ЗАГАД МIНIСТЭРСТВА АДУКАЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
25 студзеня 1999 г. N 30
АБ ЗАЦВЯРДЖЭННI ТЫПАВОГА ПАЛАЖЭННЯ АБ ВУЧЭБНАЙ
ГАСПАДАРЦЫ ПРАФЕСIЯНАЛЬНА-ТЭХНIЧНАЙ НАВУЧАЛЬНАЙ
УСТАНОВЫ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЙ ВЫТВОРЧАСЦI
У мэтах удасканалення нарматыўнага рэгулявання дзейнасцi
прафесiянальна-тэхнiчных навучальных устаноў загадваю:
1. Зацвердзiць Тыпавое палажэнне аб вучэбнай гаспадарцы
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы сельскагаспадарчай
вытворчасцi, узгодненае з Мiнiстэрствам фiнансаў, Мiнiстэрствам
працы, Мiнiстэрствам сельскай гаспадаркi i харчавання (дадаецца).
2. Упраўленню прафесiянальна-тэхнiчнай адукацыi (Ганчар Э.М.):
2.1. прадставiць Тыпавое палажэнне аб вучэбнай гаспадарцы
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы сельскагаспадарчай
вытворчасцi ў Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь для прававога
заключэння;
2.2. у нядзельны тэрмiн пасля ўключэння Тыпавога палажэння аб
вучэбнай гаспадарцы прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы
сельскагаспадарчай вытворчасцi ў Нацыянальны рэестр прававых актаў
Рэспублiкi Беларусь давесцi яго да ўпраўленняў адукацыi
аблвыканкамаў.
3. Упраўленням адукацыi аблвыканкамаў забяспечыць названым
нарматыўным дакументам падведамасныя прафесiянальна-тэхнiчныя
навучальныя ўстановы для выкарыстання яго пры арганiзацыi
вучэбна-вытворчага працэсу.
4. Кантроль за выкананнем загаду ўскласцi на намеснiка Мiнiстра
Iванова Б.В.
Мiнiстр В.I.СТРАЖАЎ
ЗАЦВЕРДЖАНА
Загад Мiнiстэрства адукацыi
Рэспублiкi Беларусь
25.01.1999 N 30
УЗГОДНЕНА УЗГОДНЕНА
Намеснiк Мiнiстра фiнансаў Намеснiк Мiнiстра сельскай
Рэспублiкi Беларусь гаспадаркi i харчавання
I.I.Заяш Рэспублiкi Беларусь
17.12.1998 А.М.Рубанiк
29.10.1998
УЗГОДНЕНА
Намеснiк Мiнiстра працы
Рэспублiкi Беларусь
А.П.Колас
29.10.1998
ТЫПАВОЕ ПАЛАЖЭННЕ
аб вучэбнай гаспадарцы прафесiянальна-тэхнiчнай
навучальнай установы сельскагаспадарчай вытворчасцi
1. Агульныя палажэннi
1.1. Дадзенае Тыпавое палажэнне распаўсюджваецца на ўсе
прафесiянальна-тэхнiчныя навучальныя ўстановы сельскагаспадарчай
вытворчасцi Рэспублiкi Беларусь, якiя вядуць падрыхтоўку
квалiфiкаваных рабочых кадраў для прадпрыемстваў i арганiзацый
аграпрамысловага комплексу незалежна ад форм уласнасцi.
1.2. Вучэбная гаспадарка прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай
установы сельскагаспадарчай вытворчасцi (далей - вучгас) з'яўляецца
структурным падраздзяленнем прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай
установы i служыць асноўнай базай вытворчага навучання навучэнцаў.
1.3. Памеры i структура вучгаса вызначаюцца ў адпаведнасцi з
дзеючымi нарматывамi з улiкам вучэбных спецыяльнасцей i
квалiфiкацый, па якiх вядзецца падрыхтоўка рабочых у
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установе, i сярэднегадавой
колькасцi навучэнцаў.
Зямельныя ўгоддзi, вучэбныя i вытворчыя аб'екты, неабходныя для
максiмальнага выканання навучэнцамi праграм вытворчага навучання,
знаходзяцца на балансе прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай
установы.
1.4. У мэтах стварэння больш эфектыўных умоў для правядзення
вучэбна-вытворчай дзейнасцi i выканання вучэбных планаў i праграм
зямельныя ўчасткi новым вучгасам выдзяляюцца, як правiла, на
ўгоддзях, якiя прымыкаюць да прафесiянальна-тэхнiчных навучальных
устаноў або знаходзяцца на мiнiмальнай адлегласцi ад iх.
2. Асноўныя задачы вучгаса
Асноўнымi задачамi вучгаса з'яўляюцца:
2.1. Забеспячэнне ўмоў для якаснага выканання праграм
вытворчага навучання навучэнцаў.
2.2. Стварэнне ўмоў для правядзення вопытнiцкай работы з
навучэнцамi, укаранення новых тэхналогiй вытворчасцi экалагiчна
чыстай сельскагаспадарчай прадукцыi.
2.3. Фармiраванне ў працэсе вытворчага навучання свядомых
адносiн да працы i матэрыяльных каштоўнасцей, навыкаў кiравання,
руплiвага i культурнага гаспадарання, умення эфектыўнага
выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнiкi.
2.4. Атрыманне ў працэсе вытворчага навучання
сельскагаспадарчай прадукцыi высокай якасцi.
3. Арганiзацыя вучэбна-вытворчай i фiнансавай дзейнасцi
3.1. Вучэбна-вытворчая дзейнасць вучгаса будуецца ў
адпаведнасцi з патрабаваннямi вучэбных планаў i праграм з улiкам
забеспячэння ўмоў для вытворчага навучання навучэнцаў i атрымання
сельскагаспадарчай прадукцыi.
3.2. Вучгас забяспечваецца насеннем, пасадачным матэрыялам,
племянным маладняком, камбiкармамi, мiнеральнымi ўдабрэннямi i
сродкамi аховы раслiн, тарфакрошкай, гаруча-змазачнымi, будаўнiчымi
i iншымi матэрыяламi, тэхнiкай, абсталяваннем, запаснымi часткамi,
навуковым, вытворча-тэхнiчным, агранамiчным, ветэрынарным i iншымi
вiдамi абслугоўвання мясцовымi сельскагаспадарчымi арганiзацыямi або
iншымi арганiзацыямi i прадпрыемствамi, адказнымi за забеспячэнне
канкрэтнымi вiдамi прадукцыi цi паслуг на роўных умовах з калгасамi,
саўгасамi i iншымi прадпрыемствамi аграпрамысловага комплексу.
Матэрыяльна-тэхнiчныя рэсурсы цi паслугi можна набываць ад юрыдычных
i фiзiчных асоб.
На вучгас распаўсюджваюцца ўсе меры падтрымкi, якiя
ажыццяўляюцца дзяржавай для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыi.
3.3. Асноўны аб'ём работ у вучгасе выконваецца навучэнцамi ў
ходзе вытворчага навучання. Акрамя таго, у вучгасе працуюць штатныя
работнiкi. Для забеспячэння якаснага выканання механiзаваных работ у
вучгасе навучэнцы напярэдаднi праходзяць навучанне ваджэнню
трактароў, камплектаванню машынна-трактарных агрэгатаў i выкананню
асобных элементаў тэхналогii вытворчасцi сельскагаспадарчай
прадукцыi.
Навучанне выкананню сельскагаспадарчых работ ажыццяўляецца ў
складзе групы, звяна або ў iндывiдуальным парадку.
Працягласць рабочага дня навучэнцаў у перыяд вытворчага
навучання ў вучгасе вызначаецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам аб
працы, вучэбнымi планамi i праграмамi, а таксама дзеючымi
нарматыўнымi дакументамi па арганiзацыi вытворчага навучання.
3.4. Затраты вучгаса, якiя неабходны для стварэння ўмоў i
арганiзацыi вытворчага навучання навучэнцаў, функцыянавання вучэбных
аб'ектаў, уключаюцца ў каштарыс пазабюджэтных сродкаў, якiя
атрымоўваюцца ў вынiку ўласнай пазабюджэтнай дзейнасцi. Пры
перавышэннi расходаў вучгаса над даходамi на суму перавышэння
прадугледжваецца выдзяленне бюджэтных сродкаў.
Вучэбныя трактары, аўтамабiлi, сельскагаспадарчыя машыны,
абсталяванне, iнвентар, якiя выкарыстоўваюцца ў вучгасе, знаходзяцца
на балансе прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы.
3.5. Дзяржзаказ вучгасу на рэалiзацыю сельскагаспадарчай
прадукцыi не ўстанаўлiваецца.
Сельскагаспадарчая прадукцыя, якая вырабляецца ў вучгасе,
накiроўваецца на наступныя мэты:
- утварэнне насеннага, фуражнага i страхавога фондаў у
неабходных аб'ёмах;
- грамадскае харчаванне навучэнцаў, а таксама продаж малака,
мяса i iншых прадуктаў работнiкам вучылiшча i вучгаса;
- продаж мяса, малака i iншых прадуктаў дзяржаўным i iншым
арганiзацыям па дагаворных цэнах.
Частка сельскагаспадарчай прадукцыi, якая вырабляецца ў
вучгасе, можа накiроўвацца па сабекошце на грамадскае харчаванне
навучэнцаў, продаж работнiкам прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай
установы i вучгаса.
3.6. Асноўнымi паказчыкамi дзейнасцi вучгаса з'яўляюцца
адпаведнасць яго вучэбнай базы i вучэбна-вытворчай дзейнасцi
патрабаванням прафесiянальнай падрыхтоўкi рабочых кадраў, а таксама
памер перавышэння даходаў над расходамi.
Сродкi, якiя застаюцца пасля аплаты адпаведных падаткаў i
адлiкаў ад сумы перавышэння даходоў над расходамi, выкарыстоўваюцца
па ўзгадненню з упраўленнямi адукацыi на пашырэнне i ўмацаванне
вучэбна-вытворчай базы, паляпшэнне культурна-бытавога абслугоўвання
навучэнцаў i работнiкаў, а таксама на заахвочванне работнiкаў
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы i вучгаса.
3.7. Прафесiянальна-тэхнiчная навучальная ўстанова i яе вучгас
забяспечваюць бесперапыннасць вытворчага працэсу распрацоўкай
дзейснай сiстэмы планавання i арганiзацыi вытворчага навучання з
улiкам патрабаванняў вучэбна-праграмнай дакументацыi i вытворчых
працэсаў, арганiзацыяй работы штатных работнiкаў i работнiкаў
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы i навучэнцаў у
свабодны ад вучобы час у адпаведнасцi з заканадаўствам аб працы
Рэспублiкi Беларусь.
3.8. Штатны расклад работнiкаў вучгаса зацвярджаецца дырэктарам
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы ў адпаведнасцi з
дзеючымi нарматыўнымi актамi, патрабаваннямi вучэбнага працэсу i
вытворчасцi.
3.9. Работы, якiя выконваюцца навучэнцамi ў час вытворчага
навучання i вытворчай практыкi, аплачваюцца па дзеючых нормах,
расцэнках, стаўках (акладах) з улiкам устаноўленых на прадпрыемствах
каэфiцыентаў, даплат i надбавак да заработнай платы.
Навучэнцам выплачваецца не менш як 75 працэнтаў налiчаных сум.
Плата навучэнцам за перавыкананне норм выпрацоўкi, прэмiй, а таксама
за работу ў пазавучэбны час выплачваецца ў поўным памеры.
Праца навучэнцаў арганiзуецца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi
правiл i норм аховы працы, тэхнiкi бяспекi i пажарабяспекi.
3.10. Аплата працы выкладчыкаў i майстроў вытворчага навучання
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы, iншых работнiкаў,
якiя прымаюць удзел у сельскагаспадарчых работах у нерабочы час,
праводзiцца за фактычна выкананы аб'ём работ.
3.11. Прэмiраванне работнiкаў вучгаса i
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы па вынiках
вучэбна-вытворчай дзейнасцi вучгаса ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з
палажэннем, зацверджаным дырэктарам навучальнай установы па
ўзгадненню з прафсаюзным камiтэтам.
Памеры прэмiй дырэктарам прафесiянальна-тэхнiчных навучальных
устаноў вызначаюць упраўленнi адукацыi аблвыканкамаў у адпаведнасцi
з дзеючым заканадаўствам.
3.12. Памер даплаты дырэктару, намеснiкам дырэктара па
вучэбна-вытворчай рабоце, вытворчым навучаннi, гаспадарчай рабоце
(загадчыку гаспадаркi), старшаму майстру за кiраўнiцтва вучгасам
устанаўлiваецца ўпраўленнем адукацыi аблвыканкама за кошт сродкаў,
якiя атрыманы вучгасам ад iх дзейнасцi.
3.13. Выкананне навучэнцамi i работнiкамi
прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы не прадугледжаных
патрабаваннямi вучэбна-праграмнай дакументацыi работ дазваляецца па
рашэнню савета навучальнай установы.
3.14. Кiраўнiкi прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы i
спецыялiсты вучгаса нясуць адказнасць за арганiзацыю i якасць
вытворчага навучання, стварэнне неабходных умоў для выканання
вучэбных планаў i праграм.
3.15. Прафесiянальна-тэхнiчная навучальная ўстанова ажыццяўляе
пастаяннае ўдасканаленне гаспадарчага механiзма, кiравання,
арганiзацыi i аплаты працы работнiкаў i навучэнцаў, тэхналогii
вытворчасцi сельскагаспадарчай прадукцыi ў вучгасе з улiкам
функцыянавання ва ўмовах рыначных адносiн i неабходнасцi
фармiравання практычных навыкаў у будучых рабочых для працы ў гэтых
умовах.
3.16. Прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установе
сельскагаспадарчай вытворчасцi прадастаўляюцца крэдыты на льготных
умовах у парадку, прадугледжаным заканадаўствам для прадпрыемстваў i
арганiзацый аграпрамысловага комплексу.
4. Кiраўнiцтва вучгасам
4.1. Кiраванне вучгасам ажыццяўляе ўпраўляючы, якi непасрэдна
падпарадкоўваецца дырэктару прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай
установы.
Дырэктар прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай установы
з'яўляецца распарадчыкам крэдытаў i мае права першага подпiсу ўсiх
дакументаў, звязаных з фiнансава-гаспадарчай дзейнасцю вучгаса.
4.2. Прафесiянальна-тэхнiчная навучальная ўстанова вядзе
аператыўны ўлiк вынiкаў гаспадарча-фiнансавай дзейнасцi вучгаса,
складае перыядычную i гадавую бухгалтарскую i статыстычную
справаздачнасць i прадстаўляе яе ўпраўленню адукацыi аблвыканкама i
iншым органам ва ўстаноўленыя тэрмiны.
Вучгас карыстаецца пячаткай i штампам прафесiянальна-тэхнiчнай
навучальнай установы, у склад якой ён уваходзiць, i можа мець асобны
рахунак у банку.
4.3. З дня ўступлення ў сiлу дадзенага дакумента не прымяняецца
на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь Тыпавое палажэнне аб вучэбнай
гаспадарцы сельскагаспадарчай прафесiянальна-тэхнiчнай навучальнай
установы, зацверджанае загадам Дзяржкамiтэта СССР па прафтэхадукацыi
07.04.1982 N 46.
|