У к а з
Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
24 сакавiка 1995 г. N 121
г.Мiнск
АБ РЭАЛIЗАЦЫI НА ТЭРЫТОРЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
СIСТЭМЫ РАННЯГА ПАПЯРЭДЖАННЯ, ЯКАЯ ЗАБЯСПЕЧВАЕ
РАДЫЯЦЫЙНЫ МАНIТОРЫНГ У РАЁНАХ, ШТО ПРЫЛЯГАЮЦЬ
ДА ДЗЕЮЧЫХ АТАМНЫХ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЙ
===
У мэтах узмацнення на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь пастаяннага
радыяцыйнага кантролю ў раёнах, што прылягаюць да дзеючых атамных
электрастанцый, п а с т а н а ў л я ю:
1. Зацвердзiць падрыхтаваны спецыялiстамi Камiсii Еўрапейскiх
Супольнiцтваў i Рэспублiкi Беларусь праект сiстэмы ранняга
папярэджання, якая забяспечвае радыяцыйны манiторынг у раёнах
Рэспублiкi Беларусь, што прылягаюць да дзеючых атамных
электрастанцый.
Прыступiць да выканання першага этапа ("Гама-1") названага
праекта - стварэння сiстэмы ранняга папярэджання ў 30-кiламетровай
зоне Iгналiнскай АЭС Браслаўскага раёна.
2. Кабiнету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь падрыхтаваць i
прадставiць Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь праект заканадаўчага акта
Рэспублiкi Беларусь аб вызваленнi ад абкладання мытнай пошлiнай
пастаўляемых замежнымi фiрмамi за кошт сродкаў Камiсii Еўрапейскiх
Супольнiцтваў прыбораў i абсталявання ў аб`ёмах, прадугледжаных
першым этапам ("Гама-1") сiстэмы ранняга папярэджання, якая
забяспечвае радыяцыйны манiторынг у раёнах, што прылягаюць да
дзеючых атамных электрастанцый.
3. Лiчыць Камiтэт па гiдраметэаралогii Мiнiстэрства па
надзвычайных сiтуацыях i абароне насельнiцтва ад вынiкаў катастрофы
на Чарнобыльскай АЭС галоўнай эксплуатуючай арганiзацыяй сiстэмы
ранняга папярэджання, якая забяспечвае радыяцыйны манiторынг у
раёнах, што прылягаюць да дзеючых атамных электрастанцый, даручыўшы
яму прыёмку абсталявання ад замежных фiрмаў, выкананне работ па
падрыхтоўцы пазiцый для яго ўстаноўкi i ўвядзенню ў эксплуатацыю, а
таксама забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання названай сiстэмы.
4. Даручыць Мiнiстэрству па надзвычайных сiтуацыях i абароне
насельнiцтва ад вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вырашыць
пытаннi навукова-тэхнiчнага, фiнансавага i арганiзацыйнага
забеспячэння рэалiзацыi на тэрыторыi рэспублiкi першага этапа
("Гама-1") сiстэмы ранняга папярэджання, якая забяспечвае радыяцыйны
манiторынг у 30-кiламетровай зоне Iгналiнскай АЭС Браслаўскага
раёна.
5. Мiнiстэрству сувязi i iнфарматыкi выдзелiць Мiнiстэрству па
надзвычайных сiтуацыях i абароне насельнiцтва ад вынiкаў катастрофы
на Чарнобыльскай АЭС лiнii сувязi i дыяпазоны радыёчастот,
неабходныя ў рамках рэалiзацыi першага этапа ("Гама-1") сiстэмы
ранняга папярэджання, якая забяспечвае радыяцыйны манiторынг у
раёнах, што прылягаюць да дзеючых атамных электростанцый, для
перадачы даных пастоў радыяцыйнага кантролю ў цэнтр збору i
апрацоўкi iнфармацыi, а таксама ў органы мясцовага i
рэспублiканскага кiравання.
6. Мiнiстэрству па надзвычайных сiтуацыях i абароне
насельнiцтва ад вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС накiраваць у
1995 годзе са сродкаў, прадугледжаных у рэспублiканскiм бюджэце на
лiквiдацыю вынiкаў аварыi на Чарнобыльскай АЭС, 34,7 млн. рублёў на
фiнансаванне ствараемай сiстэмы ранняга папярэджання, якая
забяспечвае радыяцыйны манiторынг у раёнах, што прылягаюць да
дзеючых атамных электрастанцый.
7. Браслаўскаму райвыканкаму выдзелiць службовае памяшканне для
размяшчэння радыелагiчнай лабараторыi i цэнтра збору i апрацоўкi
iнфармацыi, а таксама аказаць садзейнiчанне Камiтэту па абароне
насельнiцтва ад вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у
арганiзацыi радыяцыйнага кантролю ў адпаведнасцi з праектам сiстэмы
ранняга папярэджання, якая забяспечвае радыяцыйны манiторынг у
раёнах, што прылягаюць да дзеючых атамных электрастанцый.
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. Лукашэнка
<<< Главная
страница | < Назад
|