ПАГАДНЕННЕ
ПАМIЖ УРАДАМ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I УРАДАМ
КАРАЛЕЎСТВА ШВЕЦЫЯ АБ ГАНДЛЁВЫХ АДНОСIНАХ *)
_____________________________
*) Уступiла ў сiлу 1 лiпеня 1994 г.
Урад Рэспублiкi Беларусь i Урад Каралеўства Швецыя, якiя ў
далейшым называюцца "Бакi",
жадаючы стварыць спрыяльныя ўмовы для гарманiчнага развiцця i
дыверсiфiкацыi двухбаковага гандлю i, такiм чынам, спрыяць
умацаванню ўзаемаразумення,
iмкнучыся i ў далейшым умацоўваць сяброўскiя адносiны памiж
дзвюма дзяржавамi,
iмкнучыся ствараць базу для развiцця i паглыблення гандлёвых
сувязей памiж грамадзянамi, кампанiямi i арганiзацыямi абедзвюх
дзяржаў,
прымаючы пад увагу абавязацельствы Швецыi як дагаворнага боку
Генеральнага пагаднення па тарыфах i гандлi (ГАТТ) i прызнаючы
намаганнi Рэспублiкi Беларусь прытрымлiвацца норм i правiлаў, якiя
агульнапрызнаны ў сiстэме мiжнароднага гандлю, уключаючы нормы i
правiлы ГАТТ,
усведамляючы важнасць поўнага ажыццяўлення ўсiх палажэнняў i
прынцыпаў працэсу НБСЕ, i, у прыватнасцi, тых, якiя выкладзены ў
Заключным Акце Нарады па бяспецы i супрацоўнiцтве ў Еўропе ў
Хельсiнкi i Канферэнцыi НБСЕ ў Боне па эканамiчным супрацоўнiцтве, а
таксама палажэнняў Парыжскай Хартыi для новай Еўропы,
ДАМОВIЛIСЯ АБ НIЖЭЙПАДАДЗЕНЫМ:
Артыкул 1
1. Бакi прадастаўляюць адзiн аднаму рэжым найбольшага спрыяння,
што азначае прадастаўленне таварам, якiя паходзяць з тэрыторыi або
экспартуюцца на тэрыторыю дзяржавы другога Боку, не менш спрыяльнага
рэжыму за той, што прадастаўлены такiм жа таварам, якiя паходзяць з
тэрыторыi або экспартуюцца на тэрыторыю любой трэцяй дзяржавы, ва
ўсiх пытаннях у тым, што датычыцца:
- мытных пошлiн i збораў, якiя прымяняюцца да iмпартуемых i
экспартуемых тавараў, уключаючы спосабы спагнання такiх пошлiн i
збораў,
- палажэнняў, якiя маюць дачыненне да мытнага афармлення,
транзiту, складзiравання i перагрузкi,
- падаткаў i любых iншых унутраных збораў, якiя прымяняюцца
прама або ўскосна да iмпартуемых i экспартуемых тавараў,
- спосабаў плацяжоў i пераводу такiх плацяжоў,
- правiлаў, якiя закранаюць пытаннi продажу, пакупкi,
транспарцiроўкi, размеркавання i выкарыстання тавараў на ўнутраным
рынку.
2. Кожны з Бакоў прадастаўляе таварам, якiя паходзяць з
тэрыторыi або экспартуюцца на тэрыторыю дзяржавы другога Боку,
недыскрымiнацыйны рэжым у адносiнах да прымянення колькасных
абмежаванняў, выдачы лiцэнзiй i ў адносiнах да палажэнняў, што
рэгулююць абарачэнне валюты, у тым лiку тых, якiя датычацца валютных
асiгнаванняў, што патрабуюцца для ўплаты па iмпарце.
3. Палажэннi параграфаў 1 i 2 не распаўсюджваюцца на:
а) перавагi, якiя прадастаўляюцца ў вынiку стварэння мытнага
саюза цi зоны свабоднага гандлю, або перавагi, прадастаўленыя з
мэтай стварэння такога саюза цi такой зоны,
б) перавагi, якiя любы з Бакоў прадастаўляе суседнiм дзяржавам
з мэтай садзейнiчання прыгранiчнаму гандлю,
в) перавагi, якiя прадастаўляюцца ў адпаведнасцi з Генеральным
пагадненнем па тарыфах i гандлi. Усеагульнай сiстэмай прэферэнцый i
iншымi мiжнароднымi дамоўленасцямi на карысць дзяржаў, якiя сталi на
шлях развiцця.
г) дзеяннi, якiя ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з Артыкулам 5
гэтага Пагаднення.
Артыкул 2
Бакi, з улiкам адпаведнага заканадаўства iх дзяржаў, згодны,
што гандаль памiж iх дзяржавамi ажыццяўляецца па рыначных цэнах i на
ўмовах, якiя не наносяць i не пагражаюць нанесцi значныя страты
вытворцам такога ж або непасрэдна канкурыруючага тавару. Плацяжы,
якiя адносяцца да такога гандлю, ажыццяўляюцца ў свабодна
канверсуемай валюце.
Бакi згодны з тым, што практыку бартэрнага гандлю належыць
разглядаць як часовую i выключную меру, i, што яны не будуць спрыяць
такой практыцы.
Артыкул 3
Бакi абавязуюцца прадаставiць суб`ектам гаспадарання дзвюх
дзяржаў вызваленне ад мытных пошлiн, а таксама падаткаў i iншых
збораў, якiя маюць эквiвалентнае дзеянне, i выдаваць лiцэнзii на
тавары, якiя часова знаходзяцца на iх тэрыторыi для рээкспарту цi ў
нязменным стане, цi пасля ўнутранай перапрацоўкi.
У прыватнасцi, кожны з Бакоў будзе дазваляць бяспошлiнны iмпарт
i рээкспарт тавараў, якiя прызначаны для мерапрыемстваў па
заахвочваннi гандлю, такiх, як кiрмашы, выставы, мiсii i семiнары на
сваёй тэрыторыi i на тэрыторыi другога Боку пры ўмове, што гэтыя
тавары не прызначаны для продажу або iншага роду рэалiзацыi.
Артыкул 4
Бакi прадастаўляюць адзiн аднаму ўсе законы i палажэннi, якiя
рэгулююць гандлёвую дзейнасць, уключаючы мытныя тарыфы i
фармальнасцi, iнвестыцыi, падаткаабкладанне, банкаўскую справу,
страхаванне i iншыя фiнансавыя паслугi, транспарт, умовы найму i
працы.
Бакi iнфармуюць адзiн аднаго аб любых зменах у iх тарыфнай або
статыстычнай наменклатуры, а таксама аб любым рашэннi, прынятым у
адпаведнасцi з працэдурамi, якiя ўжо ўступiлi ў сiлу i маюць
дачыненне да класiфiкацыi тавараў, што падпадаюць пад дзеянне гэтага
Пагаднення.
Артыкул 5
1. Бакi праводзяць узаемныя кансультацыi, калi якi-небудзь
тавар iмпартуецца на тэрыторыю дзяржавы аднаго з iх у такiх узросшых
колькасцях або на такiх ўмовах, якiя наносяць або пагражаюць нанесцi
злачныя страты ўнутраным вытворцам падобнага або непасрэдна
канкурыруючага тавару.
2. Бок, якi заяўляе аб значнай страце або аб пагрозе такой
страты, у пiсьмовай форме хадайнiчае аб правядзеннi кансультацый i
прадастаўляе другому Боку ўсю адпаведную iнфармацыю, якая неабходна
для дакладнага разгляду сiтуацыi.
3. Кансультацыi, запрошаныя ў адпаведнасцi з параграфам 1
гэтага Артыкула, праводзяцца з мэтай пошуку ўзаемапрымальных
рашэнняў i з належным улiкам асноўных мэт гэтага Пагаднення; яны
завяршаюцца не пазней, чым праз 30 дзён, лiчачы з дня хадайнiцтва
зацiкаўленага Боку, калi Бакi не дамовяцца аб iншым.
4. Калi, у вынiку такiх кансультацый, Бакi прыходзяць да згоды
ў тым, што сiтуацыя, зазначаная ў параграфе 1 гэтага Артыкула, мае
месца, з мэтай прадухiлення або пакрыцця страт будзе абмяжоўвацца
экспарт тавару або будуць прымацца iншыя меры, магчыма, у адносiнах
да цаны рэалiзацыi гэтага тавару.
5. Калi, з iншага боку, Бакi не могуць прыйсцi да згоды адносна
прыняцця мер, каб пазбегнуць сiтуацыi, што склалася, Бок, якi
хадайнiчаў аб правядзеннi кансультацый, мае права абмежаваць iмпарт
адпаведнага тавару ў такой меры i на такi тэрмiн, якiя неабходны для
прадухiлення або пакрыцця страты. Другi Бок будзе вызваляцца ад
выканання сваiх абавязацельстваў у адносiнах да першага Боку ў тым,
што датычыцца iстотна эквiвалентнага гандлю.
6. У крытычных абставiнах, калi прамаруджванне ў прыняццi
адпаведных мер можа нанесцi страту, якую будзе цяжка пакрыць, такiя
прэвентыўныя або ахоўныя меры могуць быць прыняты да правядзення
кансультацый пры ўмове, што Бок, якi прыняў такiя меры, неадкладна
пiсьмова праiнфармуе аб гэтым другi Бок, а таксама пры ўмове, што
кансультацыi будуць распачаты пасля гэтага неадкладна.
7. Пры выбары мер, якiя зазначаны ў гэтым Артыкуле, Бакi
надаюць перавагу тым мерам, што нанясуць найменшую страту дзеянню
гэтага Пагаднення.
8. Пры неабходнасцi Бакi могуць правесцi кансультацыi для
вызначэння тэрмiну спынення дзеяння мер, прынятых у адпаведнасцi з
гэтым Артыкулам.
Артыкул 6
1. Гэта Пагадненне не перашкаджае прыняццю кожным з Бакоў мер,
якiя ён лiчыць апраўданымi па меркаваннях грамадскай маралi,
правапарадку цi грамадскай бяспекi, аховы жыцця i здароўя людзей,
жывёл або раслiн, аховы iнтэлектуальнай уласнасцi або правiлаў, што
датычацца аперацый з золатам i серабром, або прынятых для аховы
нацыянальных багаццяў, якiя ўяўляюць мастацкую, гiстарычную цi
археалагiчную каштоўнасць.
Такiя забароны i абмежаваннi не павiнны, аднак, станавiцца
сродкам адвольнай дыскрымiнацыi або ўтоеным абмежаваннем гандлю
памiж дзвюма дзяржавамi.
2. Гэта Пагадненне не перашкаджае прыняццю мер, апраўданых па
меркаваннях аховы асаблiвых або важнейшых iнтарэсаў бяспекi,
уключаючы меры:
а) што адносяцца да расшчапляемых матэрыялаў або матэрыялаў, з
якiх яны атрыманы;
б) што адносяцца да гандлю зброяй, боепрыпасамi i матэрыяламi
ваеннага прызначэння i да падобнага роду гандлю iншымi таварамi i
матэрыяламi, якi будзе ажыццяўляцца прама або ўскосна з мэтай
забеспячэння ваенных структур;
в) што прыняты ў час вайны або iншай надзвычайнай сiтуацыi ў
мiжнародных адносiнах цi што дазваляюць выканаць абавязацельствы,
якiя прыняты ў сувязi з падтрыманнем мiжнароднага мiру i бяспекi.
Артыкул 7
1. Бакi супрацоўнiчаюць з мэтай паступовага ўдасканалення
ўзаемнай недыскрымiнацыйнай аховы правоў iнтэлектуальнай уласнасцi,
уключаючы меры па прадастаўленнi i рэалiзацыi такiх правоў. Памiж
Бакамi будуць распрацаваны правiлы, якiя маюць дачыненне да аховы
правоў iнтэлектуальнай уласнасцi з мэтай забеспячэння ўзроўню аховы,
падобнага да таго, якi пераважае ў дзяржавах-членах Еўрапейскага
Супольнiцтва i Еўрапейскай Асацыяцыi Вольнага Гандлю.
2. У адносiнах да параграфа 1 гэтага Артыкула правы
iнтэлектуальнай уласнасцi ўключаюць, у прыватнасцi, ахову аўтарскiх
правоў, у тым лiку на камп`ютэрныя праграмы, базы даных, а таксама
на сумежныя з iмi правы; гандлёвых марак i назваў; геаграфiчных
найменняў; прамысловых узораў; патэнтаў, тапаграфiй iнтэгральных
схем, а таксама нераскрытай iнфармацыi па ноу-хау.
Артыкул 8
Грамадзянам i юрыдычным асобам любой з дзяржаў на тэрыторыi
другой дзяржавы прадастаўляецца нацыянальны рэжым у адносiнах да
доступу да ўсiх судоў i адмiнiстрацыйных органаў, роўна, як i да
справаводства ў iх, для выступлення ў якасцi iстцоў, адказчыкаў або
iншым чынам у сувязi з камерцыйнымi здзелкамi.
Артыкул 9
Бакi павiнны прымаць усе неабходныя меры для забеспячэння
дасягнення мэт гэтага Пагаднення i для выканання абавязацельстваў па
Пагадненнi.
Выкананне гэтага пагаднення кантралюецца шляхам, узгодненым
памiж Бакамi.
Кожны з Бакоў можа ў любы час хадайнiчаць аб правядзеннi
кансультацый па выкананнi гэтага Пагаднення.
Артыкул 10
Бакi абавязуюцца разглядаць, наколькi гэта дазваляюць
абставiны, развiццё палажэнняў гэтага Пагаднення, уключаючы
сiтуацыю, якая можа ўзнiкнуць у вынiку далучэння Рэспублiкi Беларусь
да Генеральнага пагаднення па тарыфах i гандлi.
Артыкул 11
Гэта Пагадненне ўступае ў сiлу ў першы дзень месяца, што
настане за месяцам, на працягу якога Бакi паведамяць адзiн аднаму па
дыпламатычных каналах аб тым, што канстытуцыйныя патрабаваннi дзвюх
дзяржаў для ўступлення ў сiлу гэтага Пагаднення выкананы.
Бакi могуць уносiць у гэта Пагадненне дапаўненнi або папраўкi i
дадаткова распрацоўваць асобныя яго палажэннi для ўлiку новых
абставiн. Усе такiя дапаўненнi i папраўкi павiнны быць зроблены ў
пiсьмовай форме.
Артыкул 12
Кожны з Бакоў можа дэнансаваць гэта Пагадненне шляхам
пiсьмовага паведамлення другому Боку па дыпламатычных каналах.
Пагадненне лiчыцца страцiўшым сiлу па сканчэннi шасцi месяцаў,
лiчачы з дня, калi такое паведамленне было атрымана другiм Бокам.
Здзейснена ў г.Мiнску 10 сакавiка 1994 г., у двух экзэмплярах
на беларускай, швецкай i англiйскай мовах, усе тры тэксты маюць
аднолькавую сiлу. У выпадку любога разыходжання ў тлумачэннi
палажэнняў гэтага Пагаднення пераважае тэкст на англiйскай мове.
За Урад Рэспублiкi Беларусь ______________ подпiс
За Урад Каралеўства Швецыя ______________ подпiс
<<< Главная
страница | < Назад
|