ПАЛАЖЭННЕ АБ ЦЭНТРЫ (ДОМЕ) РАМЁСТВАЎ
Зацверджана: Мiнiстр культуры Рэспублiкi Беларусь А.У.Сасноўскi
18.01.2000
1. Агульная частка
Цэнтр (Дом) рамёстваў (далей - Цэнтр рамёстваў) з`яўляецца
дзяржаўнай культурна-асветнай установай, дзейнасць якой накiравана
на захаванне, зберажэнне i прапаганду лепшых здабыткаў народных
рамёстваў.
Цэнтр рамёстваў выконвае культурна-асветныя,
навучальна-вытворчыя, кансультацыйна-метадычныя, камерцыйныя
функцыi.
Цэнтр рамёстваў утвараецца рашэннем абласнога (раённага,
гарадскога) выканаўчага камiтэта па прапановах адпаведных органаў
кiравання культурай, грамадскiх арганiзацый i творчых саюзаў i
падпарадкоўваецца выканаўчаму камiтэту.
У сваёй дзейнасцi Цэнтр рамёстваў кiруецца дзеючым
заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, агульнымi прынцыпамi дзейнасцi
культурна-асветных устаноў, сваiм статутам, распрацаваным у
адпаведнасцi з гэтым Палажэннем.
Цэнтр рамёстваў ажыццяўляе сваю дзейнасць у цесным
узаемадзеяннi з дзяржаўнымi i грамадскiмi арганiзацыямi, творчымi
саюзамi, навучальнымi ўстановамi i iншымi дзяржаўнымi i
недзяржаўнымi структурамi, якiя садзейнiчаюць развiццю народнага
мастацтва, мастацкiх рамёстваў i промыслаў.
Кантроль за дзейнасцю Цэнтра рамёстваў, аказанне дапамогi ў
арганiзацыi работы, паляпшэннi матэрыяльна-тэхнiчнай базы
ажыццяўляюць выканаўчыя i распарадчыя органы.
2. Мэты i задачы
Цэнтр рамёстваў ставiць сваiмi асноўнымi мэтамi:
падтрымку i стварэнне ўмоў для натуральнага iснавання i
аднаўлення нацыянальных рамеснiцкiх традыцый у iх
нацыянальна-самабытных формах, пошук i раскрыццё ўнiкальных
талентаў;
выхаванне нацыянальна свядомага грамадзянiна на аснове лепшых
традыцый народнай мастацкай творчасцi;
далучэнне да традыцыйнага народнага мастацтва шырокiх колаў
насельнiцтва i асаблiва моладзi;
квалiфiкаванае збiранне, надзейнае захаванне, класiфiкацыю i
сiстэматызацыю традыцыйных рамёстваў;
адраджэнне традыцыйных унiкальных тэхналогiй, вытворчасць
вырабаў паводле старадаўнiх мясцовых узораў i распрацоўку новых
тэхналогiй;
захаванне ўнiкальнага асяроддзя натуральнага iснавання
рамёстваў;
прапаганду i распаўсюджванне лепшых узораў беларускiх
рамёстваў.
Для рэалiзацыi гэтых мэтаў Цэнтр рамёстваў:
праводзiць даследчую працу па выяўленню мясцовых i рэгiянальных
асаблiвасцяў традыцыйных рамёстваў, супрацоўнiчае з навучальнымi i
навуковымi ўстановамi, асобнымi спецыялiстамi ў галiне традыцыйнай
мастацкай культуры, прымае ўдзел у навукова-даследчай рабоце
мясцовых метадычных службаў;
наладжвае экспедыцыi, канферэнцыi, праводзiць збор i
музеефiкацыю найбольш каштоўных мастацкiх рамёстваў;
праводзiць аналiз сучаснага стану i працэсаў развiцця
традыцыйных мастацкiх рамёстваў рэгiёна;
стварае i забяспечвае працу творчых майстэрань па ўсiх вiдах
рамёстваў (ганчарства, кавальства, ткацтва, разьбярства,
саломапляценне, вышыўка, выцiнанка i iншыя вiды рамёстваў,
распаўсюджаныя ў рэгiёне);
наладжвае працу навукова-даследчых лабараторый па адраджэнню
старажытных саматужных тэхналогiй;
арганiзуе семiнары, платныя курсы i гурткi на базе майстэрань i
непасрэдна ў майстроў па месцы iх пражывання;
надае асаблiвую ўвагу ўсталяванню трывалых сувязяў з мясцовымi
майстрамi народнай творчасцi, аказвае iм арганiзацыйную i метадычную
дапамогу, садзейнiчае ў пытаннях набыцця матэрыялаў i прылад працы i
атрымання на льготных умовах зямельных участкаў для будаўнiцтва
творчых майстэрань i вырошчвання сыравiны;
арганiзуе выставы, выставы-продажы, кiрмашы, аўкцыёны, святы
народнага мастацтва i асобных яго вiдаў;
садзейнiчае майстрам у атрыманнi заказаў на пэўныя вырабы,
продажы твораў майстроў праз гандлёвыя прадпрыемствы i прадпрыемствы
кааператыўнага гандлю, крамы, салоны, кiёскi;
набывае вырабы майстроў для выстаў, экспазiцый музейных i
навуковых фондаў;
арганiзуе экскурсii i сустрэчы з майстрамi;
распрацоўвае турыстычныя маршруты, прысвечаныя знакамiтым
землякам, асветнiкам, майстрам;
супрацоўнiчае з прэсай, радыё, тэлебачаннем, iншымi
электроннымi сродкамi масавай iнфармацыi;
ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць па праблемах народнага
мастацтва;
спрыяе выпуску вучэбных, навуковых, рэгiянальных i папулярных
выданняў, iнфармацыйных бюлетэняў, календароў, афiш, буклетаў;
вядзе супрацоўнiцтва з замежнымi i мiжнароднымi арганiзацыямi i
аб`яднаннямi.
3. Правы Цэнтра рамёстваў
Цэнтр рамёстваў мае права:
самастойнасцi ў ажыццяўленнi сваёй творчай i гаспадарчай
дзейнасцi, сацыяльнага развiцця калектыву ў межах творчых i
гаспадарчых рэсурсаў i задач, прадугледжаных статутам;
дзеля ажыццяўлення сваiх задач самастойна планаваць сваю
дзейнасць i фармiраваць творча-вытворчую праграму згодна з
дагаворамi i заяўкамi ад арганiзацый культуры i iншых арганiзацый;
адкрываць рахункi ў банках для захоўвання грашовых сродкаў i
ажыццяўлення ўсiх разлiковых, крэдытных i iншых аперацый;
ствараць фiлiялы, прадстаўнiцтвы i iншыя адасобленыя
падраздзяленнi з правам адкрыцця адпаведных рахункаў i зацвярджаць
палажэннi аб iх;
заключаць дагаворы з дзяржаўнымi i iншымi арганiзацыямi;
займацца прадпрымальнiцкай дзейнасцю, не забароненай
заканадаўствам, для выканання сваiх мэтаў i задач;
займацца рэкламна-выдавецкай i iнфармацыйнай дзейнасцю.
4. Абавязкi Цэнтра рамёстваў
Цэнтр рамёстваў абавязаны:
ажыццяўляць дзейнасць у адпаведнасцi са статутам;
своечасова прадстаўляць справаздачы, баланс i iншыя матэрыялы
заснавальнiку, дзяржаўным службам кантролю i статыстыкi;
штогод арганiзоўваць справаздачныя выставы з прадстаўленнем
усiх напрамкаў дзейнасцi;
забяспечваць выкананне дагаворных, крэдытных, разлiковых i
падатковых абавязацельстваў.
5. Кiраванне Цэнтрам рамёстваў
Кiраванне Цэнтрам рамёстваў ажыццяўляецца на аснове спалучэння
адмiнiстрацыйнага кiравання i самакiравання.
Цэнтр рамёстваў узначальвае дырэктар, якi назначаецца на пасаду
i звальняецца з пасады загадам адпаведнага органа кiравання
культурай па ўзгадненнi з мясцовым выканаўчым камiтэтам.
Дырэктар:
забяспечвае выкананне ўсiх задач, ускладзеных на Цэнтр
рамёстваў;
арганiзуе работу Цэнтра рамёстваў на аснове перспектыўных i
бягучых планаў з прыцягненнем актыва творчай iнтэлiгенцыi,
краязнаўцаў, вядучых майстроў, прадстаўнiкоў грамадскiх арганiзацый;
прымае на работу спецыялiстаў i тэхнiчных работнiкаў,
распрацоўвае i зацвярджае штатны расклад у межах фонду аплаты працы,
вызначае памеры прэмiй i надбавак. Штаты Цэнтра рамёстваў
зацвярджаюцца ў адпаведнасцi з дзеючымi тыпавымi штатамi
культурна-асветных устаноў;
зацвярджае службовыя iнструкцыi для ўсiх штатных работнiкаў
Цэнтра рамёстваў, накiроўвае i кантралюе iх выкананне, нясе
адказнасць за выкарыстанне фiнансавых сродкаў, ахову маёмасцi,
адказвае за выкананне правiлаў тэхнiкi бяспекi i пажарнай бяспекi,
набывае матэрыяльныя каштоўнасцi, адказвае за iх захаванне i
правiльнасць эксплуатацыi;
прадстаўляе Цэнтр рамёстваў у iншых арганiзацыях, заключае
дагаворы, дае даручэннi, адкрывае разлiковы i iншыя рахункi, выдае
загады.
Пры Цэнтры рамёстваў могуць iснаваць творча-вытворчыя
падраздзяленнi i грамадскiя аб`яднаннi (цэхi, майстэрнi, гурткi,
выставачная зала, салон па продажу мастацкiх вырабаў, iнфармацыйны
цэнтр, навукова-даследчая лабараторыя, бiблiятэка, кiна-, фота-,
фона-, вiдэаархiў i iншыя падраздзяленнi, якiя адпавядаюць статутным
мэтам i задачам).
Пры Цэнтры рамёстваў у парадку, вызначаным дырэктарам Цэнтра,
могуць стварацца каардынацыйны савет, мастацкi савет, ацэначная
(закупачная) камiсiя.
У мастацкi савет уваходзяць мастацтвазнаўцы, лепшыя майстры,
iншыя кампетэнтныя асобы. Мастацкi савет вызначае творчыя накiрункi
дзейнасцi, праводзiць мастацкую ацэнку твораў, выстаў, садзейнiчае
павышэнню мастацкага ўзроўню творчасцi майстроў.
Каардынацыйны савет аб`ядноўвае прадстаўнiкоў грамадскiх
арганiзацый, дзяржаўных устаноў, камерцыйных структур, прыватных
асоб i iншых спецыялiстаў, зацiкаўленых у адраджэннi традыцыйных
рамёстваў.
Ацэначная (закупачная) камiсiя пры Цэнтрах рамёстваў утвараецца
для ацэнкi мастацкай i матэрыяльнай вартасцi вырабаў.
6. Планаванне i матэрыяльная база
Усе свае планы Цэнтр рамёстваў распрацоўвае самастойна з улiкам
усiх напрамкаў дзейнасцi - творчай, даследчай, музейнай,
навучальнай, культурна-асветнай, творча-гаспадарчай.
Справаздача перад вышэйстаячымi органамi культуры робiцца па
форме адпаведнай статыстычнай справаздачы адзiн раз у год.
Справаздача прадстаўляецца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi
Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу Рэспублiкi Беларусь.
Матэрыяльная база Цэнтра рамёстваў складаецца з будынкаў,
памяшканняў, абсталявання, транспарту, грашовых сродкаў i iншай
маёмасцi.
Узаемаадносiны з землеўладальнiкамi будуюцца ў адпаведнасцi з
дзеючым заканадаўствам, агульнымi прынцыпамi дзейнасцi
культурна-асветных устаноў.
7. Фiнансава-гаспадарчая дзейнасць
Фiнансы Цэнтра рамёстваў складаюцца з бюджэтных асiгнаванняў,
уласных i спонсарскiх сродкаў i iншых паступленняў.
Дадатковымi крынiцамi фiнансавання Цэнтра рамёстваў з`яўляюцца:
уклады заснавальнiкаў;
сродкi ад рэалiзацыi вырабаў уласнай вытворчасцi на
выставах-продажах, аўкцыёнах, кiрмашах;
сродкi, атрыманыя ад арганiзацыi выставачнай, экскурсiйнай,
лекцыйнай работы;
сродкi, атрыманыя ад выканання заказаў устаноў i прыватных
асоб;
адлiчэннi дзяржаўных, грамадскiх арганiзацый, прадпрыемстваў i
добраахвотныя ўзносы грамадзян.
Цэнтр рамёстваў можа атрымлiваць ва ўстаноўленым парадку ад
банкаў i iншых фiнансавых устаноў рэспублiкi доўга- i
кароткатэрмiновыя крэдыты.
Усе сродкi, якiя паступаюць з крынiц фiнансавання, залiчваюцца
на рахунак Цэнтра.
Фармiраванне фондаў, фiнансавыя аперацыi i кантроль за
фiнансава-гаспадарчай дзейнасцю здзяйсняюцца ва ўстаноўленым парадку
ў адпаведнасцi з дзеючымi нарматыўнымi дакументамi.
Бухгалтарскi ўлiк i фiнансавыя аперацыi праводзiць
цэнтралiзаваная бухгалтэрыя аддзела культуры выканаўчага камiтэта
альбо бухгалтэрыя Цэнтра ў адпаведнасцi з распрацаваным гадавым
каштарысам.
Далучэнне Цэнтра рамёстваў да асобнай групы па аплаце працы
праводзiцца па паказчыках, устаноўленых для культурна-асветных
устаноў.
Цэнтр рамёстваў карыстаецца льготамi па адлiчэнню падаткаў у
адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
8. Прававы статус
Цэнтр рамёстваў з`яўляецца юрыдычнай асобай, мае самастойны
баланс, разлiковы i iншыя рахункi ў банках, гербавую пячатку з
поўнай назвай установы, вуглавыя штампы, фiрменныя бланкi.
Узаемаадносiны Цэнтра рамёстваў з iншымi дзяржаўнымi i
недзяржаўнымi ўстановамi, грамадзянамi, будуюцца на дагаворнай
аснове.
9. Спыненне дзейнасцi
Спыненне дзейнасцi Цэнтра рамёстваў ажыццяўляецца ў форме
рэарганiзацыi цi лiквiдацыi ў адпаведнасцi з iснуючым
заканадаўствам.
Пры рэарганiзацыi Цэнтра правы i абавязкi пераходзяць да
правапераемнiка.
У выпадку рэарганiзацыi цi лiквiдацыi Цэнтра звальняемым
работнiкам гарантуецца абарона iх правоў i iнтарэсаў у адпаведнасцi
з дзеючым заканадаўствам.
<<< Главная
страница | < Назад
|