ЗАКОН РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
9 ноября 1998 г. N 210-З г.Минск
О РАТИФИКАЦИИ СОГЛАШЕНИЯ МЕЖДУ ПРАВИТЕЛЬСТВОМ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ
И ПРАВИТЕЛЬСТВОМ ИСЛАМСКОЙ РЕСПУБЛИКИ ИРАН ОБ ИЗБЕЖАНИИ ДВОЙНОГО
НАЛОГООБЛОЖЕНИЯ И ПРЕДОТВРАЩЕНИИ УКЛОНЕНИЯ ОТ УПЛАТЫ НАЛОГОВ
В ОТНОШЕНИИ НАЛОГОВ НА ДОХОДЫ И ИМУЩЕСТВО (КАПИТАЛ)
===
Принят Палатой представителей 14 октября 1998 года
Одобрен Советом Республики 22 октября 1998 года
Ратифицировать Соглашение между Правительством Республики
Беларусь и Правительством Исламской Республики Иран об избежании
двойного налогообложения и предотвращении уклонения от уплаты
налогов в отношении налогов на доходы и имущество (капитал),
подписанное в г.Минске 14 июля 1995 года.
Президент Республики Беларусь А.Лукашенко
ПАГАДНЕННЕ
памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь i Урадам Iсламскай
Рэспублiкi Iран аб пазбяганнi двайнога падаткаабкладання
i папярэджаннi ўхiлення ад выплаты падаткаў у дачыненнi
да падаткаў на даходы i маёмасць (капiтал)
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Iсламскай Рэспублiкi Iран,
жадаючы заключыць Пагадненне аб пазбяганнi двайнога
падаткаабкладання i папярэджаннi ўхiлення ад выплаты падаткаў у
дачыненнi да падаткаў на даходы i маёмасць (капiтал), пагадзiлiся аб
наступным:
Артыкул 1
Асобы, да якiх прымяняецца Пагадненне
Дадзенае Пагадненне прымяняецца да асоб, якiя з`яўляюцца
рэзiдэнтамi адной або абедзвюх Дагаворных Дзяржаў.
Артыкул 2
Падаткi, на якiя распаўсюджваецца Пагадненне
1. Дадзенае Пагадненне прымяняецца да падаткаў на даходы i
маёмасць (капiтал), якiя спаганяюцца ад iмя кожнай Дагаворнай
Дзяржавы або мясцовых органаў улады, незалежна ад спосабу iх
спагнання.
2. Падаткамi на даходы i маёмасць (капiтал) лiчацца ўсе
падаткi, што спаганяюцца з агульнай сумы даходаў, агульнай сумы
маёмасцi (капiталу) або з элементаў даходу або маёмасцi (капiталу),
уключаючы падаткi з даходаў ад адчужэння маёмасцi, падаткi на
агульную суму заработнай платы, што выплачваецца прадпрыемствамi, а
таксама падаткi на прырост вартасцi капiталу.
3. Iснуючымi падаткамi, на якiя распаўсюджваецца дадзенае
Пагадненне, з`яўляюцца, у прыватнасцi:
а) у выпадку Iсламскай Рэспублiкi Iран:
(i) падатак на даход;
(ii) падатак на маёмасць
(у далейшым "прамы падатак Iсламскай Рэспублiкi Iран");
b) у выпадку Рэспублiкi Беларусь:
(i) падатак на даходы i прыбытак юрыдычных асоб;
(ii) падаходны падатак з грамадзян;
(iii) падатак на нерухомасць; i
(iv) падатак на зямлю
(у далейшым "падатак Рэспублiкi Беларусь").
4. Дадзенае Пагадненне распаўсюджваецца таксама на любыя
iдэнтычныя або па сутнасцi аналагiчныя падаткi, што класiфiцыраваны
ў адпаведнасцi з азначэннем пунктаў 1 i 2 гэтага артыкула, якiя
спаганяюцца пасля даты падпiсання дадзенага Пагаднення ў дапаўненне
да iснуючых падаткаў або замест iх. Кампетэнтныя органы Дагаворных
Дзяржаў паведамляюць адзiн аднаму ў прымальныя тэрмiны аб любых
iстотных змяненнях, якiя ўнесены ў iх падатковыя заканадаўствы.
Артыкул 3
Агульныя азначэннi
1. Для мэт дадзенага Пагаднення, калi з кантэксту не вынiкае
iншае:
а) тэрмiны "адна Дагаворная Дзяржава" i "другая Дагаворная
Дзяржава" абазначаюць, у залежнасцi ад кантэксту, Iсламскую
Рэспублiку Iран або Рэспублiку Беларусь;
тэрмiн "Iсламская Рэспублiка Iран" абазначае тэрыторыю, якая
знаходзiцца пад суверэнiтэтам Iсламскай Рэспублiкi Iран;
тэрмiн "Рэспублiка Беларусь" абазначае Рэспублiку Беларусь i
пры выкарыстаннi ў геаграфiчным сэнсе абазначае тэрыторыю, якая
знаходзiцца пад суверэнiтэтам Рэспублiкi Беларусь, i якая ў
адпаведнасцi з заканадаўствам Беларусi i мiжнародным правам
знаходзiцца пад юрысдыкцыяй Рэспублiкi Беларусь;
b) тэрмiн "падатак" абазначае любы падатак, аб якiм гаворыцца ў
артыкуле 2 дадзенага Пагаднення;
с) тэрмiн "асоба" ўключае фiзiчную асобу, кампанiю i любое
iншае аб`яднанне асоб;
d) тэрмiн "кампанiя" абазначае любую юрыдычную асобу або любую
арганiзацыю, якая разглядаецца ў якасцi юрыдычнай асобы для мэт
падаткаабкладання;
е) тэрмiн "зарэгiстраваны офiс" абазначае месца, адкуль
ажыццяўляецца фактычнае кiраванне i кантроль кампанii, месца, дзе
прымаюцца рашэннi на вышэйшым узроўнi па важных пытаннях, iстотных
для кiравання кампанiяй, месца, якое iграе асноўную ролю ў кiраваннi
кампанiяй з эканамiчнай i функцыянальнай кропкi гледжання, i месца,
у якiм знаходзяцца самыя важныя бухгалтарскiя кнiгi;
f) тэрмiны "прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы" i
"прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы" абазначаюць адпаведна
прадпрыемства, якiм кiруе рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы, i
прадпрыемства, якiм кiруе рэзiдэнт другой Дагаворнай Дзяржавы;
g) тэрмiн "мiжнародная перавозка" абазначае любую перавозку
марскiм, рачным, паветраным суднам або аўтамабiльным i чыгуначным
транспартным сродкам, што эксплуатуюцца прадпрыемствам, якое
з`яўляеца рэзiдэнтам адной Дагаворнай Дзяржавы, за выключэннем
выпадкаў, калi марское, рачное, паветранае судна або аўтамабiльны i
чыгуначны транспартны сродак эксплуатуюцца выключна памiж пунктамi ў
другой Дагаворнай Дзяржаве;
h) тэрмiн "кампетэнтны орган" абазначае:
i) у выпадку Iсламскай Рэспублiкi Iран - Мiнiстра эканамiчных
спраў i фiнансаў або яго паўнамоцнага прадстаўнiка;
ii) у выпадку Рэспублiкi Беларусь - Галоўную дзяржаўную
падатковую iнспекцыю пры Кабiнеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь або
яе паўнамоцнага прадстаўнiка;
i) тэрмiн "грамадзянiн" абазначае:
i) любую фiзiчную асобу, якая мае грамадзянства Дагаворнай
Дзяржавы;
ii) любую юрыдычную асобу, якая атрымлiвае свой статус як такi
па заканадаўству, што дзейнiчае ў Дагаворнай Дзяржаве.
2. Што датычыцца прымянення дадзенага Пагаднення Дагаворнай
Дзяржавай, то любы тэрмiн, не вызначаны ў iм, мае, калi з кантэксту
не вынiкае iншае, тое значэнне, якое ён мае па заканадаўству гэтай
Дзяржавы ў прымяненнi да падаткаў, на якiя распаўсюджваецца дадзенае
Пагадненне.
Артыкул 4
Рэзiдэнт
1. Для мэт дадзенага Пагаднення тэрмiн "рэзiдэнт адной
Дагаворнай Дзяржавы" абазначае любую асобу, якая па заканадаўству
гэтай Дзяржавы падлягае падаткаабкладанню ў ёй на падставе
месцажыхарства, пастаяннага месцазнаходжання, месца рэгiстрацыi або
любой iншай аналагiчнай прыкметы. Гэты тэрмiн, аднак, не ўключае
асобу, якая падлягае падаткаабкладанню ў гэтай Дзяржаве толькi ў
дачыненнi да даходаў з крынiц у гэтай Дзяржаве або маёмасцi
(капiталу), што там знаходзiцца.
2. Калi ў адпаведнасцi з палажэннямi пункта 1 гэтага артыкула
фiзiчная асоба з`яўляецца рэзiдэнтам абедзвюх Дагаворных Дзяржаў, яе
становiшча вызначаецца наступным чынам:
a) яна лiчыцца рэзiдэнтам той Дзяржавы, у якой яна мае
пастаяннае жыллё; калi яна мае пастаяннае жыллё ў абедзвюх
Дзяржавах, яна лiчыцца рэзiдэнтам той Дзяржавы, у якой яна мае больш
цесныя асабiстыя i эканамiчныя сувязi (цэнтр жыццёвых iнтарэсаў);
b) калi Дзяржава, у якой знаходзiцца цэнтр яе жыццёвых
iнтарэсаў, не можа быць вызначана, або калi яна не мае пастаяннага
жылля нi ў адной з Дзяржаў, яна лiчыцца рэзiдэнтам той Дзяржавы, у
якой яна звычайна пражывае;
c) калi яна звычайна пражывае ў абедзвюх Дагаворных Дзяржавах
або калi яна звычайна не пражывае нi ў адной з iх, яна лiчыцца
рэзiдэнтам той Дзяржавы, грамадзянiнам якой яна з`яўляецца;
d) калi яна не з`яўляецца грамадзянiнам нi адной з Дагаворных
Дзяржаў, кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў вырашаюць пытанне па
ўзаемнай згодзе.
3. Калi ў адпаведнасцi з палажэннямi пункта 1 асоба, якая не
з`яўляецца фiзiчнай асобай, з`яўляецца рэзiдэнтам абедзвюх
Дагаворных Дзяржаў, тады яна лiчыцца рэзiдэнтам той Дзяржавы, у якой
размешчаны яе зарэгiстраваны офiс.
4. У выпадку ўзнiкнення цяжкасцей пры вызначэннi
месцазнаходжання зарэгiстраванага офiса, як ён вызначаны ў падпункце
е) пункта 1 артыкула 3, спрэчнае пытанне вырашаецца кампетэнтнымi
органамi Дагаворных Дзяржаў.
Артыкул 5
Пастаяннае прадстаўнiцтва
1. Для мэт дадзенага Пагаднення тэрмiн "пастаяннае
прадстаўнiцтва" абазначае пастаяннае месца дзейнасцi, праз якое
прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы поўнасцю або часткова
ажыццяўляе камерцыйную дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве.
2. Тэрмiн "пастаяннае прадстаўнiцтва" ўключае, у прыватнасцi:
а) месца кiравання;
b) аддзяленне;
c) кантору;
d) фабрыку;
t) майстэрню;
f) руднiк, нафтавую або газавую свiдравiну, кар`ер або любое
iншае месца здабычы прыродных рэсурсаў.
3. Будаўнiчая пляцоўка, будаўнiчы, мантажны або зборачны аб`ект
або звязаная з iм наглядная дзейнасць з`яўляюцца пастаянным
прадстаўнiцтвам, калi такая пляцоўка, аб`ект або дзейнасць iснуюць
больш 12 месяцаў.
4. Нягледзячы на папярэднiя палажэннi гэтага артыкула,
наступная дзейнасць прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы ў другой
Дагаворнай Дзяржаве не разглядаецца як тая, якая ажыццяўляецца праз
пастаяннае прадстаўнiцтва:
а) выкарыстанне збудаванняў выключна для мэт захоўвання,
дэманстрацыi або пастаўкi тавараў або вырабаў, якiя належаць
прадпрыемству;
b) утрыманне запасаў тавараў або вырабаў, якiя належаць
прадпрыемству, выключна ў мэтах захоўвання, дэманстрацыi або
пастаўкi;
с) утрыманне запасаў тавараў або вырабаў, якiя належаць
прадпрыемству, выключна для мэт перапрацоўкi другiм прадпрыемствам;
d) утрыманне пастаяннага месца дзейнасцi выключна для мэт
закупкi тавараў або вырабаў або для збору iнфармацыi для
прадпрыемства;
е) утрыманне пастаяннага месца дзейнасцi выключна для мэт
ажыццяўлення для прадпрыемства любой iншай дзейнасцi падрыхтоўчага
або дапаможнага характару;
f) утрыманне пастаяннага месца дзейнасцi выключна для любога
спалучэння вiдаў дзейнасцi, што названы ў падпунктах "а"-"е", пры
ўмове, што такая дзейнасць у цэлым пастаяннага месца дзейнасцi, якая
вынiкае з гэтага спалучэння, мае падрыхтоўчы дапаможны характар.
5. Нягледзячы на палажэннi пунктаў 1 i 2, калi асоба, iншая чым
агент з незалежным статусам, да якой прымяняецца пункт 6, дзейнiчае
ў адной Дагаворнай Дзяржаве ад iмя прадпрыемства, i мае, i звычайна
выкарыстоўвае ў Дагаворнай Дзяржаве паўнамоцтвы заключаць кантракты
ад iмя прадпрыемства, то лiчыцца, што гэта прадпрыемства мае
пастаяннае прадстаўнiцтва ў гэтай Дзяржаве ў дачыненнi да любой
дзейнасцi, якую гэта асоба ажыццяўляе для прадпрыемства, калi
дзейнасць такой асобы не абмежавана той, якая прадстаўлена ў пункце
4, i якiя, калi яна ажыццяўляецца праз пастаяннае месца дзейнасцi,
не робiць гэта пастаяннае месца дзейнасцi пастаянным прадстаўнiцтвам
згодна палажэнням гэтага пункта.
6. Прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы не разглядаецца як
тое, якое мае пастаяннае прадстаўнiцтва ў другой Дагаворнай Дзяржаве
толькi на той падставе, што яно ажыццяўляе камерцыйную дзейнасць у
гэтай другой Дзяржаве праз брокера, камiсiянера або любога iншага
агента з незалежным статусам пры ўмове, што гэтыя асобы дзейнiчаюць
у рамках сваёй звычайнай прафесiянальнай дзейнасцi.
Аднак, у выпадку, калi дзейнасць такога агента поўнасцю
ажыццяўляецца ад iмя гэтага прадпрыемства, ён не разглядаецца ў
якасцi агента з незалежным статусам, калi здзелкi памiж агентам i
прадпрыемствам не здзейснены на ўмовах "выцягнутай рукi".
7. Той факт, што кампанiя, якая з`яўляецца рэзiдэнтам адной
Дагаворнай Дзяржавы, кантралюе або кантралюецца кампанiяй, якая
з`яўляецца рэзiдэнтам другой Дагаворнай Дзяржавы, або якая
ажыццяўляе камерцыйную дзейнасць у гэтай другой Дагаворнай Дзяржаве
(праз пастаяннае прадстаўнiцтва або iншым чынам), сам па сабе не
пераўтварае адну з гэтых кампанiй у пастаяннае прадстаўнiцтва
другой.
Артыкул 6
Даходы ад нерухомай маёмасцi
1. Даходы, якiя атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ад нерухомай маёмасцi (уключаючы даходы ад сельскай або лясной
гаспадаркi), што знаходзiцца ў другой Дагаворнай Дзяржаве, могуць
абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Тэрмiн "нерухомая маёмасць" мае тое значэнне, якое ён мае па
заканадаўству Дагаворнай Дзяржавы, у якой знаходзiцца гэта маёмасць.
Марскiя, рачныя, паветраныя судны або аўтамабiльны i чыгуначны
транспарт не разглядаюцца ў якасцi нерухомай маёмасцi.
3. Палажэннi пункта 1 прымяняюцца да даходаў, якiя
атрымлiваюцца ад прамога выкарыстання, здачы ўнаём або выкарыстання
нерухомай маёмасцi ў любой iншай форме, уключаючы даход, якi звязаны
з перадачай або атрыманнем правоў па кiраванню нерухомай маёмасцю.
4. Палажэннi пунктаў 1 i 3 гэтага артыкула прымяняюцца да
даходаў ад нерухомай маёмасцi прадпрыемства i да даходаў ад
нерухомай маёмасцi, якая выкарыстоўваецца для аказання незалежных
асабiстых паслуг.
Артыкул 7
Прыбытак ад камерцыйнай дзейнасцi
1. Прыбытак ад камерцыйнай дзейнасцi, якi атрымлiвае
прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы, абкладаецца падаткам толькi
ў гэтай Дзяржаве, калi толькi гэта прадпрыемства не ажыццяўляе
камерцыйную дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве праз размешчанае
там пастаяннае прадстаўнiцтва. Калi прадпрыемства ажыццяўляе
камерцыйную дзейнасць, як зазначана вышэй, прыбытак гэтага
прадпрыемства можа абкладацца падаткам у другой Дзяржаве, але толькi
ў той частцы, якая адносiцца да гэтага пастаяннага прадстаўнiцтва.
2. З улiкам палажэнняў пункта 3 гэтага артыкула, калi
прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы ажыццяўляе камерцыйную
дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве праз пастаяннае
прадстаўнiцтва, якое там знаходзiцца, то ў кожнай Дагаворнай
Дзяржаве гэтаму пастаяннаму прадстаўнiцтву залiчваецца прыбытак, якi
яно магло б атрымаць у выпадку, калi б яно было адасобленым i
асобным прадпрыемствам, якое занята такой жа або аналагiчнай
дзейнасцю ў такiх жа або аналагiчных умовах, i дзейнiчае цалкам
незалежна ад прадпрыемства, пастаянным прадстаўнiцтвам якога яно
з`яўляецца.
3. Пры вызначэннi прыбытку пастаяннага прадстаўнiцтва
дапускаецца вылiчэнне выдаткаў, што панесены для мэт такога
пастаяннага прадстаўнiцтва, уключаючы кiраўнiцкiя i
агульнаадмiнiстрацыйныя выдаткi, што панесены як у Дагаворнай
Дзяржаве, дзе размешчана пастаяннае прадстаўнiцтва, так i за яе
межамi.
4. Паколькi вызначэнне ў Дагаворнай Дзяржаве прыбытку, якi
адносiцца да пастаяннага прадстаўнiцтва на аснове прапарцыянальнага
размеркавання агульнай сумы прыбытку прадпрыемства яго розным
падраздзяленням, з`яўляецца звычайнай практыкай, нiшто ў пункце 2 не
перашкаджае Дагаворнай Дзяржаве вызначыць падаткаабкладаемы прыбытак
з дапамогай такога размеркавання, як гэта прынята на практыцы.
Аднак, выбраны метад размеркавання павiнен даваць вынiкi, якiя
адпавядаюць прынцыпам, што змешчаны ў гэтым артыкуле.
5. Нiякi прыбытак не адносiцца да пастаяннага прадстаўнiцтва на
падставе простай закупкi пастаянным прадстаўнiцтвам вырабаў або
тавараў для прадпрыемства.
6. Прыбытак, якi адносiцца да пастаяннага прадстаўнiцтва,
вызначаецца кожны год адным i тым жа метадам, калi толькi не будзе
дастатковай i важкай прычыны для яго змянення.
7. Калi прыбытак уключае вiды даходаў, якiя разглядаюцца асобна
ў iншых артыкулах дадзенага Пагаднення, палажэннi гэтых артыкулаў не
закранаюцца палажэннямi дадзенага артыкула.
Артыкул 8
Мiжнародны транспарт
Прыбытак, якi атрымлiвае прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы ад эксплуатацыi марскiх, рачных, паветраных суднаў або
аўтамабiльнага i чыгуначнага транспарта ў мiжнародных перавозках,
абкладаецца падаткам толькi ў той Дагаворнай Дзяржаве, у якой
размешчаны зарэгiстраваны офiс прадпрыемства.
Артыкул 9
Асацыiраваныя прадпрыемствы
1. У выпадку, калi:
а) прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы прама або ўскосна
ўдзельнiчае ў кiраваннi, кантролi або капiтале прадпрыемства другой
Дагаворнай Дзяржавы, або
b) адны i тыя ж асобы прама або ўскосна ўдзельнiчаюць у
кiраваннi, кантролi або капiтале прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы i прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы,
i ў кожным выпадку памiж двума прадпрыемствамi ў iх камерцыйных
або фiнансавых узаемаадносiнах ствараюцца або ўстанаўлiваюцца ўмовы,
адрозныя ад тых, якiя мелi б месца памiж двума незалежнымi
прадпрыемствамi, тады любы прыбытак, якi мог бы быць налiчаны аднаму
з iх, але з-за наяўнасцi гэтых умоў не быў яму налiчаны, можа быць
уключаны ў прыбытак гэтага прадпрыемства i, адпаведна, абкладзены
падаткам.
2. У выпадку, калi адна Дагаворная Дзяржава ўключае ў прыбытак
прадпрыемства гэтай Дзяржавы i адпаведна абкладае падаткам прыбытак,
па якому прадпрыемства другой Дагаворнай Дзяржавы было абкладзена
падаткам у гэтай другой Дзяржаве, i прыбытак, такiм чынам уключаны,
з`яўляецца прыбыткам, якi быў бы налiчаны прадпрыемству першай
названай Дзяржавы, калi б умовы ўзаемаадносiн памiж двума
прадпрыемствамi былi б умовамi, якiя iснуюць памiж незалежнымi
прадпрыемствамi, тады гэта другая Дзяржава робiць адпаведную
карэкцiроўку ў суме падатку, якi спаганяецца з гэтага прыбытку. Пры
вызначэннi такой карэкцiроўкi павiнны быць разгледжаны iншыя
палажэннi дадзенага Пагаднення, а кампетэнтныя органы Дагаворных
Дзяржаў могуць пракансультавацца адзiн з адным пры неабходнасцi.
Артыкул 10
Дывiдэнды
1. Дывiдэнды, што выплачваюцца кампанiяй, якая з`яўляецца
рэзiдэнтам адной Дагаворнай Дзяржавы, рэзiдэнту другой Дагаворнай
Дзяржавы, могуць абкладацца падаткамi ў гэтай другой Дзяржаве.
2. Аднак, такiя дывiдэнды могуць таксама абкладацца падаткамi ў
той Дагаворнай Дзяржаве, рэзiдэнтам якой з`яўляецца кампанiя, што
выплачвае дывiдэнды, i ў адпаведнасцi з заканадаўствам гэтай
Дзяржавы, але калi атрымальнiк з`яўляецца сапраўдным уладальнiкам
дывiдэндаў, спаганяемы падатак не перавышае:
а) 10 працэнтаў валавой сумы дывiдэндаў, калi сапраўдным
уладальнiкам з`яўляецца кампанiя (iншая чым таварыства), якая
непасрэдна валодае не менш чым 25 працэнтамi капiталу кампанii, што
выплачвае дывiдэнды;
b) 15 працэнтаў валавой сумы дывiдэндаў ва ўсiх iншых выпадках.
3. Тэрмiн "дывiдэнды" пры выкарыстаннi ў гэтым артыкуле
абазначае даход ад акцый або iншых правоў, што датычацца акцый, якiя
не з`яўляюцца даўгавымi патрабаваннямi, што даюць права на ўдзел у
прыбытку, а таксама даход ад iншых правоў, якi падлягае такому ж
падатковаму рэжыму, як даходы ад акцый, у адпаведнасцi з
заканадаўствам той Дагаворнай Дзяржавы, рэзiдэнтам якой з`яўляецца
кампанiя, што размяркоўвае прыбытак.
4. Палажэннi пунктаў 1 i 2 не прымяняюцца, калi сапраўдны
ўладальнiк дывiдэндаў, як рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы,
ажыццяўляе камерцыйную дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве,
рэзiдэнтам якой з`яўляецца кампанiя, што выплачвае дывiдэнды, праз
пастаяннае прадстаўнiцтва, што размешчана там, або аказвае ў гэтай
другой Дзяржаве незалежныя асабiстыя паслугi з пастаяннай базы, якая
размешчана там, i холдынг, у дачыненнi да якога выплачваюцца
дывiдэнды, сапраўды звязаны з такiм пастаянным прадстаўнiцтвам або
пастаяннай базай. У такiм выпадку прымяняюцца палажэннi артыкула 7
або 14, у залежнасцi ад абставiн.
5. У выпадку, калi кампанiя, якая з`яўляецца рэзiдэнтам адной
Дагаворнай Дзяржавы, атрымлiвае прыбытак або даходы з другой
Дагаворнай Дзяржавы, гэта другая Дзяржава не павiнна абкладаць
падаткам дывiдэнды, якiя выплачваюцца гэтай кампанiяй, за
выключэннем, калi гэтыя дывiдэнды выплачваюцца рэзiдэнту гэтай
другой Дзяржавы, або калi холдынг, у дачыненнi да якога выплачваюцца
дывiдэнды, сапраўды звязаны з пастаянным прадстаўнiцтвам або
пастаяннай базай, што размешчаны ў гэтай другой Дзяржаве, i не
павiнна падвяргаць неразмеркаваны прыбытак кампанii падатку на
неразмеркаваны прыбытак, нават калi выплачваемыя дывiдэнды або
неразмеркаваны прыбытак складаюцца поўнасцю або часткова з прыбытку
або даходу, якiя ўзнiкаюць у гэтай другой Дзяржаве.
Артыкул 11
Працэнты
1. Працэнты, якiя ўзнiкаюць у адной Дагаворнай Дзяржаве i
выплачваюцца рэзiдэнту другой Дагаворнай Дзяржавы, могуць абкладацца
падаткамi ў гэтай другой Дзяржаве.
2. Аднак такiя працэнты могуць таксама абкладацца падаткамi ў
той Дагаворнай Дзяржаве, у якой яны ўзнiкаюць, i ў адпаведнасцi з
заканадаўствам гэтай Дзяржавы, але калi атрымальнiк з`яўляецца
сапраўдным уладальнiкам працэнтаў, спаганяемы падатак не перавышае 5
працэнтаў валавой сумы працэнтаў.
3. Нягледзячы на палажэннi пункта 2, працэнты, якiя ўзнiкаюць у
адной Дагаворнай Дзяржаве, i якiя атрымлiвае Урад, мясцовыя органы
ўлады, Цэнтральны банк Iсламскай Рэспублiкi Iран i Нацыянальны банк
Беларусi, вызваляюцца ад падатку ў першай названай Дзяржаве.
4. Тэрмiн "працэнты" пры выкарыстаннi ў гэтым артыкуле
абазначае даход ад даўгавых патрабаванняў любога вiду, без
залежнасцi ад iпатэчнага забеспячэння i без залежнасцi ад валодання
правам на ўдзел у прыбытках даўжнiка i, у прыватнасцi, даход ад
урадавых каштоўных папер i даход ад аблiгацый або даўгавых
абавязацельстваў, уключаючы прэмii i выйгрышы па гэтых каштоўных
паперах, аблiгацыях або даўгавых абавязацельствах, штрафы за
несвоечасовыя выплаты не разглядаюцца ў якасцi працэнтаў для мэт
гэтага артыкула.
5. Палажэннi пунктаў 1 i 2 не прымяняюцца, калi сапраўдны
ўладальнiк працэнтаў, як рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы,
ажыццяўляе камерцыйную дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве, у
якой узнiкаюць працэнты, праз размешчанае там пастаяннае
прадстаўнiцтва, або аказвае ў гэтай другой Дзяржаве незалежныя
асабiстыя паслугi з пастаяннай базы, якая размешчана там, i даўгавое
патрабаванне, на падставе якога выплачваюцца працэнты, сапраўды
звязана з такiм пастаянным прадстаўнiцтвам або пастаяннай базай. У
такiм выпадку прымяняюцца палажэннi артыкулаў 7 або 14, у залежнасцi
ад абставiн.
6. Лiчыцца, што працэнты ўзнiкаюць у Дагаворнай Дзяржаве, калi
плацельшчыкам з`яўляецца сама гэта Дзяржава, мясцовы орган улады або
рэзiдэнт гэтай Дзяржавы. Калi, аднак, асоба, якая выплачвае
працэнты, незалежна ад таго, з`яўляецца яна рэзiдэнтам Дагаворнай
Дзаржавы цi не, мае ў Дагаворнай Дзяржаве пастаяннае прадстаўнiцтва
або пастаянную базу, у сувязi з якiмi ўзнiкла запазычанасць, па якой
выплачваюцца працэнты, i выдаткi па выплаце гэтых працэнтаў нясе
такое пастаяннае прадстаўнiцтва або пастаянная база, то лiчыцца, што
такiя працэнты ўзнiкаюць у той Дагаворнай Дзяржаве, у якой
знаходзiцца пастаяннае прадстаўнiцтва або пастаянная база.
7. Калi па прычыне асаблiвых адносiн памiж плацельшчыкамi i
сапраўдным уладальнiкам, або памiж iмi абодвума i трэцяй асобай сума
працэнтаў, што адносiцца да даўгавога патрабавання, у сувязi з якiм
яны выплачваюцца, перавышае суму, якая была б узгоднена памiж
плацельшчыкам i сапраўдным уладальнiкам працэнтаў, пры адсутнасцi
такiх адносiн, то палажэннi гэтага артыкула прымяняюцца толькi да
апошняй названай сумы. У такiм выпадку залiшняя частка плацяжу
па-ранейшаму абкладаецца падаткам у адпаведнасцi з заканадаўствам
кожнай Дагаворнай Дзяржавы, з належным улiкам iншых палажэнняў
дадзенага Пагаднення.
Артыкул 12
Роялцi
1. Роялцi, якiя ўзнiкаюць у адной Дагаворнай Дзяржаве i
выплачваюцца рэзiдэнту другой Дагаворнай Дзяржавы, могуць абкладацца
падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Аднак, такiя роялцi могуць таксама абкладацца падаткам у той
Дагаворнай Дзяржаве, у якой яны ўзнiкаюць, i ў адпаведнасцi з
заканадаўствам гэтай Дзяржавы, але калi атрымальнiк з`яўляецца
сапраўдным уладальнiкам роялцi, спаганяемы падатак не перавышае 5
працэнтаў валавой сумы роялцi.
3. Тэрмiн "роялцi" пры выкарыстаннi ў гэтым артыкуле абазначае
плацяжы любога вiду, што атрыманы ў якасцi ўзнагароджання за
выкарыстанне або за прадастаўленне права выкарыстання любога
аўтарскага права на творы лiтаратуры, мастацтва або навукi,
уключаючы кiнафiльмы i запiсы, якiя выкарыстоўваюцца для
радыёвяшчання або тэлебачання, любога патэнта, гандлёвай маркi,
чарцяжа або мадэлi, схемы, сакрэтнай формулы або працэсу, або за
iнфармацыю адносна прамысловага, камерцыйнага або навуковага вопыту,
або за выкарыстанне або прадстаўленне права выкарыстання
прамысловага, камерцыйнага або навуковага абсталявання.
4. Палажэннi пунктаў 1 i 2 не прымяняюцца, калi фактычны
ўладальнiк роялцi, як рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы, ажыццяўляе
камерцыйную дзейнасць у другой Дагаворнай Дзяржаве, у якой узнiкаюць
роялцi праз размешчанае там пастаяннае прадстаўнiцтва, або аказвае ў
гэтай другой Дзяржаве незалежныя асабiстыя паслугi з пастаяннай
базы, што размешчана там, i права або маёмасць, у дачыненнi да якiх
выплачваюцца роялцi, сапраўды звязана з такiм пастаянным
прадстаўнiцтвам або пастаяннай базай. У такiм выпадку прымяняюцца
палажэннi артыкула 7 або артыкула 14, у залежнасцi ад абставiн.
5. Лiчыцца, што роялцi ўзнiкаюць у Дагаворнай Дзяржаве, калi
плацельшчыкам з`яўляецца сама Дзяржава, мясцовы орган улады або
рэзiдэнт гэтай Дзяржавы. Калi, аднак, асоба, якая выплачвае роялцi,
незалежна ад таго, з`яўляецца яна рэзiдэнтам Дагаворнай Дзяржавы цi
не, мае ў Дагаворнай Дзяржаве пастаяннае прадстаўнiцтва або
пастаянную базу, з якiмi сапраўды звязана права або маёмасць, што
з`яўляецца падставай для выплаты роялцi, i такiя роялцi выплачваюцца
такiм пастаянным прадстаўнiцтвам або пастаяннай базай, тады лiчыцца,
што такiя роялцi ўзнiкаюць у той Дагаворнай Дзяржаве, у якой
размешчана пастаяннае прадстаунiцтва або пастаянная база.
6. Калi па прычыне асаблiвых адносiн памiж плацельшчыкам i
сапраўдным уладальнiкам роялцi або памiж iмi абодвума i якой-небудзь
трэцяй асобай сума роялцi, якая адносiцца да выкарыстання права або
iнфармацыi, на падставе якiх яны выплачваюцца, перавышае суму, якая
была б узгоднена памiж плацельшчыкам i сапраўдным уладальнiкам
роялцi, пры адсутнасцi такiх адносiн, палажэннi гэтага артыкула
прымяняюцца толькi да апошняй названай сумы. У такiм выпадку
залiшняя частка плацяжоў па-ранейшаму абкладаецца падаткам у
адпаведнасцi з заканадаўствам кожнай Дагаворнай Дзяржавы, з належным
улiкам iншых палажэнняў дадзенага Пагаднення.
Артыкул 13
Даходы ад адчужэння маёмасцi
(Прырост капiталу)
1. Даходы, якiя атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ад адчужэння нерухомай маёмасцi, аб якой гаварылася ў артыкуле 6,
што размешчана ў другой Дагаворнай Дзяржаве, могуць абкладацца
падаткамi ў гэтай другой Дзяржаве.
2. Даходы ад адчужэння маёмасцi, iншай чым нерухомая маёмасць,
што складае частку камерцыйнай маёмасцi пастаяннага прадстаўнiцтва,
якое прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы мае ў другой Дагаворнай
Дзяржаве, або маёмасцi, iншай чым нерухомая маёмасць, што адносiцца
да пастаяннай базы, якая даступна рэзiдэнту адной Дагаворнай
Дзяржавы ў другой Дагаворнай Дзяржаве для аказання незалежных
асабiстых паслуг, уключаючы даходы ад адчужэння такога пастаяннага
прадстаўнiцтва (асобна або ў сукупнасцi з цэлым прадпрыемствам) або
такой пастаяннай базы, могуць абкладацца падаткам у гэтай другой
Дзяржаве.
3. Даходы, якiя атрымлiвае прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы ад адчужэння марскiх, рачных, паветраных суднаў або
аўтамабiльнага i чыгуначнага транспарта, якiя эксплуатуюцца ў
мiжнародных перавозках, або маёмасцi, iншай чым нерухомая маёмасць,
што адносiцца да эксплуатацыi такiх марскiх, рачных, паветраных
суднаў або аўтамабiльнага i чыгуначнага транспарта, абкладаюцца
падаткам толькi ў той Дзяржаве, у якой размешчаны зарэгiстраваны
офiс прадпрыемства.
4. Даходы, якiя атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы
ад адчужэння акцый або iншых правоў кампанii, актывы якой прама або
ўскосна складаюцца, у асноўным, з нерухомай маёмасцi, якая
знаходзiцца ў другой Дагаворнай Дзяржаве, могуць абкладацца падаткам
у гэтай другой Дзяржаве.
5. Даходы ад адчужэння любой маёмасцi, акрамя пералiчанай у
пунктах 1, 2, 3 i 4, абкладаюцца падаткам толькi ў той Дагаворнай
Дзяржаве, рэзiдэнтам якой з`яўляецца асоба, якая адчужае маёмасць.
Артыкул 14
Незалежныя асабiстыя паслугi
1. Даход, якi атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў
дачыненнi да прафесiянальных паслуг або iншай аналагiчнай дзейнасцi
незалежнага характару, абкладаецца падаткам толькi ў гэтай Дзяржаве,
за выключэннем выпадкаў, калi ён мае рэгулярна даступную пастаянную
базу ў другой Дагаворнай Дзяржаве для ажыццяўлення гэтай дзейнасцi.
Калi ён мае такую пастаянную базу, даход можа абкладацца падаткам у
другой Дзяржаве, але толькi па даходу, якi можа быць аднесены да
гэтай пастаяннай базы.
2. Тэрмiн "прафесiянальныя паслугi" ўключае, у прыватнасцi,
незалежную навуковую, лiтаратурную, мастацкую, адукацыйную або
выкладчыцкую дзейнасць, таксама як i незалежную дзейнасць урачоў,
адвакатаў, iнжынераў, архiтэктараў, зубных урачоў i бухгалтараў.
3. Для мэт дадзенага Пагаднення тэрмiн "пастаянная база"
абазначае пастаяннае месца, такое як кабiнет або офiс, праз якое
поўнасцю або часткова ажыццяўляецца дзейнасць фiзiчнай асобы, якая
прадастаўляе незалежныя асабiстыя паслугi.
Артыкул 15
Залежныя асабiстыя паслугi
1. З улiкам палажэнняў артыкулаў 16, 18, 19 i 20 дадзенага
Пагаднення заработная плата i iншыя падобныя ўзнагароджаннi, якiя
атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў дачыненнi да работы
па найму, абкладаюцца падаткам толькi ў гэтай Дзяржаве, калi толькi
работа па найму не ажыццяўляецца ў другой Дагаворнай Дзяржаве. Калi
работа па найму ажыццяўляецца такiм чынам, атрыманыя ў сувязi з
гэтым узнагароджаннi могуць абкладацца падаткам у гэтай другой
Дзяржаве.
2. Нягледзячы на палажэннi пункта 1, узнагароджаннi, якiя
атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў дачыненнi да работы
па найму, што ажыццяўляецца ў другой Дагаворнай Дзяржаве,
абкладаюцца падаткам толькi ў першай названай Дзяржаве, калi:
а) атрымальнiк знаходзiцца ў другой Дзяржаве на працягу перыяду
або перыядаў, якiя не перавышаюць увогуле 183 днi ў любым
дванаццацiмесячным перыядзе, што пачынаецца або заканчваецца ў
адпаведным падатковым годзе, i
b) узнагароджаннi выплачваюцца наймальнiкам або ад iмя
наймальнiка, якi не з`яўляецца рэзiдэнтам другой Дзяржавы, i
с) выдаткi па выплаце ўзнагароджанняў не нясуць пастаяннае
прадстаўнiцтва або пастаянная база, якiя наймальнiк мае ў другой
Дзяржаве.
3. Нягледзячы на папярэднiя палажэннi гэтага артыкула,
узнагароджаннi, якiя атрымлiваюцца ў дачыненнi да работы па найму,
што ажыццяўляецца на борце марскога, рачнога, паветранага судна або
аўтамабiльнага i чыгуначнага транспартнага сродку, што эксплуатуюцца
ў мiжнародных перавозках, могуць абкладацца падаткам у той Дзяржаве,
у якой размешчаны зарэгiстраваны офiс прадпрыемства.
Артыкул 16
Ганарары дырэктараў
Ганарары дырэктараў i iншыя падобныя выплаты, якiя атрымлiвае
рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў якасцi члена савета дырэктараў
кампанii, якая з`яўляецца рэзiдэнтам другой Дагаворнай Дзяржавы,
могуць абкладацца падаткамi ў гэтай другой Дзяржаве.
Артыкул 17
Артысты i спартсмены
1. Нягледзячы на палажэннi артыкулаў 14 i 15, даход, якi
атрымлiвае рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы ў якасцi работнiка
мастацтваў, такога, як артыст тэатра, кiно, радыё або тэлебачання,
або музыканта, або ў якасцi спартсмена, ад яго асабiстай дзейнасцi
як такой, што ажыццяўляецца ў другой Дагаворнай Дзяржаве, можа
абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. У выпадку, калi даход у дачыненнi да асабiстай дзейнасцi,
якая ажыццяўляецца работнiкам мастацтваў або спартсменам у такой яго
якасцi, налiчваецца не самому работнiку мастацтваў або спартсмену, а
iншай асобе, гэты даход, нягледзячы на палажэннi артыкулаў 7, 14 i
15, можа абкладацца падаткам у той Дагаворнай Дзяржаве, у якой
ажыццяўляецца дзейнасць работнiка мастацтваў або спартсмена.
3. Нягледзячы на палажэннi пунктаў 1 i 2, даход, якi атрымлiвае
работнiк мастацтваў або спартсмен ад дзейнасцi, што ажыццяўляецца ў
другой Дагаворнай Дзяржаве на падставе пагаднення аб культурным
супрацоўнiцтве, якое заключана памiж Урадамi Дагаворных Дзяржаў,
вызваляецца ад падатку ў гэтай другой Дзяржаве.
Артыкул 18
Пенсii
1. З улiкам палажэнняў пункта 1 артыкула 19 пенсii i iншыя
падобныя ўзнагароджаннi, якiя выплачваюцца рэзiдэнту адной
Дагаворнай Дзяржавы ў сувязi з работай па найму ў мiнулым,
падлягаюць падаткаабкладанню толькi ў той Дагаворнай Дзяржаве, у
якой яны ўзнiкаюць. Гэта палажэнне таксама прымяняецца ў дачыненнi
да пажыццёвай рэнты, якая выплачваецца рэзiдэнту Дагаворнай
Дзяржавы.
2. Пенсii i пажыццёвая рэнта i iншыя перыядычныя або разавыя
выплаты, якiя ажыццяўляюцца Дагаворнай Дзяржавай у дачыненнi да
асабiстага страхавання ад няшчаснага выпадку, падлягаюць
падаткаабкладанню толькi ў гэтай Дзяржаве.
3. Тэрмiн "рэнта" пры выкарыстаннi ў гэтым артыкуле абазначае
пэўную суму (iншую чым заработная плата), якая перыядычна
выплачваецца праз пэўны час на працягу жыцця або на працягу
агаворанага або ўстаноўленага перыяду часу ў адпаведнасцi з
абавязацельствам выконваць плацяжы за адпаведную i поўную грашовую
або эквiвалентную кампенсацыю.
Артыкул 19
Дзяржаўная служба
1. Заработная плата i другое падобнае ўзнагароджанне, iншае чым
пенсiя, якiя выплачваюцца Дагаворнай Дзяржавай або мясцовым органам
улады, або з фондаў, што створаны iмi, фiзiчнай асобе ў дачыненнi да
паслуг, якiя аказваюцца гэтай Дзяржаве або мясцоваму органу ўлады,
абкладаюцца падаткам толькi ў гэтай Дзяржаве.
Аднак, такое ўзнагароджанне абкладаецца падаткам толькi ў
другой Дагаворнай Дзяржаве, калi паслугi аказваюцца ў гэтай другой
Дзяржаве i фiзiчная асоба з`яўляецца рэзiдэнтам гэтай Дзяржавы,
якая:
(i) з`яўляецца грамадзянiнам гэтай Дзяржавы, або
(ii) не стала рэзiдэнтам гэтай Дзяржавы толькi з мэтай аказання
паслуг.
2. Палажэннi артыкулаў 15, 16 i 18 прымяняюцца да
ўзнагароджанняў i пенсiй у дачыненнi да паслуг, якiя аказваюцца ў
сувязi з камерцыйнай дзейнасцю, што ажыццяўляецца Дагаворнай
Дзяржавай або яе мясцовым органам улады.
Артыкул 20
Выкладчыкi i студэнты
1. Выплаты, якiя студэнт, што з`яўляецца грамадзянiнам адной
Дагаворнай Дзяржавы i знаходзiцца ў другой Дагаворнай Дзяржаве
выключна для мэт атрымання адукацыi або праходжання практыкi,
атрымлiвае для мэт яго ўтрымання, навучання або практыкi, не
абкладаюцца падаткамi ў гэтай другой Дзяржаве пры ўмове, што такiя
плацяжы ўзнiкаюць з крынiц за межамi гэтай другой Дзяржавы.
2. Такiм жа чынам узнагароджаннi, што атрымлiвае выкладчык або
iнструктар, якi з`яўляецца грамадзянiнам адной Дагаворнай Дзяржавы i
якi знаходзiцца ў другой Дагаворнай Дзяржаве з асноўнай мэтай
выкладання або правядзення навуковых даследаванняў на працягу
перыяду або перыядаў, што не перавышаюць два гады, вызваляюцца ад
падатку ў гэтай другой Дзяржаве па яго ўзнагароджанню за асабiстыя
паслугi за выкладанне або навуковыя даследаваннi пры ўмове, што
такiя плацяжы ўзнiкаюць з крынiц за межамi гэтай другой Дзяржавы.
Гэты пункт не прымяняецца ў дачыненнi да даходаў ад навуковых
даследаванняў, калi такiя даследаваннi прадпрымаюцца ў асноўным для
асабiстай выгады пэўнай асобы або асоб.
Артыкул 21
Iншыя даходы
1. Вiды даходаў рэзiдэнта адной Дагаворнай Дзяржавы, якiя
дакладна не агавораны ў папярэднiх артыкулах дадзенага Пагаднення,
падлягаюць падаткаабкладанню толькi ў гэтай Дзяржаве, за выключэннем
калi такiя вiды даходаў атрыманы з крынiц у другой Дагаворнай
Дзяржаве. Калi такiя вiды даходаў атрыманы з крынiц у другой
Дагаворнай Дзяржаве, яны могуць таксама абкладацца падаткам у гэтай
другой Дзяржаве.
2. Палажэннi пункта 1 не прымяняюцца да даходаў, iншых чым
даход ад нерухомай маёмасцi, якi вызначаны ў пункце 2 артыкула 6,
калi атрымальнiк такiх даходаў, як рэзiдэнт адной Дагаворнай
Дзяржавы, ажыццяўляе камерцыйную дзейнасць у другой Дагаворнай
Дзяржаве праз размешчанае там пастаяннае прадстаўнiцтва або аказвае
ў гэтай Дзяржаве незалежныя асабiстыя паслугi праз пастаянную базу,
якая размешчана там, i права або маёмасць, у адносiнах да якiх
выплачваецца даход, сапраўды звязана з такiм пастаянным
прадстаўнiцтвам або пастаяннай базай. У такiм выпадку прымяняюцца
палажэннi артыкула 7 або артыкула 14, у залежнасцi ад абставiн.
Артыкул 22
Маёмасць (капiтал)
1. Маёмасць (капiтал), якая прадстаўлена нерухомай маёмасцю, аб
якой гаворыцца ў артыкуле 6, што з`яўляецца ўласнасцю рэзiдэнта
адной Дагаворнай Дзяржавы, i размешчана ў другой Дагаворнай
Дзяржаве, можа абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Маёмасць (капiтал), якая прадстаўлена маёмасцю, iншай чым
нерухомая маёмасць, што з`яўляецца часткай камерцыйнай маёмасцi
пастаяннага прадстаўнiцтва, якое прадпрыемства адной Дагаворнай
Дзяржавы мае ў другой Дагаворнай Дзяржаве або маёмасцю, iншай чым
нерухомая маёмасць, што адносiцца да пастаяннай базы, даступнай
рэзiдэнту адной Дагаворнай Дзяржавы ў другой Дагаворнай Дзяржаве ў
мэтах аказання незалежных асабiстых паслуг, можа абкладацца падаткам
у гэтай другой Дзяржаве.
3. Маёмасць (капiтал), якая прадстаўлена марскiмi, рачнымi,
паветранымi суднамi або аўтамабiльным i чыгуначным транспартам, што
эксплуатуецца ў мiжнародных перавозках, i маёмасцю, iншай чым
нерухомая маёмасць, якая адносiцца да эксплуатацыi такiх марскiх,
рачных, паветраных суднаў або аўтамабiльнага i чыгуначнага
транспарта, абкладаецца падаткам толькi ў той Дагаворнай Дзяржаве, у
якой размешчаны зарэгiстраваны офiс прадпрыемства.
4. Усе iншыя часткi маёмасцi (капiталу) рэзiдэнта Дагаворнай
Дзяржавы абкладаюцца падаткам толькi ў гэтай Дзяржаве.
Артыкул 23
Метад устранення двайнога падаткаабкладання
1. Калi рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы атрымлiвае даход або
валодае маёмасцю (капiталам), якая ў адпаведнасцi з палажэннямi
дадзенага Пагаднення можа абкладацца падаткам у другой Дагаворнай
Дзяржаве, першая названая Дзяржава дазваляе:
а) у якасцi вылiчэння з падатку на даход гэтага рэзiдэнта суму,
роўную падаходнаму падатку, якi аплачаны ў гэтай другой Дзяржаве,
b) у якасцi вылiчэння з падатку на маёмасць (капiтал) гэтага
рэзiдэнта суму, роўную падатку на маёмасць (капiтал), якi аплачаны ў
гэтай другой Дзяржаве.
Такое вылiчэнне, аднак, у любым выпадку не павiнна перавышаць
той часткi падатку з даходу або падатку з маёмасцi (капiталу), як
было падлiчана да прадастаўлення вылiчэння, якая адносiцца, у
залежнасцi ад абставiн, да даходу або маёмасцi (капiталу), якiя
могуць абкладацца падаткам у гэтай другой Дзяржаве.
2. Калi ў адпаведнасцi з любым палажэннем Пагаднення атрыманы
даход або маёмасць (капiтал), якая належыць рэзiдэнту Дагаворнай
Дзяржавы, вызвалены ад падатку ў гэтай Дзяржаве, гэта Дзяржава можа,
тым не менш, пры падлiку сумы падатку на астатнюю частку даходу або
маёмасцi (капiталу) гэтага рэзiдэнта ўзяць пад увагу вызвалены даход
або маёмасць (капiтал).
Артыкул 24
Недыскрымiнацыя
1. Грамадзяне адной Дагаворнай Дзяржавы не падлягаюць у другой
Дагаворнай Дзяржаве любому падаткаабкладанню або любому звязанаму з
iм патрабаванню, iншаму або больш цяжкаму, чым падаткаабкладанне i
звязаныя з iм патрабаваннi, якiм падлягаюць або могуць падлягаць
грамадзяне гэтай другой Дзяржавы пры тых жа абставiнах. Гэта
палажэнне таксама прымяняецца, нягледзячы на палажэннi артыкула 1,
да асоб, якiя не з`яўляюцца рэзiдэнтамi адной або абедзвюх
Дагаворных Дзяржаў.
2. Падаткаабкладанне пастаяннага прадстаўнiцтва, якое
прадпрыемства адной Дагаворнай Дзяржавы мае ў другой Дагаворнай
Дзяржаве, не павiнна быць менш спрыяльным у гэтай другой Дзяржаве,
чым падаткаабкладанне прадпрыемстваў гэтай другой Дзяржавы, якiя
ажыццяўляюць падобную дзейнасць.
3. Прадпрыемствы адной Дагаворнай Дзяржавы, капiтал якiх
поўнасцю або часткова належыць аднаму або некалькiм рэзiдэнтам
другой Дагаворнай Дзяржавы або прама цi ўскосна кантралюецца iмi, не
падлягаюць у першай названай Дзяржаве любому падаткаабкладанню або
любому звязанаму з iм патрабаванню, iншаму або больш цяжкаму, чым
падаткаабкладанне i звязаныя з iм патрабаваннi, якiм падвяргаюцца
або могуць падвяргацца падобныя прадпрыемствы першай названай
Дзяржавы.
4. Гэтыя палажэннi не павiнны тлумачыцца як тыя, якiя
абавязваюць адну Дагаворную Дзяржаву прадастаўляць рэзiдэнтам другой
Дагаворнай Дзяржавы любыя асабiстыя льготы, вызваленнi i скiдкi ў
падаткаабкладаннi на аснове iх грамадзянскага статуса або сямейных
абавязацельстваў, якiя яно прадастаўляе сваiм уласным рэзiдэнтам.
Артыкул 25
Працэдура ўзаемнага пагаднення
1. Калi рэзiдэнт адной Дагаворнай Дзяржавы лiчыць, што дзеяннi
адной або абедзвюх Дагаворных Дзяржаў прыводзяць або прывядуць да
падаткаабкладання яе не ў адпаведнасцi з палажэннямi дадзенага
Пагаднення, ён можа, незалежна ад сродкаў абароны, якiя
прадугледжаны нацыянальным заканадаўствам гэтых Дагаворных Дзяржаў,
прадставiць сваю справу для разгляду ў кампетэнтны орган Дагаворнай
Дзяржавы, рэзiдэнтам якой ён з`яўляецца, або, калi яго выпадак
падпадае пад дзеянне пункта 1 артыкула 24, той Дагаворнай Дзяржавы,
грамадзянiнам якой ён з`яўляецца. Заява павiнна быць прадстаўлена на
працягу двух гадоў з даты першага паведамлення аб дзеяннях, якiя
прыводзяць да падаткаабкладання не ў адпаведнасцi з палажэннямi
дадзенага Пагаднення.
2. Кампетэнтны орган iмкнецца, калi ён палiчыць заяву
абгрунтаванай, i калi ён сам не ў стане прыйсцi да здавальняючага
рашэння, вырашыць пытанне па ўзаемнай згодзе з кампетэнтным органам
другой Дагаворнай Дзяржавы з мэтай пазбягання падаткаабкладання,
якое не адпавядае дадзенаму Пагадненню.
3. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў iмкнуцца вырашаць па
ўзаемнай згодзе любыя цяжкасцi або сумненнi, якiя ўзнiкаюць пры
тлумачэннi або прымяненнi дадзенага Пагаднення. Яны могуць таксама
кансультавацца адзiн з адным для мэт устранення двайнога
падаткаабкладання ў выпадках, якiя не прадугледжаны дадзеным
Пагадненнем.
4. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў могуць уступаць у
прамыя кантакты адзiн з адным у мэтах дасягнення згоды ў разуменнi
папярэднiх пунктаў. Кампетэнтныя органы пры дапамозе кансультацый
распрацоўваюць адпаведныя двухбаковыя працэдуры, умовы, метады i
спосабы па выкананню працэдуры ўзаемнага пагаднення, якая
прадугледжана гэтым артыкулам.
Артыкул 26
Абмен iнфармацыяй
1. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў абменьваюцца такой
iнфармацыяй, якая неабходна для выканання палажэнняў дадзенага
Пагаднення або ўнутранага заканадаўства Дагаворных Дзяржаў, што
датычыцца падаткаў, на якiя распаўсюджваецца дадзенае Пагадненне ў
той ступенi, у якой падаткаабкладанне па гэтаму заканадаўству не
супярэчыць дадзенаму Пагадненню, абмен iнфармацыяй не абмяжоўваецца
артыкулам 1. Любая iнфармацыя, што атрымана Дагаворнай Дзяржавай,
лiчыцца канфiдэнцыяльнай такiм жа чынам, як i iнфармацыя, што
атрымана ў рамках нацыянальнага заканадаўства гэтай Дзяржавы i
раскрываецца толькi асобам або органам, уключаючы суды i
адмiнiстрацыйныя органы, якiя звязаны з азначэннем, сысканнем,
прымусовым спагнаннем або выкананнем рашэнняў у дачыненнi да
падаткаў, на якiя распаўсюджваецца дадзенае Пагадненне, або разборам
заяў у дачыненнi да такiх падаткаў. Такiя асобы або органы
выкарыстоўваюць iнфармацыю толькi для такiх мэт. Яны могуць
раскрываць iнфармацыю ў ходзе адкрытага судовага пасяджэння або пры
прыняццi судовых рашэнняў.
2. Нi ў якiм выпадку палажэннi пункта 1 не будуць тлумачыцца як
тыя, што абавязваюць адну Дагаворную Дзяржаву:
а) праводзiць адмiнiстрацыйныя меры, якiя супярэчаць
заканадаўству або адмiнiстрацыйнай практыцы гэтай або другой
Дагаворнай Дзяржавы;
b) прадастаўляць iнфармацыю, якую нельга атрымаць па
заканадаўству або ў ходзе звычайнай адмiнiстрацыйнай практыкi гэтай
або другой Дагаворнай Дзяржавы;
с) прадастаўляць iнфармацыю, якая раскрывала б якую-небудзь
гандлёвую, прадпрымальнiцкую, прамысловую, камерцыйную або
прафесiянальную тайну або гандлёвы працэс або iнфармацыю, раскрыццё
якой супярэчыла б дзяржаўнай палiтыцы.
Артыкул 27
Дапамога па спагнанню падаткаў
1. Кампетэнтныя органы Дагаворных Дзяржаў прымаюць
абавязацельствы аказваць садзейнiчанне адзiн аднаму па спагнанню
падаткаў, уключаючы працэнты, выдаткi i штрафы, што адносяцца да
такiх падаткаў, якiя разглядаюцца ў гэтым артыкуле як "падатковая
прэтэнзiя".
2. Запыт на аказанне дапамогi кампетэнтным органам адной
Дагаворнай Дзяржавы па сысканню падатковай прэтэнзii ўключае
засведчанне такiм органам, што падатковая прэтэнзiя была канчаткова
вызначана па заканадаўству гэтай Дзяржавы. Для мэт гэтага артыкула
падатковая прэтэнзiя канчаткова вызначаецца ў выпадку, калi адна
Дагаворная Дзяржава мае права па свайму нацыянальнаму заканадаўству
спаганяць падатковую прэтэнзiю i падаткаплацельшчык не мае
далейшых правоў перашкаджаць сысканню.
3. Падатковая прэтэнзiя адной Дагаворнай Дзяржавы, якая была
прынята да выканання кампетэнтным органам другой Дагаворнай
Дзяржавы, спаганяецца другой Дзяржавай як яе ўласная прэтэнзiя, якая
канчаткова вызначана ў адпаведнасцi з палажэннямi яе заканадаўства,
што адносiцца да спагнання яе падаткаў.
4. Сумы, якiя спагнаны кампетэнтным органам адной Дагаворнай
Дзяржавы ў адпаведнасцi з гэтым артыкулам, накiроўваюцца ў
кампетэнтны орган другой Дагаворнай Дзяржавы.
5. Нiякая дапамога не прадастаўляецца ў адпаведнасцi з гэтым
артыкулам па падатковай прэтэнзii адной Дагаворнай Дзяржавы ў
дачыненнi да падаткаплацельшчыка ў той ступенi, у якой падатковая
прэтэнзiя адносiцца да перыяду, на працягу якога падаткаплацельшчык
быў рэзiдэнтам другой Дагаворнай Дзяржавы.
6. Нягледзячы на палажэннi артыкула 2 (Падаткi, на якiя
распаўсюджваецца Пагадненне), палажэннi гэтага артыкула прымяняюцца
да ўсiх падаткаў, якiя спаганяюцца Дагаворнай Дзяржавай або ад яе
iмя.
7. Нiякiя палажэннi гэтага артыкула не разглядаюцца як тыя, што
накладаюць на любую з Дагаворных Дзяржаў абавязацельства ажыццяўляць
адмiнiстрацыйныя меры, што адрознiваюцца ад тых, якiя
выкарыстоўваюцца пры спагнаннi яе ўласных падаткаў або супярэчаць яе
дзяржаўнай палiтыцы.
Артыкул 28
Члены дыпламатычных прадстаўнiцтваў
i консульскiх устаноў
Нiякiя палажэннi дадзенага Пагаднення не закранаюць падатковых
прывiлей членаў дыпламатычных прадстаўнiцтваў або консульскiх
устаноў, што прадастаўлены агульнымi нормамi мiжнароднага права або
палажэннямi спецыяльных пагадненняў.
Артыкул 29
Уваходжанне ў сiлу
1. Дадзенае Пагадненне ратыфiцыруецца ў кожнай з Дагаворных
Дзяржаў i выконваецца абмен ратыфiкацыйнымi граматамi ў магчыма
кароткi тэрмiн.
2. Пагадненне ўваходзiць у сiлу пасля абмену ратыфiкацыйнымi
граматамi, i яго палажэннi прымяняюцца:
а) у дачыненнi да падаткаў, што ўтрыманы з крынiцы, да сум
даходаў, якiя атрыманы першага або пасля першага студзеня
каляндарнага года, наступнага за годам, у якiм Пагадненне ўваходзiць
у сiлу;
b) у дачыненнi да iншых падаткаў на даходы i маёмасць
(капiтал), да падаткаў, што спаганяюцца за любы падатковы год, якi
пачынаецца першага або пасля першага студзеня каляндарнага года,
наступнага за годам, у якiм Пагадненне ўваходзiць у сiлу.
Артыкул 30
Спыненне дзеяння
Дадзенае Пагадненне застаецца ў сiле да той пары, пакуль яго
дзеянне не будзе спынена Дагаворнай Дзяржавай. Любая Дагаворная
Дзяржава можа спынiць дзеянне Пагаднення па дыпламатычных каналах
шляхам пiсьмовага паведамлення аб спыненнi дзеяння не пазней чым за
6 месяцаў да заканчэння любога каляндарнага года, наступнага за
перыядам у пяць гадоў з даты ўваходжання Пагаднення ў сiлу.
У гэтым выпадку дзеянне Пагаднення спыняецца ў абедзвюх
Дагаворных Дзяржавах:
а) у дачыненнi да падаткаў, што ўтрыманы з крынiцы з сум
даходаў, якiя атрыманы першага або пасля першага студзеня
каляндарнага года, наступнага за годам, у якiм дадзена паведамленне;
b) у дачыненнi да iншых падаткаў на даходы i маёмасць
(капiтал), да такiх падаткаў, якiя спаганяюцца за любы падатковы
перыяд, што пачынаецца першага або пасля першага студзеня
каляндарнага года, наступнага за годам, у якiм дадзена паведамленне.
У сведчанне чаго нiжэйпадпiсаныя, адпаведным чынам на тое
ўпаўнаважаныя сваiмi Урадамi, падпiсалi дадзенае Пагадненне.
Здейснена ў горадзе Мiнску 14 лiпеня 1993 года ў двух
экземплярах на беларускай, персiдскай i англiйскай мовах, прычым усе
тэксты маюць аднолькавую сiлу. У выпадку разыходжання ў тлумачэннi
перавагу мае тэкст на англiйскай мове.
За Урад За Урад
Рэспублiкi Беларусь Iсламскай Рэспублiкi Iран
<<< Главная
страница | < Назад
|