Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 10 июня 2006 г. №730
"Аб зацвярджэннi Палажэння аб Музейным фондзе Рэспублiкi Беларусь"
ПАСТАНОВА САВЕТА МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
10 чэрвеня 2006 г. № 730
АБ ЗАЦВЯРДЖЭННІ ПАЛАЖЭННЯ АБ МУЗЕЙНЫМ ФОНДЗЕ
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 21 Закона Рэспублікі
Беларусь ад 12 снежня 2005 года «Аб музеях і Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь» і ў мэтах забеспячэння эфектыўнага захоўвання,
уліку і выкарыстання музейных прадметаў і музейных калекцый Савет
Міністраў Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
1. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь.
2. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым
выканаўчым і распарадчым органам, дзяржаўным арганізацыям
забяспечыць да 31 снежня 2009 г. прадстаўленне ў Міністэрства
культуры звестак аб музейных прадметах і музейных калекцыях
дзяржаўных музеяў, якія знаходзяцца ў іх музейных фондах на дзень
уступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2005 года
«Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (Национальный
реестр правовых актов Республики Беларусь, 2005 г., № 197, 2/1167),
у парадку згодна з зацверджаным Палажэннем аб Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь.
3. Міністэрству культуры забяспечыць уключэнне да 31 снежня
2010 г. у Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь
атрыманых звестак аб музейных прадметах і музейных калекцыях
дзяржаўных музеяў, якія знаходзяцца ў іх музейных фондах на дзень
уступлення ў сілу Закона Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным
фондзе Рэспублікі Беларусь».
4. Дадзеная пастанова ўступае ў сілу з 23 чэрвеня 2006 г.
Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.Сідорскі
ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова
Савета Міністраў
Рэспублікі Беларусь
10.06.2006 № 730
ПАЛАЖЭННЕ
аб Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. Дадзенае Палажэнне распрацавана ў адпаведнасці з Законам
Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2005 года «Аб музеях і Музейным
фондзе Рэспублікі Беларусь» (далей - Закон) і вызначае парадак:
уключэння музейных прадметаў і музейных калекцый у Музейны
фонд Рэспублікі Беларусь (далей - Музейны фонд) і іх выключэння з
Музейнага фонду;
захоўвання, выкарыстання музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд, і распараджэння імі;
цэнтралізаванага ўліку музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд;
фарміравання і вядзення Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду
(далей - Дзяржаўны каталог);
дзяржаўнага кантролю за станам музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд.
ГЛАВА 2
СКЛАД МУЗЕЙНАГА ФОНДУ
2. Музейны фонд уключае музейныя прадметы і музейныя калекцыі
ўсіх дзяржаўных музеяў.
У Музейны фонд могуць быць уключаны музейныя прадметы і
музейныя калекцыі прыватных музеяў у парадку, устаноўленым пунктамі
6 і 7 дадзенага Палажэння.
3. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі дзяржаўных музеяў
з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю і не падлягаюць звароту іх ранейшым
уласнікам, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.
4. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнай спадчыны Рэспублікі
Беларусь.
ГЛАВА 3
ПАРАДАК УКЛЮЧЭННЯ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ У МУЗЕЙНЫ
ФОНД І ІХ ВЫКЛЮЧЭННЯ З МУЗЕЙНАГА ФОНДУ
5. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі дзяржаўных музеяў
лічацца ўключанымі ў Музейны фонд пасля рэгістрацыі іх у кнізе
паступленняў (галоўнай інвентарнай кнізе) гэтых музеяў. Інфармацыя
аб дадзеных музейных прадметах і музейных калекцыях падлягае
абавязковай фіксацыі ў Дзяржаўным каталогу.
6. Уключэнне ў Музейны фонд музейных прадметаў і музейных
калекцый прыватных музеяў ажыццяўляецца на падставе пісьмова
аформленых заявы па форме згодна з дадаткам 1 або згоды ўласнікаў
гэтых музейных прадметаў і музейных калекцый.
Дадаткова ўласнікі прыватных музеяў падаюць у Міністэрства
культуры копію статута або палажэння аб музеі і інфармацыю аб
музейных прадметах (музейных калекцыях) на пісьмовых і электронных
носьбiтах згодна з дадаткам 2.
7. Рашэнне аб уключэнні ў Музейны фонд музейных прадметаў і
музейных калекцый прыватных музеяў прымаецца Міністэрствам культуры
ў форме загада.
8. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі выключаюцца з
Музейнага фонду ў выпадку, калі яны:
пашкоджаны ў такой ступені, што іх немагчыма рэстаўрыраваць;
страцілі сваю культурную, гістарычную, навуковую і (або)
мастацкую вартасць;
страчаны або знішчаны ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў;
выкрадзены, што пацвярджаецца адпаведнымі дзяржаўнымі
органамі;
знаходзяцца ў музейным фондзе прыватнага музея і выключаюцца
на падставе пісьмова аформленай заявы па форме згодна з дадаткам 3;
абменьваюцца згодна з заканадаўствам на іншы музейны прадмет,
які знаходзіцца ў замежным музеі, або прадмет музейнага значэння і
на іншую музейную калекцыю, якая знаходзіцца ў замежным музеі.
9. Для прыняцця рашэння аб выключэнні музейных прадметаў і
(або) музейных калекцый з Музейнага фонду музей або юрыдычная асоба,
структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, падае ў
Міністэрства культуры заяву, у якой пазначаны прычыны выключэння
музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, прадугледжаныя ў
пункце 8 дадзенага Палажэння, адпаведную выпіску з пратакола фондава-
закупачнай камісіі музея (для дзяржаўных музеяў), а таксама вопіс
музейных прадметаў і (або) музейных калекцый, што падлягаюць
выключэнню. Рашэнне аб выключэнні музейных прадметаў і (або)
музейных калекцый з Музейнага фонду прымае Міністэрства культуры ў
форме загада.
ГЛАВА 4
АСАБЛІВАСЦІ ВЫКАРЫСТАННЯ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ,
УКЛЮЧАНЫХ У МУЗЕЙНЫ ФОНД, І РАСПАРАДЖЭННЯ ІМІ
10. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд, у працэсе музейнай дзейнасці выкарыстоўваюцца ў мэтах
забеспячэння агульнадаступнасці культурных каштоўнасцей айчыннай і
сусветнай культуры, выкарыстання іх для інтэлектуальнага і
культурнага развіцця грамадства, у тым ліку для распаўсюджвання
ведаў аб навакольным асяроддзі, гісторыі і культуры.
11. Забараняецца выкарыстанне музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд, ва ўмовах, якія ствараюць
пагрозу іх захаванню і (або) могуць прывесці да іх пашкоджання,
страты або знішчэння. У мэтах забеспячэння захавання музейных
прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд, і
выключэння выпадкаў іх пашкоджання, страты або знішчэння ў музеях
устанаўліваецца навукова абгрунтаваны спецыяльны рэжым захоўвання
музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд,
праводзяцца іх кансервацыя і (або) рэстаўрацыя.
Правядзенне кансервацыйных і рэстаўрацыйных работ
ажыццяўляецца спецыялістамі адпаведнай кваліфікацыі.
12. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд, вывазу за межы Рэспублікі Беларусь на пастаяннае захоўванне не
падлягаюць, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.
13. Часовы вываз музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд, за межы Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца
ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
14. Перадача музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных
у Музейны фонд, ад аднаго музея да другога і ад музея да іншай
арганізацыі на часовае захоўванне тэрмінам да аднаго года
ажыццяўляецца на падставе дамоўленасці паміж імі, а для дзяржаўных
музеяў, зарэгістраваных як юрыдычныя асобы, - таксама пры наяўнасці
пісьмовага дазволу заснавальніка музея.
Перадача на часовае захоўванне тэрмінам да аднаго года
музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд,
якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі «0», «1» або «2»
катэгорыі, а таксама тых, што стаяць на спецыяльным уліку,
ажыццяўляецца з пісьмовага дазволу Міністэрства культуры.
15. Музейныя прадметы і (або) музейныя калекцыі, уключаныя ў
Музейны фонд, могуць перадавацца ад аднаго дзяржаўнага музея да
другога ў парадку універсальнай правапераемнасці, у выпадку абмену
на іншы музейны прадмет і (або) музейную калекцыю ці іншым спосабам,
які не супярэчыць заканадаўству, толькі па дамоўленасці паміж
музеямі або юрыдычнымі асобамі, структурнымі падраздзяленнямі якіх
з’яўляюцца музеі, і з дазволу Міністэрства культуры.
16. Пры ліквідацыі дзяржаўнага музея музейныя прадметы і
музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд, перадаюцца па рашэнню
заснавальніка музея і па ўзгадненню з Міністэрствам культуры іншым
дзяржаўным музеям.
17. Наведвальнікі музеяў могуць працаваць з музейнымі
прадметамі і музейнымі калекцыямі, уключанымі ў Музейны фонд, у
парадку, устаноўленым заканадаўствам.
18. Права першай публікацыі аб музейных прадметах і музейных
калекцыях, уключаных у Музейны фонд, належыць музею, у музейны фонд
якога яны ўключаны.
Выраб выяўленчай, друкаванай, сувенірнай і іншай тыражаванай
прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем
выяў музейных прадметаў і музейных калекцый, будынкаў музеяў,
аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыях музеяў, у тым ліку з
выкарыстаннем іх назваў і сімволікі, ажыццяўляецца толькі з дазволу
музеяў.
19. Асобы, якія парушылі правілы выкарыстання, захоўвання,
уліку і рэстаўрацыі музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд, нясуць адказнасць у адпаведнасці з
заканадаўствам.
ГЛАВА 5
ЦЭНТРАЛІЗАВАНЫ ЎЛІК МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ,
УКЛЮЧАНЫХ У МУЗЕЙНЫ ФОНД. ДЗЯРЖАЎНЫ КАТАЛОГ
20. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд, падлягаюць цэнтралізаванаму ўліку.
21. Цэнтралізаваны ўлік музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд, ажыццяўляе Міністэрства культуры
щляхам вядзення Дзяржаўнага каталога на падставе звестак уліковай
дакументацыі музеяў.
22. Парадак камплектавання, унутрымузейнага ўліку, навуковай
апрацоўкі і захоўвання музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд, устанаўліваецца Міністэрствам культуры.
23. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны
фонд, бухгалтарскаму ўліку не падлягаюць.
24. Дзяржаўны каталог - гэта сукупнасць асноўных звестак аб
кожным музейным прадмеце і кожнай музейнай калекцыі, уключаных ў
Музейны фонд.
25. Асноўныя мэты вядзення Дзяржаўнага каталога:
цэнтралізаваны ўлік усіх музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд;
ажыццяўленне кантролю за станам захаванасці Музейнага фонду;
ідэнтыфікацыя і папулярызацыя культурных каштоўнасцей
Рэспублікі Беларусь.
26. Інфармацыя Дзяржаўнага каталога змяшчаецца ў
агульнадзяржаўнай электроннай базе даных, якая ствараецца і вядзецца
за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
27. Непасрэднае вядзенне Дзяржаўнага каталога ажыццяўляецца на
падставе даных уліковай дакументацыі, прадстаўленай музеямі.
28. У мэтах вядзення Дзяржаўнага каталога Міністэрства
культуры ажыццяўляе:
збор інфармацыі аб музейных прадметах і музейных калекцыях,
уключаных у Музейны фонд, для ўнясення яе ў Дзяржаўны каталог;
улік наяўнасці і кантроль захаванасці музейных прадметаў і
музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд.
29. Навукова-тэхнічнае забеспячэнне вядзення Дзяржаўнага
каталога ажыццяўляецца ўпаўнаважанай арганізацыяй Міністэрства
культуры шляхам:
першапачатковага фарміравання і далейшай актуалізацыі
электроннай базы даных, у якой фіксуецца інфармацыя аб музейных
прадметах і музейных калекцыях, уключаных у Музейны фонд, у тым
ліку: даныя аб руху музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд, звесткі аб стратах музейных прадметаў і
музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд, інфармацыя аб дзеяннях,
накіраваных на ўстанаўленне, змяненне або прыпыненне грамадзянскіх
правоў і абавязкаў у адносінах да музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд, па заяве прыватных музеяў;
вызначэнне ступені каштоўнасці музейных прадметаў і музейных
калекцый, уключаных у Музейны фонд, з мэтай унясення прапановы для
ўключэння іх у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны
Рэспублікі Беларусь;
фарміраванне з агульнай базы Дзяржаўнага каталога электроннага
каталога віртуальных калекцый для ўсеагульнага доступу ў Інтэрнет.
30. Дзяржаўныя музеі забяспечваюць своечасовае паступленне ў
Дзяржаўны каталог інфармацыі аб музейных прадметах і музейных
калекцыях, уключаных у Музейны фонд, якія знаходзяцца ў іх музейных
фондах, згодна з дадаткам 2.
31. Новыя паступленні музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд, павінны быць заяўлены для ўключэння ў
Дзяржаўны каталог у трохмесячны тэрмін з дня іх набыцця і
рэгістрацыі ў кнізе паступленняў (галоўнай інвентарнай кнізе).
32. Пасля ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Музейны фонд
музейных прадметаў і музейных калекцый прыватных музеяў копія загада
Міністра культуры аб іх уключэнні ў дзесяцідзённы тэрмін
накіроўваецца ва ўпаўнаважаную арганізацыю Міністэрства культуры,
адказную за навукова-тэхнічнае забеспячэнне вядзення Дзяржаўнага
каталога.
33. Інфармацыя, якая паступае ў Дзяржаўны каталог, павінна
быць прадстаўлена ў электронным выглядзе на адной з дзяржаўных моў
Рэспублікі Беларусь.
34. Вядзенне электроннай базы даных Дзяржаўнага каталога
ажыццяўляецца на беларускай мове, а для музейных прадметаў і
музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд, інфармацыя аб якіх
выстаўляецца ў Інтэрнеце і распаўсюджваецца на CD-дысках, -
дадаткова на рускай і англійскай мовах.
35. Інфармацыя аб музейных прадметах і музейных калекцыях,
уключаных у Музейны фонд, уносіцца ў двухмесячны тэрмін з дня яе
паступлення ў Дзяржаўны каталог упаўнаважанай арганізацыяй
Міністэрства культуры, адказнай за навукова-тэхнічнае забеспячэнне
вядзення Дзяржаўнага каталога.
36. Дзяржаўныя і прыватныя музеі пасля рэгістрацыі ў
Дзяржаўным каталогу музейных прадметаў і музейных калекцый,
уключаных у Музейны фонд, атрымліваюць адпаведнае пацвярджэнне аб
рэгістрацыі.
37. Пры ўпаўнаважанай арганізацыі Міністэрства культуры,
адказнай за навукова-тэхнічнае забеспячэнне вядзення Дзяржаўнага
каталога, працуе экспертны савет, які разглядае мэтазгоднасць
надання асобным музейным прадметам і музейным калекцыям, уключаным у
Музейны фонд, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і рэкамендуе
іх для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей
Рэспублікі Беларусь.
Палажэнне аб дзейнасці экспертнага савета Музейнага фонду і
яго склад зацвярджаюцца загадам Міністра культуры.
38. Аб любых зменах у інфармацыі, зарэгістраванай у Дзяржаўным
каталогу, музеі абавязаны ў месячны тэрмін паведаміць у Міністэрства
культуры і ва ўпаўнаважаную арганізацыю Міністэрства культуры,
адказную за навукова-тэхнічнае забеспячэнне вядзення Дзяржаўнага
каталога.
39. Інфармацыя аб стратах або знішчэннях музейных прадметаў і
музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд, накіроўваецца ў
Міністэрства культуры ў трохдзённы тэрмін з моманту ўстанаўлення
факту страты або знішчэння для фіксацыі ў Дзяржаўным каталогу.
40. Пасля прыняцця ва ўстаноўленым парадку рашэння аб
выключэнні музейных прадметаў і (або) музейных калекцый з Музейнага
фонду адпаведны загад Міністэрства культуры ў трохдзённы тэрмін
накіроўваецца ва ўпаўнаважаную арганізацыю Міністэрства культуры,
адказную за навукова-тэхнічнае забеспячэнне вядзення Дзяржаўнага
каталога, дзе адбываецца рэгістрацыя факта іх выключэння.
41. У выпадку змены ўласніка музейных прадметаў і музейных
калекцый прыватных музеяў, уключаных у Музейны фонд, ранейшыя
ўласнікі ў дзесяцідзённы тэрмін паведамляюць аб гэтым у Міністэрства
культуры і ва ўпаўнаважаную арганізацыю Міністэрства культуры,
адказную за навукова-тэхнічнае забеспячэнне вядзення Дзяржаўнага
каталога, дзе гэтыя факты падлягаюць неадкладнай рэгістрацыі.
42. Інфармацыя, якая змяшчаецца ў электроннай базе даных
Дзяржаўнага каталога, за выключэннем звестак аб прыватных уласніках
музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд,
з’яўляецца даступнай для музейных работнікаў і наведвальнікаў
музеяў.
Для агульнага доступу ствараецца электронны каталог музейных
прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд.
43. Для забеспячэння захаванасці даных Дзяржаўнага каталога
ажыццяўляецца тэхналагічны маніторынг баз даных і іх абавязковае
страхавое капіраванне.
ГЛАВА 6
ДЗЯРЖАЎНЫ КАНТРОЛЬ ЗА СТАНАМ МУЗЕЙНАГА ФОНДУ
44. Дзяржаўны кантроль за станам Музейнага фонду ажыццяўляецца
Міністэрствам культуры, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі
органамі, іншымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з іх
кампетэнцыяй.
45. Дзяржаўны кантроль за станам Музейнага фонду ажыццяўляецца
ў формах:
праверкі іх цэласнасці і захаванасці;
праверкі ўліковай дакументацыі музейных прадметаў і музейных
калекцый;
у іншых формах, устаноўленых заканадаўствам.
Дадатак 1
да Палажэння аб
Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь
Форма
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
Прозвішча, імя, імя па бацьку фізічнай асобы або поўная назва
арганізацыі, якая з’яўляецца ўласнікам музейных прадметаў і (або)
музейных калекцый __________________________________________________
____________________________________________________________________
Пашпартныя даныя ўласніка (для фізічнай асобы)______________________
____________________________________________________________________
Адрас, тэлефон уласніка_____________________________________________
____________________________________________________________________
Назва прыватнага музея______________________________________________
____________________________________________________________________
____________________________________________________________________
ЗАЯВА
аб уключэнні музейных прадметаў (музейных калекцый) прыватных музеяў
у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь
Прашу ўключыць у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь музейныя
прадметы (музейныя калекцыі), якія знаходзяцца ў маёй уласнасці ў
колькасці _____ адзінак, згодна з вопісам на папяровым і электронным
носьбітах.
Пацвярджаю, што з’яўляюся адзіным уласнікам дадзеных музейных
прадметаў (музейных калекцый) і што гэта маёмасць пазбаўлена якіх-
небудзь абавязацельстваў.
Абавязуюся ў адносінах да музейных прадметаў (музейных
калекцый), уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь, забяспечыць
выкананне ўсіх патрабаванняў, вызначаных Законам Рэспублікі Беларусь
«Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» і Палажэннем аб
Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь.
Дадатак: вопіс на _____ л. у ____ экз.
і дыск CD (_______ шт.)
Подпіс, дата і месца складання дакумента для ўключэння ў Дзяржаўны
каталог.
Дадатак 2
да Палажэння аб
Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь
ІНФАРМАЦЫЯ
аб музейных прадметах і музейных калекцыях, уключаных у Музейны
фонд, для ўключэння іх у Дзяржаўны каталог
1. Назва музея.
2. Ідэнтыфікацыйны нумар музейнага прадмета, шыфр і катэгорыя па
Дзяржаўнаму спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі
Беларусь (для гісторыка-культурных каштоўнасцей).
3. Катэгорыя музейнага прадмета.
4. Прадметнае імя музейнага прадмета.
5. Назва музейнага прадмета (музейнай калекцыі).
6. Аўтар музейнага прадмета (музейнай калекцыі), калі маецца і
вядомы.
7. Месца стварэння (вытворчасці музейнага прадмета).
8. Час стварэння музейнага прадмета.
9. Культурны перыяд, да якога адносіцца музейны прадмет (музейная
калекцыя).
10. Матэрыял і тэхніка выканання музейнага прадмета.
11. Памеры, вага музейнага прадмета.
12. Кароткае апісанне музейнага прадмета.
13. Стан захаванасці музейнага прадмета (музейнай калекцыі).
14. Фотаздымак музейнага прадмета ў лічбавым фармаце, jpg.
Дадатак 3
да Палажэння аб
Музейным фондзе
Рэспублікі Беларусь
Форма
Міністэрства культуры
Рэспублікі Беларусь
Прозвішча, імя, імя па бацьку фізічнай асобы або поўная назва
арганізацыі, якая з’яўляецца ўласнікам музейных прадметаў і (або)
музейных калекцый __________________________________________________
____________________________________________________________________
Пашпартныя даныя ўласніка (для фізічнай асобы)______________________
____________________________________________________________________
Адрас, тэлефон уласніка_____________________________________________
____________________________________________________________________
Назва прыватнага музея______________________________________________
____________________________________________________________________
____________________________________________________________________
ЗАЯВА
аб выключэнні музейных прадметаў (музейных калекцый) з Музейнага
фонду Рэспублікі Беларусь
Прашу выключыць з Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь музейныя
прадметы (музейныя калекцыі), якія знаходзяцца ў маёй уласнасці ў
колькасці _______________________________
адзінак па прычыне_________________________________________________
____________________________________________________________________
____________________________________________________________________
Дадатак: вопіс на _______ л. у ____ экз.
Подпіс, дата і месца складання дакумента.
|