнску 12 лiпеня 1992 года ў двух экземплярах,
кожны на беларускай i румынскай мовах, прычым абодва тэксты маюць
аднолькавую сiлу.
Старшыня Вярхоўнага Савета Прэзiдэнт Румынii
Рэспублiкi Беларусь I.IЛIЕСКУ
С.ШУШКЕВIЧ
|