АБ РАТЫФIКАЦЫI ПАГАДНЕННЯ ПАМIЖ УРАДАМ
РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I УРАДАМ ДЗЯРЖАВЫ
IЗРАIЛЬ АБ ПАВЕТРАНЫХ ЗНОСIНАХ
ПАСТАНОВА
ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
ад 17 кастрычнiка 1996 г. N 696-XIII
(Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь,
1997 г., N 16, арт.301)
Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
Ратыфiкаваць Пагадненне памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i
Урадам Дзяржавы Iзраiль аб паветраных зносiнах, падпiсанае ў
г.Мiнску 14 мая 1996 года.
Старшыня Вярхоўнага Савета
Рэспублiкi Беларусь С.Шарэцкi
ПАГАДНЕННЕ ПАМIЖ УРАДАМ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I
УРАДАМ ДЗЯРЖАВЫ IЗРАIЛЬ АБ ПАВЕТРАНЫХ ЗНОСIНАХ
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Дзяржавы Iзраiль, далей
названыя "Дагаворныя Бакi",
кiруючыся Палажэннямi Канвенцыi аб Мiжнароднай грамадзянскай
авiяцыi, адкрытай для падпiсання ў Чыкага сёмага снежня 1944 года,
прызнаючы важнасць паветраных зносiн як сродку ўстанаўлення i
захавання дружбы, разумення i супрацоўнiцтва памiж народамi абедзвюх
краiн,
жадаючы садзейнiчаць развiццю паветраных зносiн памiж Iзраiлем
i Беларуссю з мэтай працягу ў поўнай меры мiжнароднага
супрацоўнiцтва ў гэтай галiне,
жадаючы заключыць Пагадненне з мэтай эксплуатацыi авiяцыйных
лiнiй памiж iх тэрыторыямi i рэгулявання дзейнасцi грамадзянскай
авiяцыi,
ДАМОВIЛIСЯ АБ НIЖЭЙПАДАДЗЕНЫМ:
Артыкул 1. Азначэннi
З мэтай тлумачэння i прымянення Пагаднення, выключаючы iншае,
чым пададзена ў гэтым Артыкуле:
а) тэрмiн "Канвенцыя" азначае Канвенцыю аб Мiжнароднай
грамадзянскай авiяцыi, адкрытую для падпiсання ў Чыкага сёмага
снежня 1944 года, i ўключае любы Дадатак, прыняты згодна з Артыкулам
90 Канвенцыi, i любую папраўку да Дадаткаў або да Канвенцыi згодна з
Артыкуламi 90 i 94 Канвенцыi, наколькi гэтыя Дадаткi i папраўкi
ўступiлi ў сiлу або былi ратыфiкаваны абодвума Дагаворнымi Бакамi;
b) тэрмiн "Авiяцыйныя ўлады" азначае ў выпадку Рэспублiкi
Беларусь Старшыню Дзяржаўнага камiтэта па авiяцыi, а ў выпадку
Дзяржавы Iзраiль Мiнiстра транспарту або любую асобу цi арганiзацыю,
належным чынам упаўнаважаных выконваць любыя функцыi, якiя
выконваюць згаданыя органы;
с) тэрмiн "Назначанае авiяпрадпрыемства" азначае
авiяпрадпрыемства, якое кожны з Дагаворных Бакоў назначыў для
эксплуатацыi дагаворных паветраных лiнiй, што абумоўлена ў Дадатку
да гэтага Пагаднення i ў адпаведнасцi з Артыкулам 3 гэтага
Пагаднення;
d) тэрмiны "Тэрыторыя", "Паветраныя зносiны", "Мiжнародныя
паветраныя зносiны", "Авiяпрадпрыемства" i "Прыпынак з некамерцыйнай
мэтай" маюць значэнне адпаведна з запiсаным у Артыкулах 2 i 96
Канвенцыi;
e) тэрмiн "Пагадненне" азначае гэта Пагадненне, Дадаткi да яго,
а таксама любыя папраўкi да яго;
f) тэрмiн "Дадатак" азначае Дадатак да гэтага Пагаднення або
Дадатак з папраўкамi, унесенымi згодна з палажэннямi пункта 2
Артыкула 17 гэтага Пагаднення;
g) тэрмiн "Вызначаныя маршруты" азначае маршруты, уведзеныя або
якiя павiнны быць уведзены ў Дадатак да Пагаднення;
h) тэрмiн "Дагаворныя лiнii" азначае мiжнародныя паветраныя
зносiны, якiя ажыццяўляюцца паветраным суднам для грамадзянскiх
перавозак пасажыраў, грузу i пошты, якiя могуць эксплуатавацца ў
адпаведнасцi з умовамi Пагаднення па вызначаных маршрутах;
i) тэрмiн "Тарыф" азначае стаўкi, што выплачваюцца за перавозку
пасажыраў, багажу i грузу, i ўмовы, на якiх гэтыя стаўкi
прымяняюцца, уключаючы цэны i ўмовы агенцкiх ды iншых дапаможных
паслуг, за выключэннем узнагароджання або ўмоў аплаты за перавозку
пошты;
j) тэрмiн "Правазная ёмiстасць" у адносiнах да "дагаворных
лiнiй" азначае ўмяшчальнасць самалёта, якi выкарыстоўваецца на такiх
лiнiях, памножаную на перыядычнасць рэйсаў, што выконваюцца такiм
самалётам у пэўны перыяд часу, а таксама на маршруце або на частцы
маршруту.
Артыкул 2. Наданне правоў
1. Кожны Дагаворны Бок надае другому Дагаворнаму Боку правы,
абумоўленыя ў Пагадненнi, з мэтай усталявання i эксплуатацыi
рэгулярных мiжнародных паветраных лiнiй па маршрутах, вызначаных у
Дадатку да Пагаднення.
2. Калi не агаворана iнакш, чым у гэтым Пагадненнi або Дадатку
да яго, авiяпрадпрыемства, назначанае кожным з Дагаворных Бакоў,
карыстаецца наступнымi правамi:
a) пралёту тэрыторыi другога Дагаворнага Боку без пасадкi;
b) рабiць пасадкi з некамерцыйнай мэтай на тэрыторыi другога
Дагаворнага Боку;
с) падчас эксплуатацыi дагаворнай лiнii на вызначаных маршрутах
праводзiць загрузку i выгрузку на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку
ў пунктах, агавораных у Дадатку да гэтага Пагаднення, пасажыраў,
грузу i пошты, што накiроўваюцца з тэрыторыi або дастаўляюцца на
тэрыторыю Дагаворнага Боку, якi назначае авiяпрадпрыемства.
3. Нiшто ў гэтым Артыкуле не будзе трактавацца як прывiлея
назначанаму авiяпрадпрыемству аднаго Дагаворнага Боку прымаць на
борт на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку пасажыраў, груз або
пошту, якiя перавозяцца за ўзнагароджанне або па найму i
накiроўваюцца ў другi пункт на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку.
4. Авiяпрадпрыемствы кожнага Дагаворнага Боку, якiя не былi
назначаны ў адпаведнасцi з Артыкулам 3 Пагаднення, таксама
карыстаюцца правамi, названымi ў падпунктах a) i b) пункта 2 гэтага
Артыкула, пры ўмове адпаведнага дазволу, атрыманага загадзя ад
авiяцыйных улад другога Дагаворнага Боку.
Артыкул 3. Назначэнне авiяпрадпрыемстваў i
дазвол на эксплуатацыю
1. Кожны Дагаворны Бок мае права назначыць адно
авiяпрадпрыемства з мэтай эксплуатацыi дагаворных лiнiй на
вызначаных маршрутах памiж тэрыторыямi гэтых дзвюх краiн i пiсьмова
паведамiць аб гэтым другому Дагаворнаму Боку.
2. Пры атрыманнi такога назначэння другi Дагаворны Бок дасць
без затрымкi назначанаму авiяпрадпрыемству адпаведныя дазволы на
эксплуатацыю пры ўмове выканання патрабаванняў пунктаў 3 i 4 гэтага
Артыкула.
3. Авiяцыйныя ўлады аднаго Дагаворнага Боку могуць патрабаваць,
каб прадпрыемства, назначанае другiм Дагаворным Бокам, выконвала
ўмовы, прадпiсаныя законамi i правiламi, якiя звычайна i
абгрунтавана прымяняюцца такiмi ўладамi ў мiжнародных паветраных
зносiнах у адпаведнасцi з ўмовамi Канвенцыi.
4. Кожны з Дагаворных Бакоў мае права адмовiць у выдачы дазволу
на эксплуатацыю, названага ў пункце 2 гэтага Артыкула, або
прад`явiць такiя ўмовы, якiя ён палiчыць неабходнымi для
ажыццяўлення назначаным авiяпрадпрыемствам правоў, агавораных у
Артыкуле 2 гэтага Пагаднення, у выпадку, калi названы Дагаворны Бок
не мае доказаў таго, што рэальнае права ўласнасцi i эфектыўны
кантроль за гэтым авiяпрадпрыемствам належаць Дагаворнаму Боку, што
назначыў авiяпрадпрыемства, цi яго грамадзянам.
5. Пасля таго як авiяпрадпрыемства назначана i атрымала
паўнамоцтвы, яно можа ў любы час пачаць эксплуатацыю дагаворных
лiнiй пры ўмове, што тарыф, устаноўлены ў адпаведнасцi з
патрабаваннямi Артыкула 6 гэтага Пагаднення, мае сiлу адносна гэтых
лiнiй.
Артыкул 4. Скасаванне або прыпыненне правоў
1. Кожны з Дагаворных Бакоў мае права адмянiць дазвол на
эксплуатацыю або прыпынiць дзеянне правоў, вызначаных у Артыкуле 2
гэтага Пагаднення, што даюцца авiяпрадпрыемству, назначанаму другiм
Дагаворным Бокам, або абумовiць выкананне такiх правоў такiмi
ўмовамi, якiя ён палiчыць неабходнымi:
а) у выпадку, калi няма доказаў таго, што рэальнае права
ўласнасцi i эфектыўны кантроль за авiяпрадпрыемствам належаць
Дагаворнаму Боку, якi назначыў авiяпрадпрыемства, або грамадзянам
гэтага Дагаворнага Боку, або
b) у выпадку невыканання названым авiяпрадпрыемствам законаў i
правiлаў Дагаворнага Боку, што дае такiя правы, або
с) у любым iншым выпадку, калi авiяпрадпрыемства не эксплуатуе
дагаворныя лiнii ў адпаведнасцi з умовамi, прадпiсанымi гэтым
Пагадненнем.
2. Такое права можа быць рэалiзавана толькi пасля кансультацый
з другiм Дагаворным Бокам, за выключэннем выпадкаў, калi неадкладнае
прыпыненне дзеяння, ануляванне дазволу або ўвядзенне ўмоў, названых
у пункце 1 гэтага Артыкула, мае важнае значэнне ў сэнсе далейшых
парушэнняў законаў i палажэнняў.
Артыкул 5. Вызваленне ад выплаты збораў i
пошлiн
1. Кожны з Дагаворных Бакоў на аснове ўзаемнасцi вызваляе
назначанае авiяпрадпрыемства другога Дагаворнага Боку ў поўнай меры,
наколькi гэта магчыма паводле iх дзеючага заканадаўства, ад
абмежаванняў на iмпарт, мытных пошлiн, акцызных збораў за прагляд ды
iншых дзяржаўных збораў i пошлiн на сыравiну i матэрыялы, запасныя
часткi, уключаючы рухавiкi, звычайнае абсталяванне паветранага судна
i прадукты (уключаючы тытунёвыя вырабы, спiртныя напоi, напоi ды
iншыя прадметы, прызначаныя для продажу пасажырам у абмежаванай
колькасцi падчас палёту), а таксама прадметы, прызначаныя выключна
для выкарыстання ў сувязi з эксплуатацыяй або абслугоўваннем
паветранага судна назначанага авiяпрадпрыемства таго Дагаворнага
Боку, якi эксплуатуе дагаворныя лiнii, а таксама запас бiлетаў,
грузавых накладных, любыя друкаваныя матэрыялы са знакам адрознення
кампанii, а таксама звычайныя рэкламныя матэрыялы, якiя
распаўсюджваюцца бясплатна назначаным авiяпрадпрыемствам.
2. Вызваленне ад выплаты збораў i пошлiн, дазволенае гэтым
Артыкулам, прымяняецца да прадметаў, названых у пункце 1 гэтага
Артыкула, у выпадку, калi яны:
a) дастаўлены на тэрыторыю аднаго Дагаворнага Боку назначаным
авiяпрадпрыемствам другога Дагаворнага Боку або паводле яго
даручэння;
b) знаходзяцца на борце самалёта назначанага авiяпрадпрыемства
аднаго Дагаворнага Боку падчас прыбыцця на тэрыторыю або вылету з
тэрыторыi другога Дагаворнага Боку;
с) прыняты на борт самалёта назначанага авiяпрадпрыемства
аднаго Дагаворнага Боку на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку i
прызначаны для выкарыстання падчас эксплуатацыi дагаворных лiнiй;
незалежна ад таго, выкарыстоўваюцца цi спажываюцца гэтыя
прадметы поўнасцю або часткова на тэрыторыi Дагаворнага Боку, што
дазваляе вызваленне ад выплаты збораў i пошлiн, такiя iснуючыя
прадметы не адчужаюцца на тэрыторыi вышэйназванага Дагаворнага Боку.
Матэрыял, якi згадваўся ў вышэйпрыведзеных пунктах а), b), с),
змяшчаецца пад мытны надгляд або кантроль.
3. Звычайнае бартавое абсталяванне паветранага судна, а таксама
матэрыялы i запасы, якiя знаходзяцца на борце паветранага судна
любога Дагаворнага Боку, могуць быць выгружаны на тэрыторыi другога
Дагаворнага Боку толькi з дазволу мытных улад гэтага Дагаворнага
Боку. У такiм выпадку яны могуць быць змешчаны пад кантроль названых
улад да часу iх вывазу або iншага выкарыстання ў адпаведнасцi з
Мытнымi правiламi.
4. Вызваленне ад выплаты збораў i пошлiн, прадугледжанае
пунктам 1 гэтага Артыкула, магчыма таксама ў тым выпадку, калi
авiяпрадпрыемства аднаго Дагаворнага Боку заключыла пагадненне з
iншым авiяпрадпрыемствам, якое аналагiчна карыстаецца такiм правам
на вызваленне ад выплаты збораў i пошлiн, дадзеным другiм Дагаворным
Бокам, аб прадастаўленнi ў пазыку або перадачы права ўладання на
тэрыторыi гэтага другога Дагаворнага Боку прадметаў, вызначаных у
пункце 1 гэтага Артыкула.
Артыкул 6. Тарыфы
1. Тарыфы, якiя ўстанаўлiваюцца назначаным авiяпрадпрыемствам
аднаго Дагаворнага Боку за перавозку на тэрыторыю другога
Дагаворнага Боку або з яе, устанаўлiваюцца на памяркоўным узроўнi з
улiкам усiх спадарожных фактараў, уключаючы выдаткi на эксплуатацыю,
памяркоўныя прыбыткi i тарыфы iншых авiяпрадпрыемстваў. Дагаворныя
Бакi разглядаюць як непрымальныя тарыфы, што з`яўляюцца рабаўнiчымi
i дыскрымiнацыйнымi, неправамерна завышанымi або рэстракцыйнымi з
прычыны злоўжывання дамiнантным становiшчам, або штучна занiжанымi з
прычыны прамых цi ўскосных урадавых субсiдый або падтрымкi.
2. Тарыфы, названыя ў пункце 1 гэтага Артыкула, узгадняюцца
назначанымi авiяпрадпрыемствамi абодвух Дагаворных Бакоў пасля
кансультацыi з iншымi авiяпрадпрыемствамi, якiя эксплуатуюць увесь
маршрут або яго частку, i такое пагадненне па магчымасцi дасягаецца
праз скарыстанне працэдур Мiжнароднай асацыяцыi авiяцыйнага
транспарту або праз любы iншы адпаведны мiжнародны механiзм
вызначэння ставак для распрацоўкi тарыфаў.
3. Узгодненыя такiм чынам тарыфы падаюцца на зацвярджэнне
авiяцыйным уладам абодвух Дагаворных бакоў не пазней чым за сорак
пяць (45) дзён да прапанавання даты iх увядзення. У асобных выпадках
гэты перыяд можа быць скарочаны пасля ўзгаднення з вышэйназванымi
ўладамi.
4. Гэта зацвярджэнне можа быць дадзена ў прамой форме. Калi
нiводная з авiяцыйных улад не выказала неадабрэння на працягу 30
дзён з даты ўзгаднення, у адпаведнасцi з пунктам 3 гэтага Артыкула
гэтыя тарыфы лiчацца зацверджанымi. У выпадку, калi перыяд
узгаднення будзе скарочаны, як абумоўлена пунктам 3, авiяцыйныя
ўлады могуць дамовiцца, каб перыяд, на працягу якога павiнна быць
паведамлена аб любой нязгодзе, быў меншы за 30 дзён.
5. Калi тарыф не можа быць узгоднены ў адпаведнасцi з умовамi
пункта 2 гэтага Артыкула або калi на працягу перыяду, прымененага
згодна з пунктам 4 гэтага Артыкула, авiяцыйныя ўлады аднаго
Дагаворнага Боку паведамляюць авiяцыйным уладам другога Дагаворнага
Боку аб сваёй нязгодзе з любым тарыфам, узгодненым у адпаведнасцi з
палажэннямi пункта 2 гэтага Артыкула, авiяцыйныя ўлады абодвух
Дагаворных Бакоў пастараюцца пасля кансультацыi з авiяцыйнымi
ўладамi любой дзяржавы, чыю параду яны могуць палiчыць карыснай,
вызначыць тарыф шляхам узаемнай згоды.
6. Тарыф, устаноўлены ў адпаведнасцi з умовамi гэтага Артыкула,
захоўвае сiлу да ўстанаўлення новага тарыфу. Аднак тарыф не будзе
прадоўжаны на падставе гэтага пункта больш чым на 12 месяцаў пасля
тэрмiну, на працягу якога яго дзеянне ў адваротным выпадку
скончыцца.
Артыкул 7. Прадстаўнiцтва
1. Назначанаму авiяпрадпрыемству аднаго Дагаворнага Боку
дазволена на падставе ўзаемнасцi забяспечваць на тэрыторыi другога
Дагаворнага Боку ўтрыманне сваiх прадстаўнiкоў, а таксама
камерцыйны, эксплуатацыйны i тэхнiчны персанал для эксплуатацыi
дагаворных лiнiй. Гэты персанал будзе падабраны пры неабходнасцi з
грамадзян аднаго або абодвух Бакоў.
2. Патрэбы ў такiм персанале могуць быць задаволены па
меркаванню назначанага авiяпрадпрыемства сiламi ўласнага персаналу
або з прыцягненнем паслуг iншай арганiзацыi, кампанii або
авiяпрадпрыемства, што дзейнiчае на тэрыторыi другога Дагаворнага
Боку i ўпаўнаважана даваць такiя паслугi на тэрыторыi другога
Дагаворнага Боку.
3. Прадстаўнiкi i персанал падпарадкоўваюцца дзеючым законам i
правiлам другога Дагаворнага Боку, i, згодна з такiмi законамi i
правiламi, кожны Дагаворны Бок дае на падставе ўзаемнасцi i з
мiнiмальнай затрымкай неабходны дазвол на выкананне работы, вiзы для
работы па найму або iншыя аналагiчныя дакументы прадстаўнiкам i
персаналу, названым у пункце 1 гэтага Артыкула.
4. Кожны з Дагаворных Бакоў будзе iмкнуцца гарантаваць, каб
адпаведнае назначанае авiяпрадпрыемства другога Дагаворнага Боку
было забяспечана адпаведным офiсам i тэхнiчнымi сродкамi,
неабходнымi для яго работы, з мэтаю спрыяць неадкладнаму пачатку
работы адпаведных авiяпрадпрыемстваў Дагаворных Бакоў.
Артыкул 8. Прымяненне законаў i правiлаў
1. Законы i правiлы кожнага Дагаворнага Боку, што рэгулююць
прылёт i вылет з яго тэрыторыi паветранага судна, якое выконвае
мiжнародныя палёты, або тыя, што датычацца эксплуатацыi такога
паветранага судна падчас знаходжання ў межах яго тэрыторыi, будуць
прымяняцца да паветраных суднаў назначанага авiяпрадпрыемства
другога Дагаворнага Боку падчас прыбыцця, вылету i знаходжання на
вышэйназванай тэрыторыi.
2. Законы i правiлы кожнага з Дагаворных Бакоў, што датычацца
прыбыцця, знаходжання, транзiту i адпраўлення з яго тэрыторыi
пасажыраў, экiпажаў, багажу, грузу i пошты паветраным суднам,
уключна з правiламi, звязанымi з уездам i выездам, эмiграцыяй i
iмiграцыяй, пашпартнымi, мытнымi, валютнымi i санiтарнымi мерамi,
выконваюцца авiяпрадпрыемствам кожнага з Дагаворных Бакоў пры
ўездзе, выездзе i знаходжаннi на тэрыторыi другога Дагаворнага Боку.
Артыкул 9. Прызнанне пасведчанняў i лiцэнзiй
1. Пасведчаннi аб прыдатнасцi да палётаў, пасведчаннi аб
квалiфiкацыi i лiцэнзii, якiя выдадзены або зацверджаны адным
Дагаворным Бокам i да гэтага часу дзейнiчаюць, прызнаюцца
сапраўднымi другiм Дагаворным Бокам у мэтах эксплуатацыi дагаворных
лiнiй пры ўмове, што патрабаваннi, у адпаведнасцi з якiмi былi
выдадзены або зацверджаны такiя пасведчаннi, адпавядаюць мiнiмальным
стандартам, якiя могуць быць устаноўлены ў адпаведнасцi з
палажэннямi Канвенцыi, або перавышаюць iх.
2. Кожны з Дагаворных Бакоў, аднак, захоўвае за сабой права
адмовiць у прызнаннi пасведчанняў аб квалiфiкацыi i лiцэнзiй,
выдадзеных iх грамадзянам другiм Дагаворным Бокам у мэтах палёту над
iх тэрыторыяй.
Артыкул 10. Авiяцыйная бяспека
1. Дагаворныя Бакi зноў пацвярджаюць абавязацельствы адзiн
перад адным па абароне бяспекi грамадзянскай авiяцыi ад актаў
незаконнага ўмяшальнiцтва. Дагаворныя Бакi, у прыватнасцi,
дзейнiчаюць у адпаведнасцi з палажэннямi Канвенцыi аб злачынствах i
некаторых iншых актах, што ўчыняюцца на борце паветранага судна,
падпiсанай у Токiо 14 верасня 1963 года, Канвенцыi аб прадухiленнi
незаконнага захопу паветранага судна, падпiсанай у Гаазе 16 снежня
1970 года, i Канвенцыi аб барацьбе з незаконнымi актамi, скiраванымi
супраць бяспекi грамадзянскай авiяцыi, падпiсанай у Манрэалi 23
верасня 1971 года, а таксама Пратакола аб барацьбе з незаконнымi
актамi гвалту ў аэрапортах, якiя абслугоўваюць мiжнародную
грамадзянскую авiяцыю, падпiсанага ў Манрэалi 24 лютага 1988 года.
2. Дагаворныя Бакi даюць па просьбе адзiн аднаму ўсю неабходную
дапамогу з мэтай прадухiлення актаў незаконнага захопу
грамадзянскага паветранага судна ды iншых незаконных актаў, якiя
пагражаюць бяспецы такога паветранага судна, яго пасажыраў i
экiпажа, аэрапортаў i навiгацыйнага абсталявання, а таксама любой
iншай пагрозы бяспецы грамадзянскай авiяцыi.
3. Дагаворныя Бакi ў сваiх узаемаадносiнах дзейнiчаюць у
адпаведнасцi з палажэннямi аб авiяцыйнай бяспецы, устаноўленымi
Мiжнароднай арганiзацыяй грамадзянскай авiяцыi i дадзенымi ў якасцi
Дадатку да Канвенцыi, у такой ступенi, у якой такiя палажэннi
прымяняльныя да Дагаворных Бакоў; яны патрабуюць, каб эксплуатанты
паветраных суднаў, зарэгiстраваныя ў iх, i эксплуатанты паветраных
суднаў, чыё асноўнае месца працы або сталае месца жыхарства
знаходзiцца на iх тэрыторыi, i эксплуатанты аэрапортаў на iх
тэрыторыi дзейнiчалi згодна з такiмi палажэннямi аб авiяцыйнай
бяспецы.
4. Кожны Дагаворны Бок згаджаецца, што ад такiх эксплуатантаў
паветраных суднаў можа патрабавацца выкананне патрабаванняў
авiяцыйнай бяспекi, названых у пункце 3 гэтага Артыкула, паводле
патрабавання другога Дагаворнага Боку падчас уваходу, выхаду або
знаходжання ў межах яго тэрыторыi гэтага другога Дагаворнага Боку.
Кожны Дагаворны Бок гарантуе эфектыўнае прымяненне належных мер у
межах яго тэрыторыi для абароны паветраных суднаў i прагляду
пасажыраў, экiпажа, ручной паклажы, багажу, грузу i запасаў
паветранага судна да i падчас пасадкi або пагрузкi. Кожны з
Дагаворных Бакоў надае належную ўвагу любой просьбе, якая паходзiць
ад другога Дагаворнага Боку, адносна прыняцця памяркоўных
спецыяльных мераў бяспекi для прадухiлення пэўнай пагрозы.
5. У выпадку здарэння або пагрозы здарэння з незаконным захопам
грамадзянскага паветранага судна або iншага незаконнага акта, што
парушае бяспеку такога паветранага судна, пасажыраў i экiпажа,
аэрапортаў або навiгацыйнага абсталявання, Дагаворныя Бакi
дапамагаюць адзiн аднаму шляхам устанаўлення сувязi i прыняцця iншых
адпаведных мераў з мэтай хуткага i бяспечнага спынення такога
здарэння або яго пагрозы.
6. Калi адзiн Дагаворны Бок мае сур`ёзныя падставы меркаваць,
што другi Дагаворны Бок адступiў ад палажэнняў аб авiяцыйнай бяспецы
гэтага Артыкула, то авiяцыйныя ўлады гэтага Дагаворнага Боку могуць
патрабаваць правядзення неадкладных кансультацый з авiяцыйнымi
ўладамi другога Дагаворнага Боку.
Артыкул 11. Трансферт чыстага прыбытку
Грунтуючыся на прынцыпах узаемнасцi:
1. Назначанае авiяпрадпрыемства аднаго Дагаворнага Боку
свабодна прадае паслугi авiятранспарту на тэрыторыi другога
Дагаворнага Боку ў мясцовай валюце або ў свабодна канверсаванай
валюце непасрэдна або праз агентаў пры ўмове атрымання адпаведных
дазволаў ад адпаведных улад другога Дагаворнага Боку.
2. Назначаныя авiяпрадпрыемствы Дагаворных Бакоў свабодна
пераводзяць у свабодна канверсаваную валюту паступленнi, што
перавышаюць выдаткi, i пераводзяць iх з тэрыторыi, дзе прадавалiся
паслугi авiятранспарту, на сваю тэрыторыю. У чыстую суму пераводу
ўваходзяць даходы з продажу, якi праводзiцца непасрэдна або праз
агента па продажу паслуг авiятранспарту, дапаможных дадатковых
паслуг. I плацяжы праводзяцца згодна з умовамi плацежнага
пагаднення, што дзейнiчае памiж абедзвюма краiнамi, калi такое
пагадненне дасягнута, а таксама згодна з адпаведнымi валютнымi
правiламi.
3. Назначаныя авiяпрадпрыемствы Дагаворных Бакоў атрымлiваюць
дазвол на такiя пераводы на працягу не больш за 30 дзён з моманту
падачы заяўкi. Працэдура такiх пераводаў праводзiцца ў адпаведнасцi
з правiламi абмену замежнай валютай той краiны, у якой збiраюцца
паступленнi.
4. Авiяпрадпрыемствы Дагаворных Бакоў свабодна ажыццяўляюць
бягучы перавод пры атрыманнi дазволу. У выпадку, калi з тэхнiчных
прычын такi перавод не можа быць праведзены неадкладна,
авiяпрадпрыемствы Дагаворных Бакоў атрымлiваюць аналагiчны прыярытэт
на перавод, якiм карыстаецца пры пераводзе iмпартных плацяжоў другi
Дагаворны Бок.
5. Кожны Дагаворны Бок вызваляе назначанае авiяпрадпрыемства
другога Дагаворнага Боку ад усiх падаткаў i збораў на прыбытак або
даходы, атрыманыя ад эксплуатацыi паветраных лiнiй.
Артыкул 12. Правазныя ёмiстасцi
1. Пры эксплуатацыi дагаворных лiнiй, вызначаных у Дадатку да
гэтага Пагаднення, абодвум назначаным авiяпрадпрыемствам даюцца
справядлiвыя i роўныя магчымасцi.
2. У працэсе эксплуатацыi дагаворных лiнiй назначанае
авiяпрадпрыемства кожнага Дагаворнага Боку бярэ пад увагу iнтарэсы
назначанага авiяпрадпрыемства другога Дагаворнага Боку такiм чынам,
каб пазбегнуць неспрыяльнага ўплыву на паветраныя зносiны, што
ажыццяўляюцца апошнiм на ўсiм або частцы аднаго маршруту або на
iншых маршрутах яго сеткi.
3. Правазныя ёмiстасцi, якiя павiнна забяспечыць назначанае
авiяпрадпрыемства на дагаворных авiялiнiях, знаходзяцца ў цеснай
залежнасцi ад меркаванага попыту на авiяперавозкi пасажыраў на
тэрыторыях Дагаворных Бакоў. Гэтыя правазныя ёмiстасцi, у прынцыпе,
роўна дзеляцца памiж назначанымi авiяпрадпрыемствамi Дагаворных
Бакоў, калi не агаворана iншае.
4. Перыядычнасць i рэгулярнасць эксплуатацыi дагаворных
авiялiнiй устанаўлiваецца шляхам узаемнага пагаднення памiж двума
назначанымi авiяпрадпрыемствамi i падаецца на зацвярджэнне
авiяцыйным уладам да пачатку эксплуатацыi вышэйназваных дагаворных
лiнiй, прынамсi, за 30 дзён да ўваходжання iх у дзеянне. У выпадку,
калi немагчыма дасягнуць такога пагаднення памiж назначанымi
авiяпрадпрыемствамi, пытанне перадаецца на разгляд авiяцыйным уладам
Дагаворных Бакоў.
5. Дадатковыя ёмiстасцi, калi спатрэбiцца, узгадняюцца
назначанымi авiяпрадпрыемствамi абодвух Дагаворных Бакоў перад
падаваннем на адабрэнне адпаведным авiяцыйным уладам.
6. Пры эксплуатацыi дагаворных лiнiй патрабуецца заключыць
камерцыйнае пагадненне памiж двума назначанымi авiяпрадпрыемствамi.
Гэта камерцыйнае пагадненне падаецца на зацвярджэнне адпаведным
авiяцыйным уладам.
Артыкул 13. Спрашчэнне фармальнасцяў
1. Любы Дагаворны Бок можа спаганяць або даваць дазвол на
спагнанне справядлiвай i памяркоўнай платы за выкарыстанне
аэрапортаў ды iншага авiяцыйнага абсталявання пры ўмове, што гэтыя
сумы не перавышаюць сум, якiя выплачваюцца яго ўласнымi
авiяпрадпрыемствамi, што выконваюць палёты памiж тэрыторыямi
Дагаворных Бакоў, або сум, якiя выплачваюцца iншымi
авiяпрадпрыемствамi, занятымi на падобных мiжнародных паветраных
зносiнах.
2. Кожны з Дагаворных Бакоў заахвочвае правядзенне кансультацый
памiж яго кампетэнтнымi падатковымi арганiзацыямi i назначанымi
авiяпрадпрыемствамi, якiя карыстаюцца паслугамi i сродкамi, а дзе
гэта рэальна, кансультуецца праз арганiзацыi, якiя прадстаўляюць
авiяпрадпрыемствы. Абгрунтаванае паведамленне аб любых прапановах
адносна змяненняў у зборах з карыстальнiка падаецца карыстальнiкам
такiм чынам, каб дазволiць iм выказаць свае меркаваннi да моманту
ўнясення змяненняў.
3. Нiводзiн з Дагаворных Бакоў не аддае перавагу свайму або
любому iншаму авiяпрадпрыемству перад авiяпрадпрыемствам другога
Дагаворнага Боку, якое ажыццяўляе аналагiчныя мiжнародныя паветраныя
зносiны, адносна прымянення яго мытных, iмiграцыйных, каранцiнных ды
падобных правiл або адносна выкарыстання аэрапортаў, паветраных
трас, паслуг авiятранспарту i звязаных з гэтым тэхнiчных сродкаў,
што знаходзяцца пад iх кiраваннем.
Артыкул 14. Абмен iнфармацыяй i статыстычнымi
звесткамi
1. Авiяцыйныя ўлады кожнага з Дагаворных Бакоў падаюць
авiяцыйным уладам другога Дагаворнага Боку па iх просьбе такiя
статыстычныя звесткi, якiя могуць быць абгрунтавана патрабаваныя, з
мэтай вызначэння правазных ёмiстасцяў, якiя павiнна забяспечыць
назначанае авiяпрадпрыемства, вызначэння колькасцi пасажыраў i
грузу, што перавозяцца па дагаворных лiнiях, а таксама пачатковага i
канцавога пунктаў беспасадачных перавозак, якiя выключна
ажыццяўляюцца ў трэцiя краiны або з iх.
Артыкул 15. Прамы транзiт
1. Пасажыры, якiя накiроўваюцца прамым транзiтам праз тэрыторыю
любога Дагаворнага Боку i не пакiдаюць зону аэрапорта, адведзеную
для такой мэты, падлягаюць толькi спрошчанаму кантролю. Багаж i
груз, якiя накiроўваюцца прамым транзiтам, вызваляюцца ад мытных
збораў ды iншых падобных падаткаў.
Артыкул 16. Кансультацыi
1. У духу цеснага супрацоўнiцтва авiяцыйныя ўлады Дагаворных
Бакоў праводзяць перыядычныя кансультацыi з мэтай забеспячэння
выканання i здавальняючага ўзгаднення палажэнняў гэтага Пагаднення i
Дадатку да яго.
2. Такiя кансультацыi пачынаюцца на працягу 60 дзён з даты
атрымання такога запыту, калi Дагаворнымi Бакамi не агаворана iншае.
Артыкул 17. Унясенне змяненняў
1. Калi адзiн з Дагаворных Бакоў лiчыць пажаданым унесцi
змяненнi ў любыя палажэннi гэтага Пагаднення, ён можа прасiць аб
правядзеннi кансультацый з другiм Дагаворным Бокам. Такiя
кансультацыi памiж авiяцыйнымi ўладамi могуць праводзiцца шляхам
абмеркаванняў або перапiскi i пачынаюцца не пазней за 60 дзён з даты
запыту. Любыя змяненнi, узгодненыя такiм чынам, набываюць сiлу
пацвярджэння шляхам абмену дыпламатычнымi нотамi.
2. Змяненнi ў Дадатку да Пагаднення могуць ажыццяўляцца шляхам
непасрэднай дамоўленасцi памiж кампетэнтнымi авiяцыйнымi ўладамi
Дагаворных Бакоў i могуць быць пацверджаны шляхам абмену
дыпламатычнымi нотамi.
3. У Пагадненне будуць уносiцца папраўкi дзеля адпаведнасцi
многабаковай Канвенцыi, якая можа стаць абавязковай для абодвух
Дагаворных Бакоў.
Артыкул 18. Урэгуляванне спрэчак
1. Калi памiж Дагаворнымi Бакамi ўзнiкае любая спрэчка,
звязаная з iнтэрпрэтацыяй або прымяненнем гэтага Пагаднення,
Дагаворныя Бакi павiнны ў першую чаргу паспрабаваць вырашыць яе
шляхам перагавораў.
2. Калi Дагаворныя Бакi не могуць дасягнуць урэгулявання шляхам
перагавораў, яны могуць згадзiцца на перадачу спрэчкi на разгляд
Суда, якi складаецца з трох арбiтраў, дзе кожны Дагаворны Бок
прызначае па адным арбiтры, а трэцi прызначаецца двума ўжо
прызначанымi. Кожны з Дагаворных Бакоў прызначае арбiтра на працягу
шасцiдзесяцi (60) дзён з даты атрымання любым Дагаворным Бокам па
дыпламатычных каналах запыту аб арбiтражным вырашэннi спрэчкi, трэцi
арбiтр прызначаецца на працягу наступных шасцiдзесяцi (60) дзён.
Калi адзiн з Дагаворных Бакоў не зможа прызначыць арбiтра на працягу
агаворанага тэрмiну або калi трэцi арбiтр не прызначаны на працягу
агаворанага тэрмiну, любы Дагаворны Бок можа прасiць Прэзiдэнта Рады
Мiжнароднай арганiзацыi грамадзянскай авiяцыi прызначыць арбiтра цi
арбiтраў у залежнасцi ад выпадку. У любым выпадку трэцi арбiтр
павiнен быць грамадзянiнам трэцяй дзяржавы, выступаць як прэзiдэнт
арбiтражнага Суда i вызначаць месца правядзення арбiтражу.
Арбiтражны Суд вызначае сваю ўласную працэдуру вядзення спраў i,
калi неабходна, вырашае, якi закон мусiць прымяняцца.
3. Любое рашэнне, вынесенае арбiтражным Судом, з`яўляецца
абавязковым для абодвух Дагаворных Бакоў, калi яны не вырашаць iнакш
на працягу часу перадачы пытанняў на разгляд у арбiтражным Судзе.
4. Судовыя выдаткi размяркоўваюцца пароўну памiж Дагаворнымi
Бакамi.
5. Калi адзiн з Дагаворных Бакоў не выконвае рашэннi, названыя
ў пункце 3 гэтага Артыкула, другi Дагаворны Бок можа абмежаваць,
прыпынiць або ануляваць любыя правы або прывiлеi, якiя ён надаў на
падставе гэтага Пагаднення Дагаворнаму Боку або назначанаму
авiяпрадпрыемству, што не выконвае абавязацельстваў.
Артыкул 19. Рэгiстрацыя
Гэта Пагадненне i ўсе папраўкi да яго, таксама як i ўвесь абмен
дыпламатычнымi нотамi, рэгiструюцца ў Мiжнароднай арганiзацыi
грамадзянскай авiяцыi.
Артыкул 20. Спыненне дзеяння
1. Гэта Пагадненне заключана на неакрэслены тэрмiн.
2. Кожны з Дагаворных Бакоў можа ў любы час пiсьмова паведамiць
другому Дагаворнаму Боку аб сваiм рашэннi скасаваць гэта Пагадненне.
Адначасова такое паведамленне накiроўваецца ў Мiжнародную
арганiзацыю грамадзянскай авiяцыi. У такiм выпадку Пагадненне спыняе
дзеянне праз дванаццаць (12) месяцаў пасля даты атрымання
паведамлення другiм Дагаворным Бокам, калi толькi гэта паведамленне
не было анулявана паводле ўзаемнай дамоўленасцi да сканчэння гэтага
тэрмiну. Пры адсутнасцi пацвярджэння атрымання другiм Дагаворным
Бокам гэта паведамленне лiчыцца атрыманым праз чатырнаццаць (14)
дзён пасля атрымання паведамлення Мiжнароднай арганiзацыяй
грамадзянскай авiяцыi.
Артыкул 21. Уваходжанне ў сiлу
Гэта Пагадненне ўваходзiць у сiлу з даты, з якой абодва
Дагаворныя Бакi пiсьмова паведамiлi адзiн аднаму шляхам абмену
дыпламатычнымi нотамi аб выкананнi ўнутрыдзяржаўных працэдур,
неабходных для ўступлення Пагаднення ў сiлу.
Дзеля засведчання чаго нiжэйпадпiсаныя, належным чынам
упаўнаважаныя на тое сваiмi адпаведнымi Урадамi, падпiсалi гэта
Пагадненне.
Учынена ў г.Мiнску 14 мая 1996 года, што адпавядае 25-му дню
месяца iяр 5756 года, у двух экземплярах на беларускай, iўрыце i
англiйскай мовах, прычым усе тры тэксты маюць аднолькавую сiлу. У
выпадку розначытанняў перавага аддаецца тэксту на англiйскай мове.
За Урад Рэспублiкi Беларусь Р.ФЁДАРАЎ
ДАДАТАК
да Пагаднення памiж Урадам
Рэспублiкi Беларусь i Урадам
Дзяржавы Iзраiль аб
паветраных зносiнах памiж iх
тэрыторыямi
1. Маршруты, на якiх могуць выконвацца паветраныя перавозкi
назначаным авiяпрадпрыемствам Рэспублiкi Беларусь:
Пункт вылету Мiнск
Прамежкавыя пункты Любы пункт
Пункт прызначэння Тэль-Авiў
Дадатковыя пункты Любы пункт
2. Маршруты, на якiх могуць выконвацца паветраныя перавозкi
назначаным авiяпрадпрыемствам Дзяржавы Iзраiль:
Пункт вылету Тэль-Авiў
Прамежкавыя пункты Любы пункт
Пункт прызначэння Мiнск
Дадатковыя пункты Любы пункт
3. Назначаныя авiяпрадпрыемствы Дагаворных Бакоў не карыстаюцца
правамi паводле Пятай ступенi свабоды паветра пры перавозцы ў трэцiя
краiны або з iх, калi няма iншай узаемнай дамоўленасцi. Такiя
дамоўленасцi павiнны зацвярджацца авiяцыйнымi ўладамi абедзвюх краiн
да ўводу iх у дзеянне.
4. Любы або ўсе прамежкавыя цi дадатковыя пункты могуць быць
прапушчаны падчас некаторых або ўсiх палётаў паводле меркавання
назначанага авiяпрадпрыемства, пры ўмове, што маршруты пачынаюцца
або заканчваюцца на тэрыторыi таго Боку, якi назначае
авiяпрадпрыемства.
<<< Главная
страница | < Назад
|