Соглашение Правительства Республики Беларусь и Правительства Словацкой Республики от 26 августа 2005 г.
"Пагадненне памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Славацкай Рэспублiкi аб заахвочваннi i ўзаемнай ахове iнвестыцый"
ПАГАДНЕННЯ ПАМІЖ УРАДАМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І УРАДАМ
СЛАВАЦКАЙ РЭСПУБЛІКІ АБ ЗААХВОЧВАННІ І ЎЗАЕМНАЙ АХОВЕ
ІНВЕСТЫЦЫЙ*
__________________________
*Ратыфiкавана Законам Рэспублiкi Беларусь ад 16 мая 2006 г.
№ 103-З «Аб ратыфiкацыi Пагаднення памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь
i Урадам Славацкай Рэспублiкi аб заахвочваннi i ўзаемнай ахове
iнвестыцый» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,
2006 г., № 78, 2/1200).
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Славацкай Рэспублікі (далей -
Дагаворныя Бакі),
прызнаючы неабходнасць інтэнсіфікацыі эканамічнага
супрацоўніцтва на прынцыпах узаемнай выгады для абедзвюх дзяржаў,
жадаючы стварыць і развіваць спрыяльныя ўмовы для iнвестыцый
інвестараў дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку на тэрыторыi дзяржавы
iншага Дагаворнага Боку, усведамляючы, што заахвочванне і ўзаемная
ахова інвестыцый згодна з гэтым Пагадненнем будуць спрыяць
прадпрымальніцкай ініцыятыве ў гэтай галіне,
дамовiлiся аб нiжэйпададзеным:
Артыкул 1
Азначэннi
Для мэтаў гэтага Пагаднення выкарыстоўваюцца наступныя тэрміны
і паняцці:
1. «Інвестыцыi» - усе вiды маёмасці, якія інвесціраваны ў
працэс эканамічнай дзейнасці інвестарам дзяржавы аднаго Дагаворнага
Боку на тэрыторыі дзяржавы іншага Дагаворнага Боку ў адпаведнасці з
заканадаўствам апошняй і ўключаюць, у прыватнасці, але не выключна:
а) рухомую i нерухомую маёмасць і любыя рэчавыя правы, такiя,
як iпатэкi, гарантыі, правы залогу i аналагічныя правы;
б) акцыi, аблігацыі, уклады і любыя іншыя формы ўдзелу ў
маёмасці камерцыйных арганізацый;
в) правы патрабавання ў адносiнах да грашовых сродкаў або
любога выканання абавязацельстваў па дагавору, якія маюць якую-
небудзь эканамiчную каштоўнасць;
г) правы на інтэлектуальную ўласнасць, уключаючы аўтарскія
правы, патэнты, ліцэнзіі, тэхналагічныя працэсы, карысныя мадэлі,
прамысловыя ўзоры, таварныя знакі або камерцыйныя тайны, фірменныя
найменнi i гудвiл;
д) дзелавыя канцэсii, ліцэнзіі ці дазволы, якiя забяспечваюцца
ў адпаведнасцi з заканадаўствам або па дагавору, уключаючы канцэсii
на разведку, распрацоўку, здабычу або эксплуатацыю прыродных
рэсурсаў, якія знаходзяцца на тэрыторыях дзяржаў Дагаворных Бакоў.
Любая змена юрыдычнай формы, у якой iнвесцiруюцца каштоўнасці,
не закранае характару iх як iнвестыцый, і тэрмін «інвестыцыі»
ўключае ўсе інвестыцыі ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 11
гэтага Пагаднення.
2. «Інвестары» - любая юрыдычная ці фізічная асоба аднаго
Дагаворнага Боку, якая ажыццяўляе інвестыцыі на тэрыторыі дзяржавы
іншага Дагаворнага Боку, у тым ліку:
a) «фізічная асоба» - любая асоба, якая мае грамадзянства
дзяржавы аднаго з Дагаворных Бакоў у адпаведнасці з яго
заканадаўствам;
б) «юрыдычная асоба» - юрыдычныя асобы, якія належным чынам
створаны ці заснаваны згодна з заканадаўствам дзяржавы адпаведнага
Дагаворнага Боку.
3. «Даходы» - сумы, атрыманыя ў выніку iнвестыцый, i, у
прыватнасці, але не выключна, уключаюць прыбытак, працэнты, даходы
ад прыросту капітальнай вартасці, дывiдэнды, ліцэнзійныя і іншыя
плацяжы.
4. «Тэрыторыя» азначае ў адносінах да:
a) Рэспублiкi Беларусь - тэрыторыю, на якой Рэспубліка
Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам ажыццяўляе суверэнныя
правы або якая знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Рэспублікі Беларусь;
б) Славацкай Рэспублікі - зямлю, унутраныя воды і паветраныя
прасторы, над якімі яна ў адпаведнасці з міжнародным правам
ажыццяўляе суверэнныя правы або якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй
Славацкай Рэспублікі.
5. «Свабоднаканверсійная валюта» - валюта, якая шырока
ўжываецца для ажыццяўлення плацяжоў па міжнародных здзелках і шырока
абменьваецца на асноўных міжнародных рынках.
6. «Грамадская неабходнасць» - вызначаецца ў адпаведнасці з
нацыянальным заканадаўствам дзяржаў Дагаворных Бакоў.
Артыкул 2
Заахвочванне і ўзаемная ахова iнвестыцый
1. Кожны Дагаворны Бок будзе ствараць спрыяльныя ўмовы для
ажыццяўлення iнвестыцый на тэрыторыі яго дзяржавы iнвестарамі
дзяржавы iншага Дагаворнага Боку i ў адпаведнасці са сваім
нацыянальным заканадаўствам будзе дапускаць ажыццяўленне такіх
iнвестыцый.
2. Інвестыцыям інвестараў дзяржавы кожнага з Дагаворных Бакоў
будзе забяспечвацца справядлівы і раўнапраўны рэжым, а таксама
поўная прававая ахова на тэрыторыі дзяржавы іншага Дагаворнага Боку
ў адпаведнасці з гэтым Пагадненнем. Кожны з Дагаворных Бакоў
абавязуецца не перашкаджаць шляхам прыняцця неабгрунтаваных або
дыскрымінацыйных мер кіраванню, падтрыманню, выкарыстанню або
распараджэнню інвестыцыямі на тэрыторыі сваёй дзяржавы інвестарамі
дзяржавы іншага Дагаворнага Боку. Кожны з Дагаворных Бакоў
абавязуецца прытрымлівацца любога абавязацельства, якое ён узяў на
сябе ў адносінах да інвестыцый інвестараў дзяржавы іншага
Дагаворнага Боку.
Артыкул 3
Нацыянальны рэжым і рэжым найбольшага спрыяння
1. Кожны з Дагаворных Бакоў будзе забяспечваць на тэрыторыі
сваёй дзяржавы справядлiвы i раўнапраўны рэжым iнвестыцыям і даходам
інвестараў дзяржавы іншага Дагаворнага Боку, не менш спрыяльны за
той, які ён забяспечвае ў адносінах да інвестыцый і даходаў
інвестараў сваёй дзяржавы або інвестыцый і даходаў інвестараў любой
трэцяй дзяржавы.
2. Кожны з Дагаворных Бакоў абавязуецца забяспечваць на
тэрыторыі сваёй дзяржавы інвестарам дзяржавы іншага Дагаворнага Боку
ў тым, што датычыцца кiравання, падтрымання, выкарыстання або
распараджэння іх інвестыцыямі, справядлівы і раўнапраўны рэжым, не
менш спрыяльны за той, які ён дае інвестарам сваёй дзяржавы або
інвестарам любой трэцяй дзяржавы.
3. Палажэнні пунктаў 1 і 2 гэтага артыкула нельга разглядаць
так, што яны абавязуюць адзін Дагаворны Бок даваць інвестарам
дзяржавы іншага Дагаворнага Боку рэжым або перавагі, якія кожны з
Дагаворных Бакоў можа даваць у адносінах да любой трэцяй дзяржавы ў
адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі або дагаворамі, якія
датычацца выключна ці галоўным чынам падаткаабкладання.
4. Палажэнні гэтага Пагаднення аб недыскрымінацыі,
нацыянальным рэжыме і рэжыме найбольшага спрыяння не будуць ужывацца
ў адносінах да пераваг, якія забяспечваюцца ў адпаведнасці з
членствам кожнага з Дагаворных Бакоў у мытным, эканамічным ці
валютным саюзе, агульным рынку ці зоне вольнага гандлю, фізічных і
юрыдычных асоб гэтага Дагаворнага Боку, дзяржаў - удзельніц гэтага
саюза, агульнага рынку ці зоны вольнага гандлю або любой іншай
дзяржавы.
Артыкул 4
Пакрыццё страт
1. Інвестарам дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку, інвестыцыі
якіх панеслі страты ў выніку вайны, іншага ўзброенага канфлікту,
дзяржаўнага надзвычайнага становішча, рэвалюцыі, паўстання,
хваляванняў, бунту ці другіх падобных здарэнняў, што мелі месца на
тэрыторыі іншага Дагаворнага Боку, гэты Дагаворны Бок забяспечвае
рэжым не менш спрыяльны за той, які ён дае сваім інвестарам ці
інвестарам любой трэцяй дзяржавы ў тым, што датычыцца аднаўлення,
пакрыцця страт, кампенсацыі або іншага ўрэгулявання.
2. Без урону для пункта 1 гэтага артыкула інвестары дзяржавы
аднаго з Дагаворных Бакоў, якія ў любой з сітуацый, зазначаных у
пункце 1, нясуць на тэрыторыі дзяржавы іншага Дагаворнага Боку
страты ў выніку:
a) рэквізіцыі іх маёмасці ўзброенымі сіламі ці ўладамі
апошняга ці
б) знішчэння іх маёмасці ўзброенымі сіламі ці ўладамі
апошняга, прытым што гэта не было выклікана баявымі дзеяннямі або
неабходнасцю становішча,
маюць права атрымаць ад апошняга Дагаворнага Боку справядлівую
і адпаведную кампенсацыю страт, якія ўзніклі ў выніку рэквізіцыі ці
знішчэння іх маёмасці.
Такая кампенсацыя выплачваецца ў адпаведнасці з палажэннямі
пункта 1 артыкула 4 гэтага Пагаднення.
3. Плацяжы, якія вынікаюць з палажэнняў гэтага артыкула,
могуць пераводзіцца без абмежаванняў у свабоднаканверсійнай валюце.
Артыкул 5
Экспрапрыяцыя
1. Інвестыцыі інвестараў дзяржаў кожнага з Дагаворных Бакоў на
тэрыторыі дзяржавы іншага Дагаворнага Боку не могуць быць
нацыяналізаваны, экспрапрыіраваны або падпадаць пад дзеянне мер,
якія роўныя па наступствах нацыяналізацыі (далей - экспрапрыяцыя),
за выключэннем экспрапрыяцыі ў мэтах грамадскай неабходнасці з
выплатай своечасовай, адэкватнай і эфектыўнай кампенсацыі.
Экспрапрыяцыя ажыццяўляецца на недыскрымінацыйнай аснове згодна з
нацыянальным заканадаўствам адпаведнага Дагаворнага Боку.
Памер кампенсацыі павінен адпавядаць справядліваму рыначнаму
кошту экспрапрыіраваных інвестыцый (вызначаецца на падставе апошніх
балансавых запісаў ці сярэдняга рыначнага кошту аналагічных
інвестыцый) на момант ажыццяўлення экспрапрыяцыі ці яе абвяшчэння ў
залежнасці ад таго, што мела месца раней. Кампенсацыя ўключае
працэнт па звычайнай камерцыйнай стаўцы на перыяд да даты плацяжу,
выплачваецца без неабгрунтаванай затрымкі і павінна пераводзіцца без
абмежаванняў. Зазначаны працэнт будзе не ніжэй за адпаведны працэнт,
які ўстаноўлены на Лонданскім міжбанкаўскім рынку (LIBOR).
Кампенсацыя выплачваецца ў свабоднаканверсійнай валюце.
2. Інвестар, інвестыцыі якога былі экспрапрыіраваны, мае права
ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы Дагаворнага Боку, які
праводзiць экспрапрыяцыю, на аператыўны разгляд справы і аналіз
ацэнкі адпаведных інвестыцый згодна з прынцыпамі, што выкладзены ў
гэтым артыкуле, судовай або іншай незалежнай паўнамоцнай інстанцыяй
дзяржавы гэтага Дагаворнага Боку.
3. У выпадку, калі адзін з Дагаворных Бакоў экспрапрыіруе
маёмасць юрыдычнай асобы, адпаведным чынам створанай або заснаванай
згодна з заканадаўствам, якое дзейнічае ў любой частцы тэрыторыі
дзяржавы гэтага Дагаворнага Боку, і калі ў гэтай юрыдычнай асобы
ёсць долевы ўдзел інвестараў дзяржавы другога Дагаворнага Боку,
Дагаворны Бок, які ажыццяўляе экспрапрыяцыю, забяспечвае прымяненне
палажэнняў пункта 1 гэтага артыкула ў аб’ёме, неабходным для
гарантыі своечасовай, адэкватнай і эфектыўнай кампенсацыі ў
адносінах да інвестыцый гэтых інвестараў дзяржавы іншага Дагаворнага
Боку, якім належаць названыя долі.
Артыкул 6
Перавод плацяжоў
1. Кожны з Дагаворных Бакоў гарантуе інвестарам дзяржавы
іншага Дагаворнага Боку пасля выканання імі ўсіх фінансавых
абавязацельстваў у тым, што датычыцца інвестыцый, бесперашкодны
перавод іх інвестыцый і даходаў. Пераводы будуць ажыццяўляцца без
неабгрунтаваных затрымак. Такія пераводы ўключаюць у сябе, у
прыватнасці, але не выключна:
a) капітал і дадатковыя сумы, неабходныя для абслугоўвання і
развіцця інвестыцый;
б) даходы, як гэта вызначана ў пункце 3 артыкула 1 гэтага
Пагаднення;
в) сумы, якія выплачваюцца ў пагашэнне пазык;
г) паступленні ад поўнага ці частковага продажу або ліквідацыі
інвестыцый;
д) заробкі фізічных асоб дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку,
якім дазволена працаваць у сувязі з інвестыцыямі на тэрыторыі
дзяржавы іншага Дагаворнага Боку.
2. Пераводы, прадугледжаныя гэтым артыкулам, будуць
ажыццяўляцца ў свабоднаканверсійнай валюце па рыначным курсе, які
дзейнічае на дату пераводу, у адпаведнасці з правіламі валютнага
рэгулявання Дагаворнага Боку, на тэрыторыі дзяржавы якога былі
ажыццёўлены інвестыцыі, калі іншае не будзе ўзгоднена паміж
адпаведным інвестарам і Дагаворным Бокам.
3. Пункты 1 і 2 дадзенага Пагаднення не перашкаджаюць
Дагаворнаму Боку прымяняць меры, звязаныя з міжнароднымі пераводамі:
а) у выпадку значных цяжкасцей з балансам плацяжоў і знешнімі
фінансамі ці пагрозы такіх цяжкасцей або
б) у выпадку калі ў выключных абставінах перавод учыніць ці
будзе пагражаць учыненню значных цяжкасцей для макраэканамічнага
кіравання, у асаблівасці ў адносінах да палітыкі абменнага курсу.
4. Меры, якія зазначаны ў пункце 3 дадзенага артыкула:
а) не будуць выходзіць за межы таго, што неабходна для
вырашэння праблем, вызначаных у пункце 3 дадзенага артыкула,
б) з’яўляюцца часовымі і адмяняюцца адразу, калі дазваляюць
умовы, і
в) своечасова даводзяцца да ведама іншага Дагаворнага Боку.
Артыкул 7
Субрагацыя
1. Калі адзін з Дагаворных Бакоў або яго ўпаўнаважаная
арганізацыя (далей - першы Дагаворны Бок) выконвае плацёж па
гарантыі ў адносінах да якіх-небудзь інвестыцый на тэрыторыі
дзяржавы другога Дагаворнага Боку (далей - другі Дагаворны Бок),
другі Дагаворны Бок будзе прызнаваць:
а) перадачу першаму Дагаворнаму Боку па заканадаўстве або
згодна з законнай здзелкай усіх правоў і правоў патрабавання
гарантаванага боку, а таксама
б) той факт, што ў сілу прынцыпу субрагацыі першы Дагаворны
Бок мае права ажыццяўляць гэтыя правы і правы патрабавання ў той жа
меры, што і гарантаваны бок.
2. Першы Дагаворны Бок будзе мець права карыстацца пры любых
абставінах у адносінах да:
а) правоў, у тым ліку правоў патрабавання, якія ён атрымаў у
выніку названай перадачы, а таксама
б) любых плацяжоў, якія атрыманы ў выніку ажыццяўлення гэтых
правоў,
рэжымам, аналагічным рэжыму, якім згодна з гэтым Пагадненнем
гарантаваны бок меў права карыстацца ў адносінах да інвестыцый і
даходаў, якія маюць дачыненне да інвестыцый.
Артыкул 8
Урэгуляванне спрэчак паміж інвестарам і Дагаворным Бокам, які прымае
інвестыцыі
1. Спрэчкі паміж інвестарам аднаго з Дагаворных Бакоў і іншым
Дагаворным Бокам у адносінах да якога-небудзь абавязацельства
апошняга ў адпаведнасці з гэтым Пагадненнем, што датычыцца якіх-
небудзь інвестыцый зазначанага вышэй інвестара, якія не былі
вырашаны шляхам перагавораў, будуць перададзены ў міжнародны
арбітраж па жаданні зазначанага вышэй інвестара па сканчэнні трох
месяцаў пасля перадачы пісьмовага патрабавання.
2. У выпадку перадачы спрэчкі ў міжнародны арбітраж інвестар і
Дагаворны Бок, якія з’яўляюцца бакамі ў спрэчцы, могуць дамовіцца аб
перадачы спрэчкі ў:
а) Мiжнародны цэнтр па ўрэгуляванні iнвестыцыйных спрэчак
(ICSID), створаны Канвенцыяй па ўрэгуляванні iнвестыцыйных спрэчак
памiж дзяржавамi i грамадзянамi iншых дзяржаў, якая адкрыта да
падпiсання 18 сакавiка 1965 года ў г. Вашынгтоне, калі абодва
Дагаворныя Бакі з’яўляюцца ўдзельнікамі Канвенцыі;
б) міжнародны арбiтражны суд «ad hoc», створаны ў адпаведнасцi
з арбiтражным рэгламентам Камiсii Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый па
праве мiжнароднага гандлю (UNCITRAL).
Кожны з Дагаворных Бакоў дае згоду на перадачу спрэчкі ў
міжнародны арбітражны суд, прадугледжаны падпунктамі а) і б) пункта
2 дадзенага артыкула.
3. Арбітражныя рашэнні з'яўляюцца канчатковымі і абавязковымі
для бакоў у спрэчцы. Кожны Дагаворны Бок абавязуецца выконваць такія
рашэнні ў адпаведнасці са сваім нацыянальным заканадаўствам.
Артыкул 9
Урэгуляванне спрэчак паміж Дагаворнымі Бакамі
1. Спрэчкі паміж Дагаворнымі Бакамі на падставе тлумачэння або
прымянення гэтага Пагаднення павінны па магчымасці вырашацца шляхам
правядзення кансультацый і перагавораў.
2. Калі вырашэнне якой-небудзь спрэчкі зазначаным вышэй чынам
немагчыма, на працягу шасці месяцаў з даты атрымання першай ноты
гэта спрэчка па хадайніцтве любога з Дагаворных Бакоў можа быць
перададзена ў арбітражны суд.
3. Такі арбітражны суд будзе заснаваны наступным чынам у
кожным канкрэтным выпадку. На працягу двух месяцаў з даты атрымання
арбітражнага хадайніцтва кожны з Дагаворных Бакоў прызначае па
аднаму члену суда. Гэтыя два члены суда затым прызначаюць
грамадзяніна трэцяй дзяржавы ў якасці Старшыні арбітражнага суда
(далей - Старшыня) з узаемнай згоды Дагаворных Бакоў. Прызначэнне
Старшыні павінна адбыцца ў трохмесячны тэрмін з дня прызначэння
астатніх двух членаў суда.
4. Калі неабходныя прызначэнні не былі праведзены ў названы ў
пункце 3 гэтага артыкула тэрмін і калі Дагаворныя Бакі не дамовіліся
аб іншым, любы з Дагаворных Бакоў можа звярнуцца з просьбай аб
правядзенні неабходных прызначэнняў да Старшыні Міжнароднага Суда
Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Калі Старшыня Міжнароднага Суда
з’яўляецца грамадзянінам дзяржавы аднаго з Дагаворных Бакоў або ён
не мае магчымасці ажыццявіць зазначаныя вышэй дзеянні па іншых
прычынах, права ажыццяўлення неабходных прызначэнняў будзе дадзена
Намесніку Старшыні Міжнароднага Суда. Калі Намеснік Старшыні
Міжнароднага Суда ў сваю чаргу з'яўляецца грамадзянінам дзяржавы
аднаго з Дагаворных Бакоў або і ён не мае магчымасці ажыццявіць
названыя дзеянні па іншых прычынах, просьба аб правядзенні
неабходных прызначэнняў будзе адрасавана наступнаму па старшынстве
члену Міжнароднага Суда, які не з’яўляецца грамадзянінам ні аднаго з
Дагаворных Бакоў.
5. Арбітражны суд, які ствараецца згодна з гэтым артыкулам,
прымае рашэнні большасцю галасоў. Гэтыя рашэнні абавязковыя для
абодвух Дагаворных Бакоў. Кожны з Дагаворных Бакоў нясе выдаткі
прызначанага ім члена суда і выдаткі, звязаныя з яго ўдзелам у
арбітражным судаводстве; выдаткі Старшыні і няўлічаныя выдаткі
будуць падзелены пароўну паміж Дагаворнымі Бакамі. Суд сам вызначае
рэгламент сваёй работы.
Артыкул 10
Прымяненне іншых правіл
1. Калі якое-небудзь пытанне рэгулюецца адначасова гэтым
Пагадненнем і іншым міжнародным дагаворам, удзельнікамі якога
з'яўляюцца Дагаворныя Бакі, палажэнні гэтага Пагаднення не
перашкаджаюць кожнаму Дагаворнаму Боку ці яго інвестарам, якія
валодаюць інвестыцыямі на тэрыторыі іншага Дагаворнага Боку,
карыстацца перавагамі больш спрыяльных умоў гэтых міжнародных
дагавораў.
2. Калі адзін Дагаворны Бок дае інвестыцыям і інвестарам
іншага Дагаворнага Боку ў адпаведнасці з заканадаўствам ці
спецыяльнымі кантрактамі рэжым больш спрыяльны за той, які
прадугледжаны гэтым Пагадненнем, будзе ўжывацца больш спрыяльны
рэжым.
Артыкул 11
Прымяненне Пагаднення
Гэта Пагадненне таксама прымяняецца ў дачыненні да інвестыцый,
якія ажыццяўляюцца інвестарамі дзяржавы аднаго Дагаворнага Боку на
тэрыторыі дзяржавы іншага Дагаворнага Боку ў адпаведнасці з яго
заканадаўствам да ўступлення ў сілу гэтага Пагаднення. Гэта
Пагадненне не прымяняецца, аднак, да вырашэння спрэчак, якія ўзніклі
да яго ўступлення ў сілу.
Артыкул 12
Уступленне ў сілу, дзеянне і спыненне дзеяння
1. Гэта Пагадненне будзе адабрацца ў адпаведнасці з
працэдурамі, якія патрабуюцца на тэрыторыях дзяржаў Дагаворных
Бакоў, і набудзе сілу праз 90 дзён з даты апошняга з паведамленняў
Дагаворных Бакоў аб выкананні імі ўсіх такіх працэдур.
2. Гэта Пагадненне заключаецца на неакрэслены тэрмін. Кожны
Дагаворны Бок можа паведаміць аб сваім намеры спыніць дзеянне гэтага
Пагаднення ў пісьмовай форме іншаму Дагаворнаму Боку за дванаццаць
месяцаў да даты, калі плануецца спыніць дзеянне гэтага Пагаднення.
3. У адносінах да інвестыцый, якія былі ажыццёўлены да
спынення дзеяння гэтага Пагаднення, яго палажэнні будуць заставацца
ў сіле на працягу дзесяці гадоў пасля спынення яго дзеяння.
У сведчанне чаго прадстаўнікі, належным чынам упаўнаважаныя,
падпісалі гэта Пагадненне.
Здзейснена ў двух экзэмплярах у г. Мінску 26 жніўня 2005 года
на беларускай, славацкай і англійскай мовах, прычым усе тэксты маюць
аднолькавую сілу. У выпадку разыходжанняў перавага будзе надавацца
тэксту на англійскай мове.
За Урад За Урад
Рэспублікі Беларусь Славацкай Рэспублікі
Подпіс Подпіс
|