ПIСЬМО МIНIСТЭРСТВА АДУКАЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
24 чэрвеня 1994 г. № 07-12/78
АБ ПАРАДКУ АРГАНIЗАЦЫI I ПРАВЯДЗЕННI ЗАНЯТКАЎ ПА
ФАКУЛЬТАТЫЎНЫХ ПРАДМЕТАХ У ПРАФЕСIЯНАЛЬНА-ТЭХНIЧНЫХ
НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАХ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
___________________________________________________________--
Утратило силу приказом Министерства образования от 22 марта
2006 г. № 169
1. Факультатыўныя заняткi арганiзоўваюцца ў
прафесiянальна-тэхнiчных навучальных установах у мэтах стварэння
спрыяльных умоў для найбольш поўнага задавальнення iндывiдуальных
запытаў навучэнцаў, развiцця iх схiльнасцей i здольнасцей,
паглыблення агульнагуманiтарных i прафесiянальных ведаў,
удасканалення ўменняў i навыкаў.
2. Пералiк факультатыўных прадметаў, аб'ёмы i тэрмiны iх
вывучэння вызначаюцца навучальнай установай самастойна ў межах
гадзiн, устаноўленых вучэбнымi планамi, i з улiкам рэкамендацый,
выкладзеных у тлумачальных запiсках да iх.
3. Камплектаванне груп для факультатыўных заняткаў праводзiцца
ў пачатку навучальнага года (верасень) у першую чаргу з лiку
навучэнцаў роднасных прафесiй i аднаго курса навучання.
4. Колькасць груп навучэнцаў i iх напаўняльнасць вызначаецца
навучальнай установай, зыходзячы з бюджэту часу, якi адведзены на
вывучэнне факультатыўных прадметаў.
Напаўняльнасць груп пры вывучэннi факультатыўных прадметаў
павiнна складаць не менш 10 чалавек у першы год i не нiжэй 7 чалавек
у наступныя гады навучання.
5. Тыпавыя вучэбныя праграмы факультатыўных прадметаў,
уключаных у вучэбныя планы цi рэкамендаваных да вывучэння
рэспублiканскiмi органамi па кiраванню i навукова-метадычнаму
забеспячэнню ПТНУ, распрацоўваюцца дыдактычным цэнтрам
Рэспублiканскага iнстытута прафесiянальнай адукацыi. Вучэбныя
праграмы iншых факультатыўных прадметаў распрацоўваюцца навучальнымi
ўстановамi самастойна, зацвярджаюцца дырэктарам навучальнай
установы.
6. Факультатыўныя заняткi не з'яўляюцца абавязковымi i
арганiзуюцца па тых прадметах, якiя выбралi навучэнцы з
прапанаванага iм навучальнай установай пералiку.
7. Склад груп па кожнаму факультатыўнаму прадмету зацвярджаецца
загадам дырэктара навучальнай установы. Вучэбныя заняткi па
факультатыўных прадметах плануюцца асобным раскладам, якi
зацвярджаецца дырэктарам, i праводзяцца пасля абавязковых заняткаў
або перад iмi, i ўлiчваюцца ў асобных журналах.
8. Кантроль за арганiзацыяй i правядзеннем факультатыўных
заняткаў, а таксама вядзеннем улiковай дакументацыi ажыццяўляецца
намеснiкам дырэктара па вучэбна-вытворчай (вучэбнай) i
вучэбна-выхаваўчай рабоце адпаведна iх функцыянальным абавязкам.
9. Аплата выкладчыкам за правядзенне факультатыўных заняткаў
робiцца штомесячна за фактычную колькасць выкананых гадзiн.
10. Паспяховасць навучэнцаў па факультатыўных прадметах не
ўплывае на прызначэнне iм стыпендыi i перавод на наступны курс.
11. Навучэнцам, якiя паспяхова вывучылi факультатыўны прадмет,
у выпiсках вынiковых адзнак паспяховасцi, якiя дадаюцца да дыплома
(атэстата), робiцца запiс: "Вывучаны факультатыўны прадмет
_________________________________________ у аб'ёме ________ гадзiн".
(назва прадмета)
Намеснiк Мiнiстра А.М.ГАРНАК
|